Вы тут

Падарожжа ад мезаліту да Сярэднявечча


Без адзінага цвіка ўзводзяцца пабудовы гарадзішча — археалагічнага музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы.


Як вядома, навіны распаўсюджваюцца хутка, і найхутчэйшыя з іх — фэйкавыя. У карпункт патэлефанаваў чытач, які на адным з сайтаў прачытаў, што ў наступныя выхадныя будзе адкрыты для наведвання турыстаў археалагічны музей-скансэн у пушчы. Я звязалася з навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага парка Русланам КНІГАЙ. Ён паведаміў, што аўтары навіны паспяшаліся. І не яны першыя. Яшчэ раней у сеціве з'явілася інфармацыя, што музей адкрываецца ў снежні: «Тое, што пра аб'ект гавораць, несумненна, добра, значыць, ён загадзя набывае папулярнасць. Але аматарам даўніны трэба пачакаць да вясны».

Менавіта з цяплом, першымі краскамі і птушкамі ў Белавежскай пушчы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё першага ў краіне археалагічнага музея пад адкрытым небам. Ідэя яго ўзвядзення была агучаная падчас святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнасці пушчы ў 2009 годзе. А за некалькі гадоў да гэтай падзеі ў нацпарк прыехала група археолагаў з Інстытута гісторыі НАН. У выніку раскопак знайшлі больш за паўсотні стаянак старажытнага чалавека, ну і вялікае мноства прадметаў побыту розных эпох. Фрагменты зброі, посуду, прыстасаванняў для будаўніцтва лічылі дзясяткамі і нават сотнямі. Значыць, цяперашняя тэрыторыя пушчы — улюбёны чалавекам край спакон вякоў.

Паводле навуковых даследаванняў, прыкладна 11 тысяч гадоў таму адсюль сышоў апошні ледавік. Старажытныя людзі займалі новыя тэрыторыі, узводзілі сваё жытло, умацоўвалі яго. Так было і ў раёне цяперашняй «сталіцы» пушчы — вёскі Каменюкі. Толькі ўздоўж адной рэчкі Правай Лясной археолагі адкапалі рэшткі 23 стаянак. Тут і вырашылі зрабіць унікальны музей, дзе будуць прадстаўлены ўсе перыяды жыцця людзей на гэтай тэрыторыі.

У аснове кампазіцыі музея-скансэна — сем частак, якія будуць адлюстроўваць розныя эпохі: ад мезаліту да Сярэднявечча. Першым узведзена гарадзішча бронзава-жалезнага вякоў. Гэта значыць, што наведвальнік зможа акунуцца ў культуру і побыт людзей, якія жылі на нашай зямлі дзве з паловай тысячы гадоў таму.

Жыллё і гаспадарчыя пабудовы ўзводзяцца з пушчанскай драўніны. І максімальна адпавядаюць вобразу старажытнасці, бо высякаюцца сякерай, не дапускаецца ніводнага цвіка, ніводнага спілу. Па цэнтры экспазіцыі размесціцца паганскае капішча. Руслан Кніга адзначыў, што старажытныя насельнікі пушчанскага краю вялікае значэнне надавалі склепам і гаспадарчым памяшканням. Таму вырашана ўзнавіць такі склеп. Ён зрублены сякерай, пераплецены галінамі і накрыты чаротам.

А жылая пабудова ўяўляе сабой старажытны дом на дзве сям'і з адкрытым ачагом для вогнішча. Сцены ўпрыгожваюць скуры зубра, аленя, казулі, зайца. Тут жа прымацаваны альбо падвешаны прылады працы і палявання. Продак меў у сваёй гаспадарцы лук, стрэлы, абарончую рагаціну, вядома, кошыкі з камянямі. Ну а яго гаспадыня клапацілася, каб назапасіць гаючых пушчанскіх траў, якія падвешваліся пад столлю і захоўваліся да наступнага лета. Яна ж даглядала і захоўвала керамічны посуд. Да гэтага перыяду, паводле навуковых звестак, адносіцца культура штрыхаванай керамікі. Такія ўзоры посуду будуць прадстаўлены ў музеі, праўда, у выглядзе копій артэфактаў з гарадзішча, знойдзенага ў Вілейскім раёне. І яшчэ многа розных цікавінак абяцаюць нам стваральнікі музея пасля яго адкрыцця.

З першага погляду гэта гарадзішча нагадвае драўляную крэпасць. Яе ахоўваюць традыцыйны роў, акружны абарончы вал. Праз мосцік можна трапіць у высокія ўязныя вароты. Самі ж пабудовы хаваюцца за двухзрубнай сцяной, над якой узвышаецца назіральная вежа. Вежа і ёсць самая высокая пабудова музея. Раней такія ўзводзілі для абароны і назірання за мясцовасцю, каб не прапусціць падыход ворага.

Для турыста-наведвальніка будуць прапанаваныя не толькі візуальныя экскурсіі, але і непасрэдны кантакт з побытам той эпохі, як гэта цяпер модна. Маецца на ўвазе магчымасць, напрыклад, зляпіць рукамі без ганчарнага кола гліняны гарлачык (кола тады яшчэ не было распаўсюджана) ці далучыцца да старадаўняга вертыкальнага ткацтва.

Работы па стварэнні не зусім звычайнага для нашай краіны музея выканалі спецыялісты прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыя». Прылады працы, якія можна было выкарыстоўваць, — лапаты, сякеры, цесакі. Драўніну і чарот насычалі спецыяльным растворам, каб пабудовы даўжэй праслужылі. А для таго каб зацягнуць наверх бярвенні, рабілі рыштаванні. Адно бервяно з дапамогай вяровак уздымалі восем-дзесяць чалавек. Як і раней.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.