Вайна не дае пра сябе забываць. Там, куды яна абрынулася 22 чэрвеня 41-га, у Брэсце, зноў знайшлі сляды невядомых ахвяр жудаснай навалы.
У самым цэнтры горада, у квадраце, абмежаваным кварталамі вуліц Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекта Машэрава знеслі старыя баракі і пачалі рыхтаваць пляцоўку да ўзвядзення прэміум-квартала. Паводле праекта, тут павінен быў вельмі хутка вырасці чатырохпавярховы дом са шматфункцыянальным комплексам, з пляцоўкамі для адпачынку і паркоўкамі. А калі будаўнікі сталі капаць катлаван, знайшлі чалавечыя астанкі.
На гэтым месцы ў 1941—1942 гадах знаходзілася яўрэйскае гета. Большасць яго вязняў вывезлі і забілі ва ўрочышчы Бронная Гара. Але некаторых, відавочна, расстрэльвалі і тут. Магчыма, людзі паміралі ад хвароб і нястачы. Іх хавалі побач.
На будаўнічую пляцоўку прыбылі байцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальё-
на. На глыбіні больш за метр пошукавікі знаходзяць рэшткі адзення і абутку, асабістыя рэчы. «Няма сумнення, што гаворка ідзе аб агульнай магіле прадстаўнікоў мірнага насельніцтва. Хоць у архівах звестак аб масавых расстрэлах менавіта ў гэтым месцы не знойдзена», — паведаміла Ала Кондак, вядучы спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама. Але ж архівы — гэта адно, а рэальныя сведчанні-знаходкі — іншае.
Будаўніцтва часова прыпыненае. Інвестар ТАА «Прыбужскі квартал» аказвае спрыянне пошукаваму атраду.
Пакуль вядуцца раскопкі, лёс інвестпраекта вырашаецца. Магчыма, ён будзе скарэктаваны, а магчыма, скасаваны зусім, і на месцы масавага пахавання з'явіцца сквер. У гарвыканкаме пакуль не даюць адназначнага адказу на пытанне. Многае, відавочна, будзе залежаць ад таго, што і ў якой колькасці знойдуць спецыялісты на месцы раскопак.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».