Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Традыцыйна сочым за самымі актуальнымі падзеямі выхадных.


1. Арына Сабаленка ўпершыню паднялася на 9-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Гэта адбылося пасля выхаду ў паўфінал турніру ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 33-м месцы, Вікторыя Азаранка — на 48-й пазіцыі, Вера Лапко займае 60-е месца.

Нагадаем, у канцы гэтага тыдня, 9—10 лютага, беларускія тэнісісткі правядуць у Браўншвайгу чвэрцьфінальны матч Кубка Федэрацый супраць каманды Германіі.


2. Марына Зуева заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 3000 м на этапе Кубка свету па канькабежным спорце ў нарвежскім Хамары. Беларуска пераадолела дыстанцыю за 4 хв. 3,80 сек. Апярэдзілі Марыну толькі Марціна Саблікава з Чэхіі (4 хв. 2,17 сек.), для якой гэта ўжо 48-я перамога на этапах Кубка свету за кар'еру, і расіянка Наталля Вароніна (4 хв. 3,76 сек.).


3. Эльвіра Герман заняла трэцяе месца ў бегу на 60 м з бар'ерамі на турніры ІSTАF Іndооr 2019 у Берліне. Беларуска паказала вынік 7,97 сек., паўтарыўшы сваё найлепшае дасягненне ў зімовым сезоне, усталяванае ў Магілёве на чэмпіянаце Беларусі. Лепш за беларуску 60 м з бар'ерамі пераадолела толькі немка Памэла Дуткевіч з найлепшым вынікам сезона ў свеце — 7,89 сек. — і Сіндзі Роледэр, якая заняла другое месца, — 7,91 сек.


4. Лідар зборнай Беларусі па настольным тэнісе Уладзімір Самсонаў прайграў у фінале Кубка Еўропы. У фінальным паядынку ён ва ўпартай барацьбе саступіў прадстаўніку Германіі Дзмітрыю Аўчарову з лікам 3:4.

Адзначым, што на шляху да фінальнага матча 42-гадовы Уладзімір Самсонаў абыграў грэка Панаёціса Г'ёніса і румына Авідзіу Іанэску з аднолькавым вынікам 4:1, а ў паўфінале ўзяў верх над аўстрыйцам Даніэлем Хабесанам з лікам 4:2.

Адзначым, што ў мінулыя гады Самсонаў чатыры разы станавіўся пераможцам гэтых прэстыжных спаборніцтваў (1998, 1999, 2001, 2007).


5. Вызначыліся ўсе ўдзельнікі асноўнага кваліфікацыйнага этапу чэмпіянату свету па міні-футболе 2020 года. У канцы кастрычніка ў Італіі падапечныя Андрэя Толмача, сустрэнуцца з англічанамі, італьянцамі і венграмі.

У элітны раўнд адборачнага турніру выйдуць па дзве найлепшыя каманды з васьмі квартэтаў. У ім 16 зборных будуць падзелены на чатыры групы, матчы ў якіх пройдуць у студзені — лютым 2020 года. Стыкавыя сустрэчы за шэсць еўрапейскіх пуцёвак у фінальную стадыю сусветнага першынства адбудуцца ў красавіку. Сам турнір з удзелам 24 найлепшых камандаў планеты пройдзе з 12 верасня па 4 кастрычніка 2020 года ў Літве.


6. Паводле жараб'ёўкі ў Бруселі зборная Беларусі па валейболе на чэмпіянаце Еўропы згуляе ў групе С у Любляне (Славенія). Беларусы пачнуць чэмпіянат 12 верасня матчам супраць Славеніі, на наступны дзень згуляюць з Расіяй, 15 верасня сустрэнуцца з Фінляндыяй, 16 верасня правядуць матч з камандай Македоніі, а завершаць групавы этап 17 верасня з Турцыяй.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Сярод эліты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.