Вы тут

Якім павінен быць сняданак


Ці праўда, што аўсяныя шматкі хуткага прыгатавання менш карысныя, чым авёс? Усе мы шануем шматкі за сытнасць і хуткасць прыгатавання, а таксама за іх пяшчотны смак. Але ці не губляем мы штосьці важнае, эканомячы час?


— Авёс утрымлівае такія карысныя рэчывы, як клятчатка, ненасычаныя тлустыя кіслоты, мікраэлементы — жалеза, кальцый, калій, фосфар і цынк, вітаміны А, В1, В6, Е, К, РР. Аўсяная каша паляпшае страваванне, садзейнічае ўмацаванню сасудаў, зніжае ўзровень халестэрыну, — тлумачыць урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга ФІНСКАЯ. — Аднак варта памятаць, што ў працэсе вытворчасці шматкоў хуткага прыгатавання зерне праходзіць працэс ачышчэння ад абалонак і зародка, шліфуецца, здрабняецца і папярэдне прапарваецца ці праходзіць апрацоўку высокім ціскам. У выніку губляецца мноства карысных рэчываў, якія якраз і ўтрымліваюцца менавіта ў зародку і абалонцы зерня. А вялікая колькасць крухмалу, які хутка засвойваецца арганізмам, застаецца.

А менавіта прадукты распаду крухмалу ўскладняюць работу падстраўнікавай залозы і павышаюць рызыку развіцця цукровага дыябету. Акрамя таго, каларыйнасць стравы са шматкоў вышэйшая, чым з натуральных прадуктаў. А гэта важна для тых, хто вядзе пільны падлік калорый.

Таксама не трэба забываць, што вытворцы дадаюць у кашы хуткага прыгатавання дабаўкі, якія не дазваляюць злежвацца, падсалоджвальнікі і араматызатары.

Таму калі жадаеце атрымаць з ранішняга сняданку максімум карысці, вітамінаў і мікраэлементаў, гатуйце кашы з цэльных злакаў. Яны маюць прапарцыянальнае спалучэнне пажыўных рэчываў і клятчаткі. Дзякуючы гэтаму вугляводы і тлушчы засвойваюцца павольна і надоўга насычаюць наш арганізм. А гэта садзейнічае зніжэнню вагі, ачышчэнню арганізма, падтрыманню балансу карысных рэчываў, а значыць і добраму настрою, і энергіі на ўвесь дзень.

Важна памятаць. Аўсяная каша хоць і лічыцца тым прадуктам, які абавязкова павінен быць у рацыёне для пахудзення, аднак у 100 грамах прадукту налічваецца 350 калорый. І гэта без уліку дабавак у выглядзе малака, цукру, мёду ці арэхаў. Ешце, але ведайце меру!

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Шматкі супраць кашы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?