Вы тут

«Кожны восьмы карабель плавае на нашых прысадках»*


Унікальнасцю многіх айчынных прадпрыемстваў зараз нікога не здзівіш. Але высокі прафесіяналізм гэтага калектыву не можа не радаваць. Карэспандэнты «Звязды» гутараць з генеральным дырэктарам СТАА «ЛЛК-Нафтан» Андрэем ЗВАНЦОВЫМ.


Знаёмім з суразмоўнікам

Нарадзіўся Андрэй Аляксандравіч у Полацку. З адзнакай скончыў Наваполацкі палітэхнікум, пазней завочна — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

Працоўную біяграфію пачынаў на «Нафтане» аператарам у цэху па вытворчасці сульфанатных прысадак. Калі цэх перадаў свае функцыі «ЛЛК-Нафтану», працягваў займацца любімай справай тут. Прыступкі кар'ернай лесвіцы вялі толькі ўверх — інжынер-тэхнолаг у цэху, затым у аддзеле галоўнага тэхнолага і вытворча-дыспетчарскім падраздзяленні. Працаваў начальнікам сектара развіцця тэхналогіі, намеснікам начальніка і начальнікам аддзела інавацыйнага развіцця. З гэтай пасады, з улікам шматграннага досведу работы на стратэгічных кірунках, пасля пераезду папярэдняга кіраўніка Міхаіла Алегавіча Бабушкіна на работу ў Маскву быў прызначаны генеральным дырэктарам СТАА «ЛЛК-Нафтан».

Жанаты, бацька дзвюх дачок.

— Андрэй Аляксандравіч, сёння ваша прадпрыемства па-ранейшаму адзін з самых буйных вытворцаў прысадак на тэрыторыі былога Саюза?

— Так, на тэрыторыі СНД мы і самы буйны вытворца, і выпускаем найбольш шырокі спектр гэтай прадукцыі. Наша перавага ў тым, што вырабляем комплекс прысадак, у нашым пакеце да дзесяці відаў. Таму што іх функцыі адрозніваюцца — у маслах патрэбна нейтралізаваць прадукты згарання, змыць іх, зняць тэмпературу з паверхні поршняў, масла не павінна акісляцца ў працэсе эксплуатацыі і гэтак далей. Само масла павінна працаваць доўга, мець сур'ёзны рэсурс — гэтыя ўласцівасці якраз і забяспечвае комплекс прысадак.

Апе­ра­тар­ная цэ­ха № 3.

— Мяняецца клімат, і тэхніка рэагуе на гэта. Мяняюцца сама тэхніка, рухавікі. Ці мяняюцца прысадкі?

— Мяняюцца, ва ўсім свеце. Калі параўнаць тэхналогіі вытворчасці 70-х гадоў і сучасныя, то бачна, што перамены адбыліся вельмі значныя. Умовы, у якіх зараз працуюць рухавікі, сталі больш жорсткія. Растуць хуткасці, нагрузкі на машыны, тэмпературы ў самім рухавіку. Значыць, іншая якасць патрабуецца і ад масла. І ўсе прысадачныя прадпрыемствы пастаянна займаюцца абнаўленнем сваіх тэхналогій. Тут нельга спыняцца.

На жаль, з распадам СССР айчынная прысадачная навука, што падтрымлівала прадпрыемствы, загінула: закрыўся спецыялізаваны УкрНДІ НП «МАСМА» ў Кіеве, закрыліся лабараторыі, што займаліся прысадкамі ў Інстытуце імя Губкіна і ў УНДІ ў Маскве.

Зразумела, што ў гэтых умовах няпроста на роўных канкурыраваць з сусветнымі прысадачнымі кампаніямі-монстрамі, якія маюць мільённыя бюджэты на навуку і старанна захоўваюць вынікі сваіх даследаванняў і ноу-хау, як гарантыю паспяховага існавання ў хісткай раўнавазе сусветнага бізнесу прысадак да змазачных маслаў. У гэтай няпростай сітуацыі мы імкнёмся ствараць умовы і выкарыстоўваць усе магчымасці для забеспячэння запатрабаванасці нашай прадукцыі.

Наша прадпрыемства, творча выкарыстоўваючы і ўдасканальваючы існуючыя, «абкатаныя» тэхналогіі, стварае новыя, шматабяцальныя кампазіцыі і пакеты прысадак, каб забяспечыць доўгатэрміновую перспектыву свайму прадукту. Маючы на ўвазе ўсю разнастайнасць рухавікоў для сучасных аўтамабіляў, скажам, што для кожнага з іх патрабуецца надзвычай якаснае масла, са сваімі ўласцівасцямі.

— Але вы займаецеся і вытворчасцю прысадак для карабельных рухавікоў, у тым ліку і для так званых тронкавых матораў. Гэта адзін з вашых найбольш выгадных праектаў?

— Распрацавалі такую прысадку сумесна з адной з даччыных фірмаў «Лукойла». Нармальна прайшлі выпрабаванні, праводзіліся яны ў рабочай абстаноўцы, на судне, у прысутнасці і з удзелам прадстаўнікоў нашай партнёрскай арганізацыі. Гэтая прысадка для суднавых маслаў стала эталонам, на які ўсе раўняюцца і нават спрабуюць капіраваць, што не так проста. Зараз па ліцэнзійным пагадненні мы прадаём яе «Лукойл Марын Лубрыканд», яны займаюцца суднавай тэмай. «Лукойл Марын» трымае 10 працэнтаў сусветнага рынку маслаў для суднаў.

І яшчэ адзін цікавы факт: кожнае восьмае судна ў свеце запраўлена масламі з прымяненнем прысадак «ЛЛК-Нафтан».

Вы пытаецеся пра канкурэнцыю. Канкурэнцыя ёсць ва ўсім, у тым ліку і ў нашым сегменце рынку. Яна прымушае не стаяць на месцы, аналізаваць свой рынак. Даводзіцца пастаянна працаваць, каб суадносіны «якасць — цана» былі для шырокага спажыўца больш прымальнымі, чым у канкурэнтаў. І ў сваёй нішы адчуваем сябе дастаткова спакойна, павялічваем аб'ёмы вытворчасці. З кожным годам колькасць пакупнікоў расце, геаграфія продажу пашыраецца. Зараз пастаўляем прадукцыю больш чым у 40 краін свету.

На­мес­нік  ге­не­раль­на­га  ды­рэк­та­ра  Ле­а­нід БУ­ЛА­ЕЎ.

— Назавіце, калі ласка, лічбы, якія характарызуюць дынаміку вытворчасці.

— У 2015 годзе мы выпусцілі 20 тысяч тон прадукцыі. Пастаўлена задача ў 2020 годзе выйсці на 40 тысяч. Мы кожны год рэалізуем шэраг інвестыцыйных праектаў, якія дазваляюць нам паступова нарошчваць магутнасці. Па меры таго, як уводзіліся новыя магутнасці, яны адразу загружаліся. Каб нарасціць «мускулы» амаль напалову, уводзілі новае больш прадукцыйнае абсталяванне, галоўным чынам расійскай вытворчасці, ці нямецкае, наогул еўрапейскае, вядомых вытворцаў — сепаратары, дэкантары... Павялічылі колькасць гэтых машын, бо бачылі, што ў перспектыве іх можа не хапіць. Мы рухаліся як бы прыступкамі.

Аптымізавалі тэхналагічныя працэсы. У прыватнасці, дабіліся, каб не было тэхналагічнага прастою. І паставілі перад сабой мэту далейшай аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Укараненне аўтаматызацыі становіцца адным з прыярытэтаў, і прысутнічае амаль ва ўсіх праектах.

Вы­зна­чэн­нем аб'­ём­най  част­кі асад­каў за­ня­ты  ін­жы­нер-тэх­но­лаг  Дзміт­рый ДАБ­РА­ВОЛЬ­СКІ.

— А што ўвогуле прадугледжвае інвестыцыйны план?

— Яго першы раздзел — інвестыцыі ў павышэнне прадукцыйнасці. Другі — у павышэнне якасці прадукцыі. Трэці раздзел — комплекс мер па прамысловай і экалагічнай бяспецы. Яшчэ і таму, што нарматыўныя патрабаванні становяцца больш жорсткімі. Каб не займацца пералікам, скажу, што інвестыцыйны план прадугледжвае комплексны падыход да рэалізацыі кожнага праекта, у тым ліку дастатковае фінансавае забеспячэнне.

Мовай лічбаў

Летась выраблена і прададзена прыкладна 33 тысячы тон прадукцыі, што на 17 %
больш за ўзровень 2017 года.

На рэалізацыю інвестыцыйных праграм у 2018 годзе было накіравана прыкладна тры мільёны долараў.

Прыбытак атрыманы на тры працэнты большы, чым за папярэдні перыяд.

— І абнаўляцца вам даводзіцца ва ўмовах дзеючай вытворчасці...

— У гэтым якраз і складанасць, асабліва калі ўлічыць, што працуем кругласутачна. Зноў жа дзейнічаем паэтапна, разлічваем кожны крок. Пад новае абсталяванне будаўнікі заліваюць фундаменты побач з дзеючым, таксама загадзя рыхтуюцца трубныя абвязкі, і калі наступае час уразацца ў вытворчы ланцужок, спыняем цэх на дзень-два. Звычайна гэтага хапае для перападключэння, бо падрадная арганізацыя прыводзіць на аб'ект дастатковыя сілы.

Вы­со­кую якасць пра­дук­цыі  за­бяс­печ­ва­юць ква­лі­фі­ка­ва­ныя спе­цы­я­ліс­ты, ся­род якіх апе­ра­тар Аляк­сандр АР­ЛОЎ.

— Адна з пастаянных тэндэнцый рынка — рост якасці. У вас на гэтым стратэгічным кірунку працуе тэхналагічная лабараторыя.

— Яна цудоўна аснашчана, што дазваляе сумесна з нашымі фундатарамі і пастаяннымі дзелавымі партнёрамі з LLK-Іntеrnаtіоnаl працаваць над удасканаленнем тэхналогій. Можна сказаць, што наша лабараторыя мае ўсё для таго, каб кампенсаваць прадпрыемству функцыі былой галіновай прысадачнай навукі. Прыцягваем і старонніх навукоўцаў, і спецыялістаў, часцей расіян.

Спецыялісты лабараторыі таксама ажыццяўляюць строгі ўваходны кантроль сыравіны і паэтапны кантроль вытворчага працэсу. У выніку маем сертыфікаты на сістэму кіравання якасцю, на кіраванне навакольным асяроддзем — сучасныя, абноўленыя версіі. І на ўсю прадукцыю, на ўсе яе віды.

Стар­шы апе­ра­тар Вік­тар ГО­ВА­РАЎ —  спе­цы­я­ліст з вя­лі­кім во­пы­там.

У чым сутнасць бізнесу

Экспрэс-інтэрв'ю з Леанідам  БУЛАЕВЫМ, намеснікам генеральнага дырэктара.

— Вы адказваеце за вытворчасць. Што самае складанае ў вытворчасці?

— Тэхналогія. Гэта глыбокая навука. Захаванне тэхналогіі важней за ўсё. А затым — людзі. Калі пачыналі з імі працаваць, было няпроста. А калі яны зразумелі, што ад іх патрабуецца і як яны павінны працаваць, тады ўсё стала на сваё месца. Сёння ў нас калектыў, з якім прыемна мець справу.

У сваёй рабоце абапіраюся на начальнікаў цэхаў. Ды і на аператараў таксама, бо гэта дасведчаныя людзі. У іх ёсць тэхналагічная карта, у якой закладзены параметры працэсу, і на экране камп'ютара аператар бачыць, наколькі дакладна яны выконваюцца.

— А што самае радаснае для вас?

— Калі пачынаеш нейкую новую справу, і яна атрымліваецца. Мяне асабіста зараз больш за ўсё радуе, што мы ў сваёй рабоце па паказчыках якасці прадукцыі ўшчыльную наблізіліся да ўзроўню эталонных, скажам так, фірмаў-гігантаў, якія даўно і ўстойліва дыктуюць надвор'е на знешніх рынках. Такіх як амерыканскі Lubrіzоl, напрыклад.

Тэхналогіі не мяняюцца, а ўдасканальваюцца, — працягвае Леанід Мікалаевіч. — Агульная тэхналогія застаецца, і ўся справа ў наватарскім, творчым падборы інгрэдыентаў, якія прыдадуць прадукту патрэбныя ўласцівасці. Арыгінальную тэхналогію не купіш, яе патрэбна «выпакутаваць». Так што сутнасць бізнесу нашага калектыву — пастаяннае развіццё.

...Перад Новым годам кіраўнік урада ўручыў Леаніду Булаеву медаль «За працоўныя заслугі». Развітваючыся, мы пажадалі Леаніду Мікалаевічу, каб узнагарода была не апошняй.

Перадавікі і наватары вытворчасці

  • Л. М. Булаеў, намеснік генеральнага дырэктара па вытворчых і тэхнічных пытаннях;
  • В. Н. Краўчанка, аператар цэха № 3;
  • Н. П. Шыпіла, аператар цэха № 2;
  • В. Б. Зяленскі, аператар цэха № 2;
  • А. А. Ярашэнка, інжынер-тэхнолаг;
  • В. М. Якубяк, вядучы інжынер па новых тэхналогіях;
  • К. П. Антух, інжынер-тэхнолаг;
  • А. Т. Пылькіна, аператар ТСУ;
  • В. Е. Гавяза, старшы аператар цэха № 2;
  • А. В. Янтурын, прыбарыст службы КВПіА;
  • П. Ю. Корбут, начальнік ЭЭУ;
  • С. В. Каралёва, вядучы бухгалтар;
  • В. В. Мацюшонак, інжынер-праграміст;
  • А. Л. Коршун, намеснік начальніка вытворчасці;
  • А. Д. Зязюля, трактарыст.

У дырэкцыі прадпрыемства зазначылі: гэты спіс можна прадаўжаць. Што мы наступным разам і зробім.

Ад рэдакцыі. Выказваем шчырую падзяку памочніку генеральнага дырэктара Іне Герасімаўне Памінавай за рознабаковую дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі

Публікацыю падрыхтавалі Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ і Яўген ПЯСЕЦКІ (фота)

* -  на правах рэкламы

УНП 390401182

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.