Вы тут

Мэр Гродна расказаў, чым павінны займацца гарадскія ўлады


На мінулым тыдні старшыня гарвыканкама сустрэўся з гараджанамі ў самым маладым і праблемным мікрараёне горада — Альшанцы. Падчас размовы ён расказаў аб перспектывах развіцця горада на найбліжэйшы час: калі з'явіцца анкадыспансер, чаго чакаць бязвізавым турыстам і калі завершыцца першая чарга рэканструкцыі Старога замка, ці будуць у Гродне другая кальцавая магістраль і могілкі для хатніх жывёл, а таксама аб праекце Андрэя Разіна «Сонечнае кола».


Горад расце

На сустрэчу, што адбылася ў школе № 39, разам з мэрам прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алег Бялінскі і дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва гарвыканкама, дэпутат абласнога Савета Анатоль Урублеўскі, а таксама кіраўнікі профільных упраўленняў гарвыканкама.

— Вы павінны ведаць з афіцыйных крыніц, што робіцца ў горадзе, і атрымаць з першых вуснаў адказы на свае пытанні, — распачаў мэр горада Мечыслаў Гой.

Як паведаміў галоўны архітэктар Гродна Дзмітрый Вабішчэвіч, падрыхтаваны генплан развіцця абласнога цэнтра да 2030 года, які прайшоў грамадскае абмеркаванне і ў хуткім часе будзе разглядацца кіраўніком дзяржавы. Згодна з дакументам колькасць гараджан за 10 гадоў павялічыцца да 395 тысяч, а праз 20 — да 405 тысяч чалавек. Штогод гарадскія ўлады плануюць будаваць 170—180 тысяч жылых «квадратаў». Галоўным чынам актыўнае будаўніцтва будзе ісці ў мікрараёнах Грандзічы і Баранавічы, а што датычыцца Альшанкі, пакуль тэмпы ўводу жылля тут запаволяцца. Прычын некалькі, галоўныя з якіх — магутнасці па ацяпленні і каналізаванні ўжо дасягаюць свайго парога.

А між іншым ёсць адставанне развіцця інфраструктуры ад росту колькасці высотак і, адпаведна, насельніцтва. На дадзеным этапе тут ужо жыве каля 30 тысяч чалавек, а ў перспектыве навасёламі ў мікрараёне будуць лічыцца 50 тысяч. Людзей хвалюе не толькі тое, дзе жыць, але і дзе купляць ежу, як трапіць дзіцяці ў садок ці школу побач з домам, наведаць урача ў сваім раёне, нарэшце, адпачыць з сям'ёй тут жа. Па звестках аддзела адукацыі гарвыканкама, на сённяшні момант амаль 1500 малых з гэтага раёна маюць патрэбу ў наведванні садка, а гэта значыць, што разам з дзіцячымі ўстановамі, якія тут існуюць, яшчэ неабходна пабудаваць некалькі новых... Дарэчы, як і яшчэ адну школу, што павінна адчыніць свае дзверы 1 верасня.

— Нельга паўтараць памылку, таму далейшае будаўніцтва жылля будзе весціся ў паўночным кірунку і ў мікрараёнах, дзе ўжо ёсць неабходная інфраструктура, — падкрэсліў кіраўнік горада.

Разам з тым у Альшанцы сёлета запланавана ўвесці другую дзіцячую амбулаторыю, распачаць будаўніцтва паліклінікі і, згодна з абяцаннем жыхарам мікрараёна, штогод будаваць па адным дзіцячым садку.

І яшчэ адзін галоўны аб'ект, будаўніцтва якога неабходна гораду, — анкадыспансер. Дарэчы, Гродна — адзіны абласны цэнтр у краіне, дзе няма такой клінікі.

Як паведаміў Мечыслаў Гой, пад гэтыя мэты запланавана рэканструкцыя 3-й гарадской паліклінікі і накіравана 200 мільёнаў рублёў, ільвіная доля грошай пойдзе на закупку неабходнага абсталявання. У лютым павінна ўжо быць гатовая экспертыза праекта.

Другое кальцо

Разам з ростам горада расце і аўтапарк гараджан. Як прадугледжвалася генпланам, распрацаваным у 2003 годзе, летась на тысячу жыхароў павінна было быць 350 жалезных «коней». Аднак жа рэальнасць аказалася іншай: 470 аўтамабіляў прыйшлося ў 2018-м на тысячу гараджан. Да таго ж тут не ўлічаныя транзітны паток і замежныя грузы. Як вынік — развіццё дарожнай сеткі таксама не адпавядае сённяшнім рэаліям.

Па словах Мечыслава Гоя, ужо ў красавіку распачнецца першая чарга рэканструкцыі старога чыгуначнага моста цераз Нёман пад аўтамабільны, які звяжа вуліцы Паўднёвую з Кляцкова з выездам на аўтамагістраль М6. У будучыні гэта стане адным з участкаў другой кальцавой гарадской магістралі, у якой ёсць патрэба. Існуюць планы і па рэканструкцыі вуліцы Каліноўскага са зносам прыватнай забудовы і выпраўленнем дарогі.

Шмат пытанняў гараджане задавалі наконт стану пляцовак для выгулу сабак, наогул культуры ўтрымання хатніх жывёл і стасункаў з суседзямі адносна балючай тэмы «неспадзяваных» кучак. Так, праблема з выгулам існуе, пагаджаецца кіраўніцтва горада, таму камунальнай службе даручана вывучыць стан пляцовак і прыняць адпаведныя захады па яе вырашэнні. А яшчэ ёсць другая праблема, звязаная з хатнімі любімцамі: у Гродне няма могілак для пахавання чатырохногіх сяброў.

— Гэтую праблему мы таксама вырашым, — паабяцаў гараджанам мэр.

Падарунак да фестывалю

Два гады Гродна працуе ў бязвізавым фармаце. Што гэта дае гораду і як заахвоціць замежнікаў часцей да нас прыязджаць? Гэтыя пытанні таксама гучалі на сустрэчы.

Як адзначыў старшыня гарвыканкама, толькі летась абласны цэнтр наведала каля ста тысяч турыстаў з 70 краін свету. Між іншым, тут не ўлічаны госці, што наведваюць Беларусь свабодна, без перасячэння мяжы, напрыклад, расіяне, якія вельмі любяць адпачываць у беларускіх санаторыях і аграсядзібах.

— Мы імкнёмся, каб горад набываў свае цікавінкі і да нас імкнуліся госці: дзякуючы гэтаму з'яўляюцца новыя кафэ, гатэлі, хостэлы (нават капсульнага тыпу)... Але гэтыя віды бізнесу — прыватныя. Гарадская ж улада павінна займацца дзіцячымі садкамі, школамі, паліклінікамі, дарогамі, — падкрэсліў Мечыслаў Гой.

Цікавіць, безумоўна, гасцей і гісторыя. Не засталося падчас сустрэчы па-за кадрам і пытанне рэканструкцыі Старога замка. Як паведаміў мэр Гродна, першая чарга рэканструкцыі гэтага важнага аб'екта павінна завяршыцца да наступнага рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што адбудзецца ў 2020-м.

Ёсць намер прывесці ў належны стан і стэлу ў Каложскім парку па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва.

Наогул, дзве гадзіны прабеглі ў адказах на шматлікія пытанні як некалькі хвілін... Зразумела, што не ўсе знайшлі сваё адлюстраванне з-за абмежаванага фармату ў газетным артыкуле, і, каб закончыць на аптымістычнай ноце, згадаю яшчэ адзін адказ, які датычыўся развіцця талентаў у дзяцей і падлеткаў.

Па словах Мечыслава Гоя, падчас нядаўняга візіту ў Гродна вядомага выканаўцы «Ласкавага мая» Андрэя Разіна апошні выказаў намер стварыць дзіцячы творчы цэнтр пад эгідай праекта «Сонечнае кола» — школу для дзяцей-сірот і таленавітай моладзі, каб тыя мелі магчымасць займацца эстраднай музыкай.

Вольга АНУФРЫЕВА, дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў па Паўднёвай выбарчай акрузе № 22

Загаловак у газеце: Дарогі, дзіцячыя садкі, школы і паліклінікі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».