Вы тут

Свой сярод сваіх


Беларусь — краіна шматнацыянальная. Тут жывуць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцяў, прычым, усе спрадвеку ладзяць паміж сабой. Міхаіл Панджавідзэ, галоўны рэжысёр Вялікага тэатра — адзін з тых, для каго Беларусь стала блізкаю, а для ягонай дачкі Аляксандры і ўвогуле Радзімай. За гады яго служэння беларускаму опернаму мастацтву рэпертуар Вялікага ўзбагаціўся яркімі маштабнымі спектаклямі, якія Міхаіл Аляксандравіч паставіў. І цяпер яны ідуць — з аншлагамі.


Не перастанем здзіўляцца яго здольнасці не мець патрэбы ў хайпе і шчыра захапляцца. Дзецьмі. Калегамі. Жонкай. Удала пастаўленым спектаклем. Талентам. І проста добрымі людзьмі. Жыццём, нарэшце. І нам гэта якасць у Панджавідзэ, як і шырыня яго душы, і нейкая няўлоўная дзіцячасць характару, падабаецца. Бо мы падсвядома, а з гадамі свядома, шукаем у людзях тое, што нам блізка. І, як кажуць псіхолагі, па гэтай прычыне і прыцягваемся да іх, знаходзячы агульныя кропкі судакранання. Завязваем добрыя, а то і сяброўскія, ці ледзь не роднасныя адносіны. І нам абсалютна ўсё роўна, да якой нацыянальнасці належыць чалавек, калі ён таленавіты як прафесіянал, і як чалавек сімпатычны. А нядаўна парадаваліся, калі пачулі з вуснаў Прэзідэнта:

— У аснову нашай палітыкі як нацыянальная ідэя павінна быць пакладзена галоўнае — справядлівасць. Няма справядлівасці — не будзе дзяржавы. Яна пачынае разбурацца адсюль. Ні ў якім разе нельга адрывацца ад народа: ён не пацерпіць несправядлівасці і снабізму.

Вось у гэтай сувязі як тут не ўспомніць пра беларускую талерантнасць, вобразна кажучы, пра той кій, з дапамогай якога, калі ім правільна карыстацца, рухацца да справядлівасці ўсяляк будзе лёгка. Помнім, як у свой час, а гэта быў 2010 год, і мы пачулі аб прызначэнні Міхаіла Панджавідзэ на пасаду галоўнага рэжысёра ў Вялікі. Многія тады здзіўляліся: чаму не свой, чаму аднекуль… Бо гэта быў расійскі рэжысёр з грузінскім прозвішчам родам з Туркменістана… Але Уладзімір Грыдзюшка, генеральны дырэктар, праявіў гнуткасць і прыняў у тэатр «варага», пра якога красамоўна гаварыў яго паслужны спіс. Чытаем на сайце тэатра: рэжысёр-пастаноўшчык больш чым 60‑ці спектакляў у тэатрах оперы і балета Татарстана, Новасібірска, Магнітагорска, Екацярынбурга, Астраханскім дзяржаўным музычным тэатры, Нацыянальным тэатры Марока, сярод якіх: «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага, «Снягурка» і «Царская нявеста» М. А. Рымскага-Корсакава, «Яўгеній Анегін» і «Іаланта» П. Чайкоўскага, «Дырэктар тэатра» В.-А. Моцарта,«Рыгалета», «Набука» і «Аіда» Дж. Вердзі, «Мадам Батэрфляй» і «Тоска» Дж. Пучыні, «Паяцы» Р. Леанкавала ды іншыя.

Ні Міністэрства культуры, ні сам Грыдзюшка не памыліліся. Наадварот, выйгралі. За кароткі перыяд Панджавідзэ, не клапоцячыся пра ўласны імідж і ўзнагароды, — раней пра тое нам казаў у інтэрв’ю — ставіў спектакль за спектаклем. Дзякуючы яму ў рэпертуары тэатра з’явілася нацыянальная опера «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага, за якую Панджавідзэ быў удастоены прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». А за «Набука» Джузэпэ Вердзі Нацыянальную тэатральную прэмію атрымаў. І гэта толькі за тры гады!

Пра асобу Міхаіла Панджавідзэ і яго творчыя дасягненні на старонках часопіса мы пісалі не раз. Цяпер жа інтэрв’ю атрымалася спантанным, пазапланавым. Гутарылі адразу ж пасля прэс-канферэнцыі. Яна праходзіла напярэдадні ІХ Міжнароднага опернага форуму. Пакідаючы Камерную залу, Панджавідзэ падзякаваў журналістам. І як бы між іншым абмовіўся: калі хочаце — магу адказаць на канкрэтныя пытанні… Той прапановаю мы й скарысталіся! І рушылі за ім наўздагон за кулісы, на хаду абмяркоўваючы, пра што б распытаць галоўрэжа. Успомнілі, як аднойчы пры сустрэчы ў антракце ён расказаў: малая дачка Саша лёгка чытае вершы на беларускай мове, а ён сам здзіўляецца, адкрываючы для сябе музыку гэтай мовы, і як жа спрытна ў Сашы атрымліваецца яе асвойваць… Ды й наогул пайшлі да яго, ведаючы, што суразмоўца Панджавідзэ цікавы.

Гутарылі шмат пра што: згадалі прэм’еру спектакля «Дон Паскуале» Даніцэці, вясёлую камедыю ў пастаноўцы галоўрэжа, якой оперны форум адкрываўся, пра папярэднюю прэм’еру «Саламея», якая нарабіла шуму, пра прафесіяналізм і пра іншыя важныя рэчы.

І перад намі раскрываўся чалавек з ментальнасцю інтэрнацыянальнай, як кажуць у такіх выпадках, чалавек свету, гатовы самазабыўна служыць там, дзе служаць справе — дзеля справы, які ўсім сэрцам прымае тых, у кім жыве сумленне і талент.

І мы таксама, як і раней, разумелі: перад намі — моцны прафесіянал. Пра такіх кажуць: чалавек на сваім месцы.

Яшчэ раз пра «Саламею»

— Міхаіл Аляксандравіч, як па-вашаму: ці падабаецца «Саламея» публіцы?

— Вы самі бачылі пад час опернага форуму, якія авацыі гледачы наладзілі. І як думаеце, чаму?

— Мяркуем, з‑за нетрадыцыйнага прачытання біблейскага сюжэту, глыбокай ідэі. Не кажучы ўжо пра яркую сцэнаграфію, цудоўныя галасы нашых выканаўцаў і музыку…

— Пры ўсёй маёй павазе да публікі — не думаю, што так адразу будзе зразумелай ідэя гэтай музычнай драмы. Бо ёсць у ёй тое, што не ляжыць на паверхні, што называюць эзатэрыкай (Эзатэрыка — вобласць спецыфічных поглядаў пра глыбінна-містычную сутнасць чалавечага жыцця — Аўт.) Вось і давайце паглядзім на «Саламею» з гэтай вышыні. Так, Іаканаан — святы, але, пагадзіцеся, не аднамерны: ён жа ў чалавечым абліччы. І гэта наша версія. І не такая ўжо дрэнная Саламея — яна проста дзяўчынка яшчэ была, якая закахалася. І ўсё. Што і прывяло, у рэшце рэшт, да трагедыі. Паколькі выхаванне ў яе такое было. Гэта ж так зразумела! І дзяўчынка патрабуе, як капрызнае дзіця, цацку. Як гэта хтосьці можа яе не паслухацца? І тое дзіця не разумее, чаму Іаканаан яе не любіць: яна ж прынцэса! І лічыць, што Іаканаан — несправядлівы. А ён, таму што мужчына, адчуўшы да яе інтарэс, ненавідзіць за гэта сябе. І адпаведна яе. Вось на тое я і арыентаваў галоўных выканаўцаў.

— Як нам падаецца, у сучасным свеце менавіта мадэль «любоў Саламеі», назавем яе так, пераважае. Кшталту: калі ўжо я цябе люблю — то ўсё павінна быць у адносінах паміж намі так, як я хачу. І пары часцяком у адносінах сваіх маюць зносіны на пачуццёва-ўласніцкім, эгаістычным узроўні любові.

— Ну, да безумоўнай любові ў парных адносінах, такой, як любоў маці да свайго дзіцяці, усім нам як да зоркі. Што тычыцца Саламеі, то мне здаецца, што ў яе, хутчэй за ўсё, была «любоў анегінскай Таццяны»: закаханасць у вобраз. Ва ўсялякім разе, на гэта я звяртаў увагу.

— Але Іаканаан гэтага не бачыць…

— Вось у тым і справа. Іаканаан — аскет, які не падуладны спакусе. Ён прайшоў спакусу ў пустыні, забіўшы плоць. І раптам — сустракае дзяўчыну, якая адрозніваецца ад іншых…

— Пяты элемент, як у вядомым галівудскім фільме…

— Так-так, яна з другога жыцця. І ён — з іншага: з аўтэнтыкі, жорсткай такой. Як быццам з карціны Валянціна Сярова вобраз яго дасталі. А гэтая дзяўчынка трошкі ўся з сябе такая… фільдэперсавая… Помніце, тканіна такая была — тонкая, далікатная?

— Гэта значыць, у дачыненні да дзяўчыны — пяшчотная, рамантычная…

— Дакладна так. Каця Шымановіч, дарэчы, малайчына, выдатна прыдумала касцюмы… І Саламея — напаўматросачка ў нас, уся з сябе дзіцячая…Калі яны сустракаюцца — адзін на аднаго глядзяць, і бачаць: гэта нешта незвычайнае. Абодва не падобныя як адзін да аднаго, так і на ўсіх астатніх, яны вылучаюцца з усяго свайго акружэння. І яму чужыя. Дзякуючы гэтай непадобнасці адзін аднаго і ўбачылі. На ёй жа і не сышліся.

— Па вялікім рахунку, гэта спектакль і пра вечную праблему вялікага ўсёпаглынальнага безагляднага кахання, ад якога да нянавісці — адзін крок…

— Саламею цягне да Іаканаана як вобраза. У яе ёсць толькі эмоцыі, захапленне… А ён збянтэжаны тым, што адчувае прыцягненне да яе як да жанчыны. І сябе за гэта ненавідзіць. І яе ў дадатак. А ў Саламеі закаханасць яшчэ, паўтаруся, дзіцячая. Яна не спазнала яд жаданняў, але рэўнасць ужо адчула. І крыўду, і горыч адрынутай жанчыны. Як гавораць, стала ўдавой, не паспеўшы стаць жонкай. А для жанчыны ж страшна, калі яе адпрэчваюць. Звычайна ж мужчына выбірае жанчыну, ён за яе змагаецца, а яна вырашае: быць з ім разам ці не быць. У адваротным выпадку закон прыроды парушаецца. І жанчыны тады не даруюць. Вось і Саламея, калі ў адказ на яе: «я люблю цябе» ён заяўляе: «будзь ты праклятая», успрымае гэта як жахлівую абразу…

— Вы кажаце, што страсці дарослай жанчыны Саламеі не ўласцівыя… Але тым не менш паказваеце іх у вобразах сямі танцуючых дзяўчат у касцюмах колеру вясёлкі, што, мабыць, і сімвалізуе абуджэнне страсцяў і ў Саламеі.

— Цалкам дакладна. Яны, страсці, да гэтага часу драмалі — а тут абудзіліся ды пачынаюць у ёй бушаваць. Вось такі мы абралі вобраз сямі колераў як сямі грахоў чалавечых.

— Гэта выдатна зроблена! Думка пра грахі, пра шматслойнасць чалавечай натуры прагучала ярка…

— Ой, гэтаму спектаклю не хапае яшчэ велізарнай грашовай сумы, каб стаць шэдэўрам. Прычым шэдэўрам такім, якога яшчэ ніхто не рабіў. Кажу гэта без усялякай ілжывай сціпласці. Столькі можна было б увасобіць… Але гісторыя з вобразамі — вобразны шэраг увесь — я за яго адказваю, і вельмі ганаруся ім. Ёсць тры моманты, за якія мне ў «Саламеі» не сорамна. Гэта тое, што мы звялі разам Заратустру і Саламею, прычым яна музычна дакладна звялася (спектакль «Саламея» пастаўлены па матывах аднайменнай оперы і сімфанічнай паэмы «Так гаварыў Заратустра» — Аўт.). Другое: усё вырашана не ў лоб, не ілюстрацыйна, не фізіялагічна. І не эпатажна, а праз вобразна-асацыятыўны шэраг, што для рэжысёра лічыцца вышэйшым пілатажам. Шчыра вам кажу: гэта была вельмі цяжкая праца. Таму што ўсё трэба было з сябе нарадзіць — не высмактаць з пальца, не прыдумаць абстрактна — а менавіта нарадзіць так, каб усё склалася. Я проста па-вар’яцку шчаслівы, што атрымалася. Ганаруся гэтым. Вядома, тут не толькі мая заслуга. Гэта яшчэ і мая жонка (Кацярына Галаўлёва, якая выконвае партыю Саламеі — Аўт.). І ўсе астатнія. Я кажу так не выпадкова: мая жонка і ўсе астатнія. Усім я ўдзячны. У Каці гэты вобраз атрымаўся. Вядома, я вельмі рызыкаваў. Цяпер ужо магу сказаць: думаў нават, што ў працэсе работы Каця здымецца. Проста спаўзе. З‑за розных прычын. Партыя ж складаная. І не ва ўсіх атрымоўваецца яе прымерыць. Проста не дадзена. Гэта як умее маляваць дзіця ці не ўмее. Ці слых у яго: ёсць ці не. У жыцці ёсць нейкая дадзенасць, якую нічым немагчыма замяніць. Можаш ты падняць 80 кілаграмаў — ты іх падымеш. А больш сваіх дадзеных — не зможаш падняць. Ёсць у земляробаў такі паказчык: каэфіцыент натуральнай урадлівасці зямлі. У раёне Вестфалія ён роўны, скажам, 76. У Краснадары сярэдні — 52. А ў Беларусі — 28. І хоць ты ляж, а ён будзе 28 — пры самых спрыяльных умовах.

— І ў дачыненні да якасці талентаў можна таксама прыгадваць пра каэфіцыент натуральнай урадлівасці… Дарэчы, гэты каэфіцыент, калі казаць пра земляробства, цяпер заўсёды ўлічваецца пры выбудоўванні стратэгіі гаспадарання…

— А як інакш? Гектар зямлі можа даць пэўны ўраджай, а не іншы, як бы каму другога ні хацелася.

— А можна яшчэ сказаць, паколькі тут мы маем справу з голасам, гукам, а шырэй — нейкай душэўнай вібрацыяй: гэты чалавек жыве, творыць, выказвае ўласцівы яму талент на іншай хвалі. Часам мы ў размове пра тое, чаму бывае цяжка знаходзіць кантакт, паразуменне пры зносінах нават з блізкімі людзьмі, са шкадаваннем канстатуем: гэта не тая хваля наогул. І даводзіцца нават расставацца. Спыняецца шматгадовая дружба. Не таму, што хтосьці дрэнны, а хтосьці добры… Розныя вібрацыі… Думаем, у оперы, як у высокім мастацтве, з такімі з’явамі таксама прыходзіцца лічыцца: і з каэфіцыентам натуральнай урадлівасці талентаў, і з дыяпазонам хвалі іх душэўных вібрацый…

— Так-так-так… Ментальнасць у людзей розная — а значыць і магчымасці, і таленты, і здольнасці…

— І шантрапа ёсць?

— А што зробіш, ёсць. Вы, мяркую, маеце на ўвазе французкае слова, якое ў перакладзе азначае — «не будзе спяваць»? Так казалі французкія педагогі пры адборы дзяцей у памешчыцкі хор. А ў прынцыпе на тэатральным жаргоне шантрапа — гэта міманс. Пры пастаноўках казалі: а цяпер на сцэну — німфы, дрыяды і іншая шантрапа. Значыць, тыя, хто ў масоўках ходзіць. Гэты французкі тэрмін не мае нічога агульнага з рускай канцэпцыяй галадранца, альбо «ўсякага зброду», як пра тое пішацца ў слоўніку, здаецца, Ушакова.

— Хтосьці некаторыя коды культурныя счытвае, што называецца, злёту, а другі наогул не разумее: пра што гаворка ідзе, што за коды такія? Прычым пераконваць кагосьці, што «не на той хвалі» жыве, няма сэнсу.

— Згодзен, аднак — вернемся да «Саламеі». Я Кацяй, паўтару, ганаруся. Яна не зляцела, як я ўжо казаў, у працэсе рэпетыцый, хоць увасобіць задуманае было надта складана. Па-першае, усё вакальна было выдатна зроблена. Гледачу не бачна, а я ж ведаю, чаго гэта каштавала. Шмат дзён запар ішлі рэпетыцыі, у тым ліку й заняткі з коучам нямецкай мовай. І не сапсаваўся голас: гук — свежы. Гэта ўжо не проста яе майстэрства, хоць зразумела, што ўсё праз яе ўвасабляецца. І тут мне проста пашанцавала.

— Гэта ж так прыемна: зрабіць добрую справу, ды яшчэ з блізкім чалавекам, які вас чуе…

— Ну, супала… Іншыя мучацца, крэхчуць, а гэтая спявае і спявае, спявае і спявае… Без праблем. Ужо 12 спектакляў запар. І на форуме атрымалася на ўзроўні. Ну прама жалезная Каця, мне кажуць. Так, такая вось мадам. Пашанцавала. Цяжэй было з акцёрствам. Таму што «Саламея» — гэта віртуозная акцёрская гісторыя. Па ўзросце, вядома, спявачка ад Саламеі адрозніваецца. Таму ёй сыграць дзяўчынку-«прыпевачку» досыць складана. Але вось тут ужо дапамагла сцэнічная біяграфія. Мы калі працавалі, Каця пыталася: як ёй зносіцца з Іаканаанам? І я прапанаваў: ты да ўсіх павінна звяртацца ў танальнасці: дзядзька Ваня. Ці цётка Ірадыяда. Гэта значыць, паважаючы іх узрост, яны ўсе за цябе старэйшыя. Гэта першае. І другое: выбудоўваючы логіку ўчынкаў, глядзі, гаварыў я, за нашай Сашкай (малодшая дачка Міхаіла Панджавідзэ і Кацярыны Галаўлёвай — Аўт.). Я з яе ўсё спісваю. Гэта ж такая дзіцячая непасрэднасць!

Сашка нарадзілася ў Мінску

— А дзе родавыя карані самой Кацярыны?

— Яна маскоўская. Бацькі ў яе піцерскія. Нарадзілася ў Маскве, вучылася ў Маскве, працавала ў Маскве. Выйшла замуж за мяне, які не нарадзіўся ў Маскве — толькі вучыўся там. А мяне паклікалі ў Беларусь — і яна паехала разам са мной. І разам мы больш за 20 гадоў.

— Вернемся да дзіцячай непасрэднасці, але ўжо не Саламеі, а вашай дачушкі…

— Ды вы ж і самі ведаеце, што такое дзіцячая непасрэднасць, дзякуючы якой мы, дарослыя, не забываем пра тое, што значыць быць натуральнымі…

— Неяк вы нам казалі аб сваім паважлівым стаўленні да беларускай мовы. І пра тое, што ваш слоўнікавы запас папаўняецца дзякуючы дачушцы, якая пайшла ў мінскі дзіцячы сад і стала лёгка размаўляць па-беларуску. І ўжо многія словы ведае. Раскажыце, як разам з Сашай вывучаеце беларускую мову?

— Ды ніяк. Яна сама мову спасцігае. У дзіцячым садзе, размаўляючы з дзеткамі. Ды яшчэ няня Люда ў яе была да трохгадовага ўзросту, якая размаўляла на трасянцы (змешаная руска-беларуская мова — Аўт.). Вось Сашка пачала выкарыстоўваць розныя словы… У яе лексіконе ёсць кіпцікі, тэпцікі… Калі ад Люды малая прыязджала, то розныя словы з задавальненнем прамаўляла. Неяк бабуля яе з Масквы ў нас гасцявала, пачула, што Сашка лапоча, і пытаецца: а чё такое кипцики? Дачка ёй і растлумачыла, хоць тады яна ў свае два з паловай гады яшчэ не вельмі добра гаварыла… Але пацешна было чуць: кіпцікі — гэта ногці, а тэпцікі — тапкі… Дзіця яшчэ не разумее, гэта па-беларуску ці па-руску, калі ўжывае словы. Але ўжо адчувае, што такое дзве мовы. КамЕнная Горка — гэта таксама ў яе лексіконе (новы мікрараён Мінска ўзяў назву прыгараднай вёскі. — Аўт.). І націск у словах робіць, як гэта ўласціва беларусам. Напрыклад: дАла, узЯла, пІла — гэта зразумела. А я і не выпраўляю, хай гаворыць: усяму свой час. А калі едзем у гарадскім транспарце, — Сашка, здараецца, гаворыць так, як і аб’яўляюць у нас прыпынкі на беларускай мове: «Наступны прыпынак — вуліца Камуністычная».

— Дык гэта яна ад няні і падхапіла «кіпцікі», вы нам неяк раней пра гэта абмовіліся ў размове… А няня Люда адкуль?

— Ну, Людміла Аляксандраўна — вядомая ў нашых тэатральных колах асоба. Яна — старэйшы акушэр-гінеколаг. Да таго ж і жонка былога артыста балета, ён цяпер артыст мімансу. Люда тут палову тэатра «нарадзіла», як кажуць нашы (смяемся). А як Сашка ў нас з’явілася, дык і Люда нянькай прыйшла.

— Вершы Саша таксама чытае?

— Вядома! Аднойчы прыйшла і давай: «Сонечны зайчык бяжыць па сцяне/ Ён уцякае, відаць, ад мяне./ Сонейка зноўку за хмарку зайшло/ — Зайчыка быццам як не было».

— У вас атрымалася цудоўна!

— Ну, дзякую… Ды й наш сын, калі прыехалі ў Мінск — ён вучыўся ў школе — так добра чытаў па-беларуску. Без праблем, адразу. Каця яшчэ разбірала спачатку, як тыя літары чытаць. А ён адкрые кніжку і чытае, лёгка перакладае, хоць і хадзіў у звычайную дзесяцігодку. Яшчэ і ў музычнай вучыўся — там жа таксама беларуская мова была… Наогул, лічу: каб некаму хацелася вывучаць беларускую мову, не варта прымушаць вывучаць яе сілай. Хто мяне прымушаў? Але я вывучыў! Можа не надта добра, але ж… Паглядзім: калі застануся жыць у Беларусі — значыць, буду вучыць лепш.

Браць у свеце лепшае

— Каго з беларускіх пісьменнікаў-класікаў вы чыталі?

— Уладзіміра Караткевіча, у першую чаргу. У свой час мяне ўразіла аповесць «Сівая легенда». Ёсць вялікая розніца, дарэчы, паміж аповесцю і лібрэта для нашай оперы. Прычым адразу ж я чытаў аповесць у арыгінале, толькі на беларускай мове. Прынцыпова! Эксперыментаваў: ці змагу зразумець інтуітыўна беларускую мову. Пасля чытаў ужо ў рускім перакладзе. І пераканаўся, што ўсё адразу добра зразумеў.

— Вы ж у курсе: Караткевіч і ў Маскве вучыўся.

— І ў Кіеве таксама. Украінскую мову ён ведаў ды іншыя. Творы Караткевіча трэба чытаць і паміж радкоў. Шмат розных падтэкстаў ён у іх закладваў…

— Як лічыце, што трэба, каб нацыянальнае опернае мастацтва развівалася?

— Калі хочаш развіваць нацыянальнае мастацтва — трэба ў свеце браць усё самае лепшае. У Расіі магутная тэатральная школа оперная, дык і трэба гэтым карыстацца. У Беларусі яшчэ сістэма не наладжана. Я кажу пра падрыхтоўку рэжысёраў оперы. Рыхтаваць іх — складана. Цяпер нам пачынаюць распавядаць: маўляў, у нас ёсць Ганна Маторная (хормайстар-пастаноўшчык спектакляў у Музычным тэатры. — Аўт.). Гэта добра. Але хіба дастаткова? Пры савецкай уладзе ў Маскву цэлымі студыямі варта было пасылаць! Каб вярталіся сюды і адкрывалі тэатры.

— Дык у нас адзін оперны тэатр — на ўсю Беларусь. Баяліся, мабыць, перавытворчасці оперных рэжысёраў. Дзе іх потым уладкоўваць?

— А палова адсеялася б — раней выпуску. У нас пяцёра вучыліся — двое скончыла. З іх рэжысёрам-пастаноўшчыкам працую толькі я. Іра Лычагіна, мая аднакурсніца, сядзіць на ўводах у Тэатры Станіслаўскага.

— У чым прычына ўсё ж такі, што не ўсе тут могуць спяваць? А тым больш ставіць оперу… У энергетыцы зямлі? Мала сонца? Можа, не песенная нацыя?

— Няпраўда! Беларусы — песенная нацыя! Вы маглі пераканацца на прэм’еры спектакля «Дон Паскуале». Як спяваюць! А там — усе выпускнікі Беларускай кансерваторыі: бас, два тэнары, барытон, сапрана. А яны адкуль узяліся? Значыць, ёсць у нас таленавітыя спевакі! Дык вось вам і адказ. Мы проста маленькая краіна. Калі Беларусь была інтэграваная ў савецкую прастору, была наладжана ад Брэста да Уладзівастока сістэма адбору кадраў і пасылкі іх у цэнтр, а там заставаліся толькі самыя лепшыя — астатнія, хто не нашмат горшы, з шыкоўнай адукацыяй з’язджалі назад, да сябе на радзіму. І выхоўвалі вучняў, якіх потым адпраўлялі да сваіх настаўнікаў. Так выраслі нацыянальныя школы. Гэта была грандыёзная імперыя. Не ў сэнсе захопу чужых земляў, а ў сэнсе пабудовы вертыкальнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў. Бліскучая была сістэма адбору! І калі спецыялістаў не хапала ў Беларусі — бралі там, дзе яны былі. Як і наадварот.

— А ўспомнім старонкі гісторыі сцэнічнага мастацтва. З XVI па XVIII стагоддзе на тэрыторыі Беларусі было 22 школьныя тэатры. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя, адпаведна еўрапейскай модзе, беларускія магнаты пры сваіх палацах пачалі ствараць уласныя прыдворныя тэатры. Мы ведаем, скажам, пра такія тэатры ў Слоніме, Нясвіжы, «Сядзібе муз» Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі… Сямён Зорыч заснаваў у Шклове прафесійны тэатр, які ў XVIII стагоддзі славіўся на ўсю Еўропу. Ёсць сведчанні, што пастаноўкі, якія давалі ў Шклоўскім маёнтку Зорыча, па раскошы пераўзыходзілі спектаклі прыдворных тэатраў Расіі, Польшчы, Аўстрыі, Францыі. Кажуць, каб убачыць палац Зорыча і яго тэатр, у Шклоў прыязджалі знатныя людзі з Масквы і Пецярбурга. Пасля закрыцця Шклоўскага тэатра рускі балетмайстар Іван Вальберх адабраў у тэатры 14 лепшых танцораў і танцорак для пецярбургскага балета.

— Ну, усё гэта, як вы разумееце, пасля 1795 года было ў адзінай прасторы. (Тры падзелы тэрыторыі дзяржавы Рэчы Паспалітай, у складзе якой былі землі Беларусі, адбыліся ў 1772–1795 гадах — іх падзялілі паміж сабой Прускае каралеўства, Расійская імперыя ды Аўстрыйская манархія. — Аўт.). І Польшча — таксама часткай у расійскай імперыі апынулася. Станіслаў Манюшка хоць і нарадзіўся тут, гадаваўся, але стаў класікам польскай музыкі. Польскай!

(Станіслаў Манюшка (польск. Stanisław Moniuszko, 5 мая 1819 — 4 чэрвеня 1872, Варшава) — беларускі і польскі кампазітар; аўтар песень, аперэт, балетаў, опер; стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі. Нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гэта Чэрвеньскі раён), у якім пасяліўся пасля рускай кампаніі Напалеона яго бацька Чэслаў Манюшка. — Аўт.).

І Фрэдэрык Шапэн меў у кішэні расійскі пашпарт!

(Пра тое, што вялікі польскі музыкант Фрэдэрык Шапэн быў падданым Расійскай імперыі, заявіў у 2010 годзе былы міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, старшыня аргкамітэта па святкаванні 200‑годдзя Шапэна Вальдэмар Дамброўскі. Сведчаннем расійскага грамадзянства кампазітара паслужыў пашпарт, выдадзены Шапэну, калі ён ад’язджаў з Польшчы ў Францыю. — Аўт.).

Мы чамусьці пра тое забываемся…

— А таму што з двух бакоў шляхту да сябе цягнулі: Польшча і Масковія…

— Раскол гэта называецца. Браты, або пабрацімы ў «Сівой легендзе» Раман і Кізгайла становяцца ворагамі — у тым увесь канфлікт оперы. Ёсць момант у ёй, калі Кізгайла крычыць: «Будуць сваркі паміж намі. Вайна. Пажары. Раны. Драпежны грай паганы. Усё збылося — кроў між намі». Ён прадчувае, што будзе, калі разломліваць эліту, народ.

Усюды ёсць добрыя людзі

— Вам асабіста камфортна ў Беларусі?

— Цалкам. Хоць ва ўсім свеце цяпер вельмі неспакойна. Мне неяк нават задалі такое правакацыйнае пытанне: а вось калі паміж Расіяй і Беларуссю канфлікт будзе, ты за каго пойдзеш ваяваць? Я адказаў: гэта добрае пытанне, таму што, дзякуй Богу, такога не можа быць! Але калі што — не дай Бог! — то вазьму аўтамат, выйду на лінію фронту — і не буду падпускаць ні тых, ні другіх — адзін да аднаго…

— Значыць, па сутнасці, гэта будзе акт міратворчы: каб расіяне ды беларусы не сышліся ў прамым супрацьстаянні?

— Можна і так сказаць. Заб’юць, вядома. Аднак мне тады губляць ужо не будзе чаго — таму што і верыць не будзе ў што… Для мяне й тое, што ва Украіне адбываецца — асабістая трагедыя: кожны дзень слязьмі абліваюся. У мяне ж і сваякі ва Украіне. І бабуля крымская ў Ялце пахавана, там жа і цёткі. А цяпер я наогул туды паехаць не магу: ад 16 да 60‑ці забаранілі… Віктар вунь Пласкіна (галоўны дырыжор Вялікага Тэатра — Аўт.) — ён жа таксама любіць Украіну, сам родам з Закарпацця. Не так даўно з’ездзіў у Расію. Перад ад’ездам кажа: «Мішко, калі шо, я табе тэлефанаваць буду». «А што можа здарыцца?» — пытаю. Віктар: «У мяне ж украінскі пашпарт». — «Ды каму ты там, у Расіі, патрэбны! Едзь спакойна». А яго запрасілі ў Чэбаксары дырыжыраваць на фестываль. Тэлефануе мне сярод ночы. Усхвалявана гаворыць: «Мішко, мы нешта не тое робымо…». «Хто мы?» — не разумею. — «Мы — Украіна…».

Пабываў ён у Маскве, у Казані, у Чэбаксарах. Вярнуўся ў захапленні. «Я, — кажа, — у шоку! Якія там людзі! Добрыя! Нармальныя. Усе як родныя! З табой ежай дзеляцца ў цягніку — частуйцеся, гавораць. Мне прапануюць, незнаёмаму чалавеку! Украінцу з Беларусі! Дзе ты такое ўбачыш? І нармальна там жывуць…».

Я сам паўсвета аб’ездзіў. І ўсюды ёсць як нягоднікі, так і нармальныя людзі.

P. S.

Пасля грандыёзнага Гала-канцэрту, якім завяршыўся Міжнародны оперны форум і Конкурс маладых вакалістаў (дарэчы, праектаў, якія ўзніклі ў тэатры пры Панджавідзэ), мы ўбачылі яго, стомленага, у шэрым швэдры ў вестыбюлі. Падумалася: відаць, адбілася напружанне святаў…

Зіхацела ёлка, радасныя людзі фатаграфаваліся… А Міхаіл Аляксандравіч быў у сваіх думках… Можа быць, прыгадваў пра тое, як спявала напярэдадні галоўную партыю ў «Саламеі» жонка — Кацярына Галаўлёва. Альбо пра малодшага ды важнага члена сям’і — захварэлага сабачку, пра што сказаў нам перад пачаткам канцэрту… Але нас убачыў, усміхнуўся… І мы падышлі да яго са словамі захаплення. Выказаліся пра крэатыўна выбудаваную канцэртную праграму, пра якасныя дуэты, у якіх саліравалі выканаўцы з розных кантынентаў. Да прыкладу, францужанка з карэянкай, а італьянец, здаецца, з мексіканцам… І гэта было выдатна! Мы падзякавалі Панджавідзэ за свята… А ён, як чалавек з гумарам, пажартаваў:

«Гледачам свята, а мне — як калгаснаму каню…». І патлумачыў у адказ на нашае нямое пытанне: «Калі брыгадзір у вёсцы жэніцца — усім весялосць, а конь — у мыле…». А потым ужо ўсур’ёз дадаў: «Проста мне хацелася, каб ва ўсіх настрой быў Калядным».

Так яно і было! Проста выдатна!

Гутарылі Валянціна ды Іван Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».