Вы тут

У вёсцы Моталь дашкольнікаў навучаюць традыцыям малой радзімы


Такіх патрыётаў сваёй мясціны, як Святлана Кузюр, яшчэ трэба пашукаць. Але сама Святлана Рыгораўна ўпэўненая, што ў Моталі такіх многа, калі не большасць. Яна кажа, што ў краіне пра пашану да малой радзімы актыўна загаварылі год таму, а ў іх гэта пачуццё было асаблівым заўсёды. Нездарма ж у вёсцы жыве прыказка-жарт: «Якое Іванава? Тое, што каля Масквы?» — «Не, тое, што каля Моталя».


У му­зей­ным кут­ку «Мо­та­льская хат­ка».

Ну а калі такая патрыётка Моталя працуе загадчыцай дзіцячага садка, то яна ўсё зробіць, каб і дзяцей навучыць ведаць малую радзіму, шанаваць яе, ганарыцца ёю.

— Мы з калегамі лічым, што закладваць у падсвядомасць дзяцей асновы патрыятызму трэба з самага ранняга ўзросту. І найлепш гэта рабіць на прыкладах, знаёмых з дзяцінства. Усе нашы выхаванцы ходзяць з мамамі, татамі, бабулямі на «Мотальскія прысмакі». Да кулінарных традыцый яны прызвычайваюцца дома. Але большасць з іх жыве ў сучасных дамах з усімі выгодамі. Не толькі прылады працы, побыту, нават бабуліны вышыванкі для некаторых — здзіўленне, — кажа Святлана Кузюр.

Таму ў садку вырашылі зрабіць этнаграфічны куток «Мотальская хатка». І хоць у будынку, які ўзводзілі ў сярэдзіне 90-х, такога памяшкання не прадугледжана, адвялі куток у музычнай зале і абсталявалі свой невялікі музей. Экспанаты знайшліся, многія бацькі прынеслі рэчы з бабуліных куфраў. Нават знакаміты мотальскі кажух ёсць. Раней жа вёска на ўвесь Саюз славілася кажухамі, нават за мяжу іх везлі. Дарэчы, ёсць яшчэ некалькі чалавек, якія ўмеюць вырабляць аўчыну. Сабралі яшчэ ўзоры посуду, вышыванак. Ёсць куфэрак, якому не менш за сто гадоў. На занятках дзеці са старэйшых груп з задавальненнем разглядаюць вясковыя рарытэты.

Але найлепшыя заняткі з імі праводзяць, несумненна, у Мотальскім музеі народнай творчасці. Спецыяльна для выхаванцаў старшых груп распрацавана некалькі экскурсій-гульняў. Прычым гульні тутэйшыя, мотальскія, якія ўзнавілі па бабуліных расказах. Калі, напрыклад, дзеці садзяцца на невялікія зэдлікі, а маці, бабуля ці іншы старэйшы кідае каменьчыкі, — так малыя вучацца лічыць. У музеі з імі малююць, вучаць вырабляць элементарныя цацкі. Найбольш дзеці любяць заняткі каля печы, калі ім расказваюць, як некалі пяклі хлеб, як варылі ежу. Калі ж малым даюць у рукі бабуліны вілкі і яны самі ставяць чыгунок альбо форму на лапаце ў печ, у іх бывае столькі радасці, столькі захаплення, што ўсе становяцца ў чаргу, каб пабыць у ролі гаспадыні ці гаспадара, расказваюць выхавальнікі. Важна пры гэтым данесці дзецям, як старанна працавалі іх прабабулі і прадзеды, якая вялікая ў іх была гаспадарка, ну і аб тым, што дабрабыт здабываецца ў працы.

Свят­ла­на Ку­зюр.

А яшчэ ў Мотальскім дзіцячым садку праводзяць больш свят, чым у іншых. Усе ведаюць, што ранішнікі ў садках бываюць на Новы год і на 8 Сакавіка. А тут яшчэ абавязкова праводзяць святы на Каляды, на Вялікдзень.

Святлана Кузюр расказвае, што ў спадчыну ад сваіх бацькоў і дзядоў яна, карэнная маталянка, атрымала ўстаноўку: дзе б ты ні быў, куды б лёс ні закінуў па справах працы, якую б ты пасаду ні займаў, а на Вялікдзень ты павінен быць дома, з бацькамі. Каляды таксама вельмі пажадана святкаваць у роднай хаце. Яшчэ сапраўдныя маталяне імкнуліся трапіць дадому на свята Спаса. Цяпер да спасаўскіх свят прымеркавалі «Мотальскія прысмакі», то людзі, як правіла, з'язджаюцца дадому.

Але ж урбанізацыя, інфарматызацыя і іншыя сучасныя працэсы робяць сваю справу. І з кожным новым пакаленнем сувязі з малой радзімай усё ж крыху слабеюць. Вось работнікі дзіцячага садка вырашылі выпраўляць становішча, гэта значыць, прыцягваць малых да падрыхтоўкі свят у групах, дзе між іншым гаворыцца, нагадваецца, што кожны чалавек абавязкова павінен сустракаць Каляды, Вялікдзень у родным доме, з бацькамі. А што ўкладзена ў падсвядомасць з маленства, тое часта застаецца з чалавекам назаўсёды.

У му­зей­ным кут­ку  «Мо­та­льская хат­ка».

У садку адзначылі, што дашкольная ўстанова мае надзейных спонсараў. Моталь жа вядомы сваімі прадпрымальнікамі, напрыклад Шыкалаямі, ды і іншыя не адстаюць. Іх запрашаюць у садок на святы, публічна дзякуюць за дапамогу і ўвагу. «Хацелася б, каб і нашы дзеці, калі яны вырастуць і стануць кіраўнікамі, прадпрымальнікамі, таксама працягвалі традыцыі дабрачыннасці, — кажа загадчыца і працягвае: — У гэтым кірунку мы працуем і з бацькамі. Дзеці расказваюць пра свае заняткі, бацькі прыходзяць, цікавяцца, многіх з іх мы прыцягваем да падрыхтоўкі свят, яны становяцца нашымі актывістамі, памочнікамі».

А калі ў Моталь пераязджаюць сем'і, здараецца такое амаль штогод, то найперш яны заходзяць у садок, каб пагаварыць наконт уладкавання дзяцей. І тады Святлана Кузюр размаўляе з імі не толькі як загадчыца дашкольнай установы. Як дэпутат сельскага Савета, як сапраўдная маталянка, яна стараецца давесці, што толькі стараннага працаўніка прыме ў сваё атачэнне мотальскі сусед і прыме сяло ў цэлым. У адваротным выпадку яму застанецца акружэнне чужака. Некаторыя здзіўляюцца, што пра гэта заводзяць гаворку ў дашкольнай установе, але ж прыслухоўваюцца.

— А мы радуемся, — кажуць у садку, — калі нашы выхаванцы робяць поспехі ў школе і надалей. Як, напрыклад, было гэтым разам на Каляды, калі вучні 7—8 класаў прадставілі цудоўную праграму з мясцовым каларытам. Альбо калі нашы дзве выхаванкі ў гэтым навучальным годзе, паспяхова скончыўшы ВНУ, вярнуліся на радзіму і прыйшлі да нас на працу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Іванаўскі раён

Загаловак у газеце: Чым багатая «Мотальская хатка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».