Вы тут

«Магу пераблытаць людзей, а дэльфінаў — ніколі!»


Як становяцца дрэсіроўшчыкамі гэтых жывёл.

«Мы з табой адной крыві» — менавіта такі дэвіз выкарыстоўвае і ў жыцці, і на працы Яўген Фішчук. Ужо дзевяць гадоў ён займаецца выхаваннем дэльфінаў і іншых млекакормячых. Работа ў дэльфінарыі «Нэма» для яго не толькі спосаб заробку, але і хобі, і нават сям'я.


— Дрэсіроўшчык дэльфінаў — даволі рэдкая прафесія. Як вы трапілі ў яе?

— Зусім выпадкова. У мяне ў жыцці ўсё было распланавана гадоў на трыццаць наперад. І тут я неяк схадзіў у дэльфінарый. На наступны дзень кінуў сваю ранейшую работу, з'явіўся ў дэльфінарыі і сказаў: «Я прыйшоў да вас». Вядома, да мяне спачатку сур'ёзна ніхто не ставіўся, таму прыйшлося даказваць, што я ім патрэбны.

У мяне дзве адукацыі, але ні адна не мае нічога агульнага з дэльфінамі. Першая была музычная, другая аграрная — жывёлавод-селекцыянер. Усе здзіўляліся, калі я пайшоў са «служыцеляў муз» у жывёлаводы. А ў выніку знайшоў месца, дзе ў мяне ёсць і сцэна, і жывёлы.

— Як знаходзілі агульную мову з падапечнымі?

— У мяне ў «падпарадкаванні» ёсць дэльфіны, марскі коцік, марскі леў. Каб знайсці агульную мову, для пачатку трэба тры разы прачытаць «Маўглі» Рэд'ярда Кіплінга, вывучыць фразу «мы з табой адной крыві», тады кантакт наладзіць будзе значна лягчэй.

— Дэльфіны ж не чуюць голасу...

— У кожнага трэнера ёсць свісток, яго жывёлы чуюць нават пад вадой. Таксама дэльфіны выдатна разумеюць жэсты. Калі трэба паказаць ім нейкае месца ў прасторы, мы выкарыстоўваем доўгі шост. У астатнім метады стасункаў — гэта прафесійны сакрэт, які перадаецца ад трэнера да вучня.

— Як жывёлы трапляюць да вас?

— Прыходзіць кіраўніцтва і кажа: «Вось табе звер, рабі з яго «зорку»! (Смяецца.) На самай справе яны паступаюць не ў дэльфінарыі, бо тут няма сэнсу трымаць непадрыхтаваных жывёл, а напачатку — на тры падрыхтоўчыя базы ў краіне. Існуюць спецыяльныя школы, дзе дэльфіны праходзяць так званы курс маладога байца, сацыялізацыю, а потым ужо напалову падрыхтаваных жывёл адпраўляюць па шматлікіх дзеючых дэльфінарыях.

— Дрэсіроўка — творчы працэс...

— Графік у нас абсалютна ненармаваны, дакладнага раскладу няма. Мая работа, як вы і сказалі, — гэта творчы працэс. Для таго каб дасягнуць сапраўды добрых вынікаў, трэба, каб настрой быў добры і ў трэнера, і ў падапечных. Калі я прыйду ў дэльфінарый з вачыма, якія гараць, і неверагодным жаданнем працаваць, а жывёла ў гэты дзень не настроена на тое ж самае, то біцца бессэнсоўна. А вось калі я бачу, што ў яе добры і творчы настрой, то магу прапанаваць вывучыць новыя трукі. Прымушаць іх не трэба. У дэльфінаў дакладнае разуменне: двухногія — гэта весялосць, яны даюць магчымасць пацешыцца.
І не трэба разбураць гэта іх уяўленне пра нас.

— Раскажыце крыху пра вашых падапечных. Ці раўнуюць яны вас адзін да аднаго?

— Дэльфіны да марскіх ластаногіх ставяцца спакойна, асаблівай рэўнасці не заўважаў, а вось паміж сабой яны, цалкам магчыма, могуць думаць: «Гэта мой двухногі». (Смяецца.) У нас жыве тры дэльфіны: Геркулес, Х'юга, Віта. Геркулес — альфа-самец, лідар, яшчэ ён вельмі адказны, усё робіць «ад» і «да». Калі ў яго настрой працаваць, а двое іншых не хочуць, то Гера ўсё роўна настойвае на сваім. Х'юга ў нас самы малодшы, жвавы і цікаўны. А яшчэ ён любіць вучыцца нечаму новаму. Віта адзіная дзяўчынка. З дзяўчаткамі-дэльфінамі звычайна крыху больш складана. Яны стварэнні легкадумныя і капрызлівыя, любяць увагу, лёгка і хутка крыўдзяцца.

— Усе трукі — гэта заслуга трэнера?

— Ёсць базавыя нумары, абавязковыя ў праграме. Нейкія больш складаныя дзеянні з'яўляюцца самі сабой. Ёсць тры прыёмы: першы — гэта калі трэнеру «стукнула» ў галаву, другі — глядзім нумары з дэльфінарыяў з іншых краін і спрабуем паўтарыць, а трэці варыянт — самая лянівая методыка. Гэта калі жывёлы выдумляюць нумары, а ты стаіш і хваліш іх. (Смяецца.)

— Што самае складанае ў рабоце?

— Калі цябе не слухаюцца. Калі трэба растлумачыць, што ты не галоўны, а кампаньён. У такія моманты трэба сабрацца, узяць сябе ў рукі і знайсці кампраміс.

— Ці адбіваецца ваш занятак на будзённым жыцці?

— Пакуль я нечаму вучу жывёл, яны таксама вучаць мяне. Я веру, што за гэтыя гады вельмі моцна змяніўся. А што датычыцца сям'і, то мяне падтрымліваюць у маёй справе. Дарэчы, жонка — трэнер марскіх млекакормячых, таму мы адно аднаго выдатна разумеем.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».