Вы тут

«Трэба падтрымаць ініцыятыўных жыхароў»


Іван Лаўрыновіч правёў першы прыём грамадзян на пасадзе памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Гродзенскай вобласці.

Пытанні, з якімі звярнуліся жыхары абласнога цэнтра і Гродзенскага раёна, датычыліся як асабістых, так і сацыяльна значных праблем. Большасць з іх ужо разглядалася ў розных інстанцыях, у тым ліку судзе.


З набалелай праблемай звярнулася пенсіянерка Тамара Яўгенаўна, заклапочаная станам свайго дома, што знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада. Пабудаваны ён амаль 70 гадоў таму, і, па словах жанчыны, даўно патрабуе рамонту. Як было даведзена да заяўніцы, дом уключаны ў спіс аб'ектаў капітальнага рамонту жылога фонду. Працэс гэты патрабуе пэўнай рэгламентацыі. Сюды ўваходзяць абследаванне дома, складанне праектна-каштарыснай дакументацыі, экспертыза. Іван Лаўрыновіч даручыў да кастрычніка падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў. Ён паабяцаў узяць пад асабісты кантроль гэты працэс і інфармаваць Тамару Яўгенаўну аб кожным этапе будаўнічых работ. На думку інспектара, вельмі важна, што ўрадам нядаўна прыняты дакумент па пашырэнні аб'ёму рамонтных работ. У прыватнасці, тэрмаізаляцыя будзе праводзіцца ўсяго дома, а не толькі тарцоў, як гэта было раней. Разам з гэтым, работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, пад'ездаў павінны ўзяць на сябе самі жыхары.

— Неабходна падтрымаць ініцыятыўных жыхароў, якія імкнуцца навесці парадак, сочаць за станам свайго дома і тэрыторый, — заўважыў Іван Лаўрыновіч. — Кожны павінен клапаціцца аб чысціні не толькі ў сваёй кватэры, але і ў пад'ездзе, двары.

Да інспектара звярнулася гродзенка Данута Казіміраўна. Яна настойвае на тым, што ёй на працягу некалькіх гадоў няправільна налічваюцца камунальныя плацяжы. Як аказалася, гэта не першы зварот, па якім адпаведныя службы неаднойчы праводзілі праверку, у тым ліку і Камітэт дзяржкантролю вобласці. Тлумачэнні па аплаце за «жыроўкі» пенсіянерка атрымала і з Міністэрства ЖКГ. Па просьбе заяўніцы будзе праведзена яшчэ адна праверка, запэўніў Іван Лаўрыновіч.

Сваю бяду расказала падчас прыёму Соф'я Мікалаеўна з Гродна. Немаладая ўжо жанчына ў выніку сямейнага канфлікту не змагла прыватызаваць кватэру. Яе муж паставіў умову — ён падпіша згоду на прыватызацыю, калі яна адмовіцца ад дачы. Паколькі бакі так і не прыйшлі да згоды, кватэра перайшла ў разрад камерцыйнага жылля, і цяпер за яе налічваецца арэндная плата. Аб гэтым сведчыць і рашэнне суда. Жанчыне растлумачылі, што прыватызацыя завяршылася ў ліпені 2016 года, а да гэтага часу тэрміны неаднаразова падаўжаліся. На сёння існуюць такія нормы. Ці будуць яны пераглядацца, пакуль невядома. Гэтыя змяненні рэгламентуюцца толькі ўказамі кіраўніка дзяржавы.

— Праблемы, з якімі прыйшлі на прыём жыхары рэгіёна, не новыя. Сярод іх нямала жыццёвых пытанняў. Кожны зварот пастаўлены на кантроль, і будзе праведзена дадатковая праверка, дасканала вывучаны ўсе справы. Па выніках разгляду ўсе заяўнікі атрымаюць кампетэнтныя адказы, — запэўніў Іван Лаўрыновіч. — Галоўная мэта такіх прыёмаў — паглыбіцца ў праблемы людзей. Дзе магчыма, максімальна стаць на бок чалавека.

Са сваёй прапановай прыйшоў на прыём шматдзетны бацька Антон Іванавіч са Скідзеля. Ён гатовы заняцца фермерствам і пацікавіўся парадкам выдзялення зямельнага ўчастка. У мужчыны ўжо ёсць вопыт работы на зямлі, ён атрымлівае нядрэнны ўраджай на сваім прысядзібным участку і мае намер пашырыць тэрыторыю. Да таго ж у яго ёсць уся неабходная тэхніка. На думку Івана Лаўрыновіча, такім людзям трэба ісці насустрач. Для пачатку вызначыць прыдатныя зямельныя ўчасткі і разгледзець усе варыянты. І заяўнік павінен падысці да гэтай справы сур'ёзна, у першую чаргу, падрыхтаваць свой бізнес-план, пачаць з невялікага надзелу — тры-чатыры гектары.

— Ініцыятыву мы гатовы падтрымаць і дапамагчы, але падыход да справы павінен быць адказны, — падкрэсліў Іван Лаўрыновіч.

Падчас прыёму і прамой лініі былі агучаны і шэраг іншых пытанняў. Яны датычыліся налічэння заработнай платы прыватнымі прадпрыемствамі, урэгулявання спрэчных пытанняў паміж уладальнікамі зямельных надзелаў, парадку кампенсацыі абавязанай асобай расходаў на ўтрыманне дзіцяці.

Нагадаем, што Іван Лаўрыновіч прызначаны на пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці ў сярэдзіне студзеня. Да гэтага працаваў старшынёй Лёзненскага райвыканкама Віцебскай вобласці.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».