Вы тут

Сябар з Чувашыі Валеры Тургай


Гэты чувашскі паэт і перакладчык, які раней пераклаў урывак з прадмовы Францыска Скарыны да «Кнігі Юдзіф», наведаў Беларусь упершыню ў лютым–сакавіку 2018 года. Гэта быў час, калі ў Мінску праходзіў Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». А яшчэ ён так захапіўся беларускай паэзіяй, што паспеў падрыхтаваць кнігу перакладаў на родную мову твораў лепшых, на яго погляд, майстроў беларускага прыгожага пісьменства.


Што ж яднае Валерыя Тургая з Беларуссю, беларускай літаратурай?.. Па-першае, сам ён… Вось я гартаю рукапіс гэтай будучай кнігі. Францыск Скарына, Якуб Колас, Янка Купала… Так, верш Купалы «А хто там ідзе?» таксама перакладзены Валерыем Тургаем. І яшчэ — васемнаццаць твораў. І яшчэ — славуты купалаўскі цыкл «Санеты»!.. Фактычна — асобны купалаўскі зборнік!..

Зазірнуўшы ў энцыклапедыю «Янка Купала», можна даведацца, што верш «А хто там ідзе?» упершыню перакладзены на чувашскую мову болей як паўстагоддзя назад — чувашскім паэтам Эсхелем. І ўвайшоў у кнігу Я. Купалы «Мара» (Чэбаксары, 1957 год). Да творчасці Янкі Купалы як перакладчыкі спрычыніліся многія чувашскія літаратары. Спрыяла гэтаму і тое, што на пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускі класік спыняўся ў Чэбаксарах па дарозе ў Казань. З 27 кастрычніка па 3 лістапада 1941 года жыў на кватэры Сямёна Эльгера. З 3 да 11 лістапада — у Доме селяніна. Пра сустрэчу чувашскіх пісьменнікаў з Купалам напісаны ўспаміны, мастацкія творы. І ў рамане ў вершах Пятра Хузангая «Сям’я Аптраман». Купалу прысвечаны і яго верш — «Купала ў Чэбаксарах».

Акрамя вершаў народнага песняра Беларусі, акрамя яго «Санетаў», у зборнік перакладаў Тургая з беларускай паэзіі ўвайшлі творы Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Міколы Купрэева, Анатоля Грачанікава, Генадзя Бураўкіна, Навума Гальпяровіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Пазнякова, Анатоля Сыса, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Марыі Кобец, Таццяны Сівец, Валерыі Радунь (Саротнік), Юліі Алейчанкі.
І трэцяе, што вылучае «беларускасць» чувашскага паэта і перакладчыка — Валеры Тургай актыўна ладзіць сустрэчы, вечары, звязаныя з беларускай тэмай, беларускай літаратурай. Сябруе, лістуецца з мінскім Літаратурным музеем Янкі Купалы. На дзень нараджэння Купалы збірае на адной з культурных пляцовак Чэбаксар усіх, каму цікавая беларуская літаратура і паэзія.

Вось як праходзіла такая сустрэча 10 ліпеня 2018 года у Нацыянальнай бібліятэцы Чувашскай Рэспублікі. Сярод арганізатараў Купалаўскага вечара — Чувашскі рэспубліканскі фонд імя Міхаіла Сеспеля і Нацыянальная бібліятэка Чувашскай Рэспублікі. Першымі на сустрэчы прыхільнікаў таленту беларускага песняра былі агучаны прывітальныя тэлеграмы з Беларусі. Ад Міністэрства інфармацыі Беларусі, ад Саюза пісьменнікаў. І — ад Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Затым выступіў Валеры Тургай. Ён падзяліўся ўражаннямі пра Беларусь сённяшнюю, расказаў пра гасцяванне ў Мінску ў час IV Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» у межах XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Валеры Тургай прачытаў свае пераклады твораў беларускіх паэтаў на чувашскую мову, сярод іх і вершы Янкі Купалы. Сваімі ўспамінамі пра Дні літаратуры і музыкі Беларусі ды Чувашыі, якія праходзілі ў 1973 годзе, падзяліліся іх удзельнікі — народныя паэты Чувашыі Юрый Семендэр і Парфірый Іваноў, пісьменнікі Віктар Аўчароў і Раіса Сарбі, літаратуразнаўца доктар філалагічных навук Юрый Арцем’еў. Якраз незадоўга перад вечарынай у часопісе «Халах шкуле. Народная школа», які выходзіць у Чэбаксарах, быў надрукаваны артыкул навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіны Воранавай, прысвечаны стасункам народнага песняра Беларусі з Чувашыяй. Выступоўцы на вечарыне ў адзін голас гаварылі пра неўміручасць купалаўскай творчасці, параўноўвалі яго з класікам чувашскай нацыянальнай літаратуры Міхаілам Сеспелем. Звярнулі ўвагу на ролю Купалы ў фарміраванні сучаснай беларускай мовы… Нагадалі, што творы беларускага песняра перакладзены болей як на 100 моў народаў свету… Будзем спадзявацца, што такія вечарыны беларускай паэзіі, такія імпрэзы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, стануць сістэмнымі.

А цяпер Валеры Тургай яшчэ збіраецца заснаваць у Чувашыі таварыства дружбы, сяброўства з Беларуссю. Упэўнены, што ў яго тое атрымаецца.

Алесь Карлюкевіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?