Вы тут

9 лютага адбудзецца зімовае спартыўнае свята «Мінская лыжня»


На лыжаролернай трасе ў мікрараёне «Вяснянка».

Плануецца, што ўдзел у ім прыме больш за 3 тысячы чалавек. Гэта будзе не толькі лыжная гонка, як раней, а яшчэ і біятлонная. Першы старт запланаваны на 11.00, у гэты час пачнецца біятлонная эстафетная гонка 4 па 3,6 км сярод камандаў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Вярхоўнага Суда, Канстытуцыйнага Суда, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і камандаў аматараў.


Далей адбудзецца біятлонная гонка з масавым стартам сярод жанчын на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На лыжню выйдуць і каманды вышэйшых навучальных устаноў (з ліку студэнтаў), а завершаць вялікае спартыўнае свята масавыя старты ў лыжных гонках на 2,5 км.

«Зіма ў нас асацыюецца з некалькімі відамі спорту. Гэта хакей, біятлон, фрыстайл, лыжныя гонкі. Але найбольш папулярны, вядома ж, біятлон. Таму было прынята рашэнне акцэнты зрабіць на гэты від спорту. Плюс яшчэ масавасць: чым больш людзей будзе займацца, тым больш спартсменаў у нас на нашай пірамідзе павінна быць. «Мінская лыжня» — ужо традыцыйнае свята. Яно праводзіцца з году ў год. І трэба ўнесці нейкую цікавінку, нешта новае. Сёлета будзе цудоўнае свята», — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей КАВАЛЬЧУК.

Пераможцы і прызёры ў эстафетах вызначаюцца па найменшым часе, затрачаным на праходжанне дыстанцыі чатырма ўдзельнікамі. Яны будуць узнагароджаны медалямі, прызамі, каманды-пераможцы і прызёры — кубкамі. А ўсе ўдзельнікі, якія прыйшлі да фінішу, атрымаюць памятныя медалі.

Падчас спаборніцтваў будзе арганізаваны выязны гандаль, у тым ліку адкрыюцца пункты гарачага харчавання. Балельшчыкаў, якія жадаюць падтрымаць сваіх сяброў і блізкіх на трасе, чакае культурна-забаўляльная праграма, прадугледжана некалькі актыўных зон.

У сувязі з правядзеннем свята ў перыяд з 9.00 да 17.30 будзе павялічана колькасць рухомага саставу на аўтобусных маршрутах № 1 і № 133, арганізавана работа часовага тралейбуснага маршрута № 10Д «ДС Вяснянка — ст. м. Пушкінская».

Адзначым, што ўпершыню «Мінская лыжня» прайшла 16 лютага 1986 года, калі быў арганізаваны лыжны прабег на 15 км па маршруце Баравая — Раўбічы ўздоўж аўтамабільнай трасы Мінск — Віцебск. У ім узялі ўдзел 12 тысяч аматараў гэтага віду спорту. З 2003 года па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму з'явілася рэспубліканскае спартыўнае свята «Беларуская лыжня». Ініцыятыва прыжылася, і па прыкладзе сталіцы падобныя старты праходзяць зараз і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».