Вы тут

Дзе ж ты ходзіш, мужчына, той сапраўдны палкоўнік?


Нехта скажа, во, яшчэ і 8 Сакавіка не хутка, а яна ўжо пра заляцанкі-любошчы завяла. Не, тут не рамантычны сакавік, тут зусім другая нагода. Нядаўна калега Алена Ляўковіч напісала, як мужыкі з Брэстчыны далі сябе аблапошыць, лічы, ні за грош... І вось вам — наш жаночы адказ Чэмберлену. Кабета, ну зусім па-дурному, папалася ў сеткі віртуальных аферыстаў. Цікава? Дык слухайце.


Фота: goodhouse.ru

Жыла-была ў даволі вялікім горадзе жанчына. На пенсіі ўжо, але ж ніхто не дасць ёй яе шасцідзесяці. Сябе заўсёды даглядала, фігура ў парадку, да здаровага ладу жыцця сябе прывучыла з маладосці. Чаго не хапала, дык гэта хіба толькі крышачку шчасця ў жыцці. Ну, яго хочацца ўсім і заўсёды. На серыялы цяпер у яе часу хапае, а там, як правіла, гераіня знаходзіць у фінале свайго рыцара: моцнага, надзейнага, багатага. У свядомасці яно неяк паціху адкладваецца, што шчасце магчымае, трэба толькі верыць, чакаць.

Вось і чакала, тым часам у сацыяльных сетках вяла актыўную перапіску. Аднойчы ў «Аднакласніках» пазнаёмілася з высокапастаўленым чынам амерыканскай арміі. Ёй напісаў ні мала ні многа — генерал узброеных сіл ЗША. Напісаў, праўда, праз гугл-перакладчык. І такім рамантыкам у душы ён аказаўся, такія ўзнёслыя словы пра каханне і чаканне сустрэчы гаварыў... Сустрэча адкладвалася, таму што бравы генерал, як аказалася, ваюе ў Сірыі, чакае толькі заканчэння кантракта, каб кінуць усё к чорту ды рушыць у невядомую Беларусь да прыгожай жанчыны. І як высветлілася, яму да завяршэння таго самага кантракта яшчэ і не плацяць.

Вось тут бы ёй і задумацца, што выглядае крыху дзіўна, калі генерал арміі самай магутнай у свеце краіны, да таго ж знаходзячыся на вайсковай аперацыі ў «гарачай кропцы», не мае трохсот долараў на дробныя расходы. Але яна ўжо не задумвалася, яна слала і 300, і 400, і тысячу. А калі свае зберажэнні скончыліся, пазычыла ў брата. Праўда, брат не проста так пазычыў, а пасля таго, як сястра адпісала яму сваю кватэру. Тады ёй усё здавалася драбязой. І навошта нейкая малагабарытная двухпакаёўка ў беларускім горадзе амерыканскай генералісе?

Усяго яна перавяла каля 13 тысяч долараў аферыстам, якія пацешыліся з адзінокай жанчыны. Потым і заяву ў міліцыю напісала, але знайсці іх цяпер наўрад ці магчыма. Перапіска вялася з падробных старонак. Можа, віртуальныя зладзеі сядзелі на суседняй вуліцы, а можа, дзейнічалі дзе-небудзь з Новай Зеландыі. У інтэрнэту, як вядома, межаў няма.

А нашай гераіні застаецца сядзець і наракаць на сваю неабачлівасць. Зразумела, што гэтыя аферысты добрыя псіхолагі і ўмеюць намацаць самае ўразлівае месца ў душы чалавека ды падчапіць на кручок сваёй выгады. Але ж усё роўна дзіўна, як сталая жанчына ні разу не паспрабавала ўключыць мазгі. Ну хоць бы палкоўнікам назваўся, а то адразу генералам. А ёй нібы бальзам на душу. Зусім як у любімых серыялах: прыехаў у форме на замежным бліскучым аўтамабілі тысяч за сто долараў і памчаў насустрач новаму жыццю на зайздрасць бурклівым сяброўкам, вечна незадаволеным сваякам ды розным нядобразычліўцам.

А вось цяпер яны яхідна пасмяюцца, папытаюць, ці не чула яна песню з рэпертуару Пугачовай пра сапраўднага палкоўніка, які даму сэрца частаваў каньяком у рэстаране за яе кошт. Ды што ўжо гаварыць. Мне асабіста шкада стала гэтую жанчыну, калі прачытала пра радавы з пункту гледжання праваахоўнікаў выпадак у міліцэйскай зводцы. Там жа, дарэчы, была інфармацыя пра дзяўчыну, якая за абяцаны бясплатны мабільнік паслала сваё фота, дзе яна аголеная да пояса. Натуральна, з дзеўкі сталі патрабаваць грошы. І ўсё гэта зусім не смешна. Бо калі нашы людзі такія безабаронныя ў сваёй даверлівасці нейкаму там віртуальнаму суразмоўніку, то напрошваецца думка, што такімі людзьмі вельмі лёгка маніпуляваць. Таго, хто не прывык думаць альбо, як цяпер модна выказвацца, не замарочваецца, каб паварушыць звілінамі, заўсёды лёгка схіліць на свой бок. А яшчэ смяяліся, калі аднойчы вядомы палітык суседняй краіны у перадвыбарным запале агучыў лозунг: «Кожнай бабе — па мужыку». Інакш кажучы: «Людзям трэба гаварыць тое, што яны хочуць чуць», — так вучыла ўжо памянёная сёння Ала Барысаўна. І некаторыя не без поспеху гавораць прыемнае людзям за іх, людзей, грошы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?