Вы тут

Аўтограф як шлях да поспеху


Вядомы брэнд “Акадэмкніга” напярэдадні XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы­кірмашу дзеліцца досведам таго, як у новых умовах гандляваць па­-новаму


Людміла Рублеўская — папулярная пісьменніца

Дзеля продажу навуковых кніжак, падручнікаў, усемагчымых даведнікаў і метадычных дапаможнікаў стваралася гэтая гандлёвая сетка ў 70-я гады. Цяпер жа ў кнігарні сабраны й прадаюцца ў вялікай колькасці выданні па гісторыі, культуры Беларусі, мастацкая літаратура айчынных выдаўцоў на беларускай і рускай мовах. Карацей — прадстаўлена кніжная прадукцыя амаль усіх беларускіх выдавецтваў. “Кнігі беларускіх выдаўцоў — гэта 60 працэнтаў ад усяго продажу ў нашай кнігарні. Для нас была й застаецца прыярытэтнай літаратура, надрукаваная ў Беларусі, — прызнаецца Вольга Глухоўская. — Выйдзе кніга на беларускай мове ці звязаная з гісторыяй, культурай Бацькаўшчыны, — і адразу трапляе да нас. Найбольшы попыт цяпер на літаратуру пра гісторыю Беларусі, але й сучасная мастацкая літаратура прыцягвае ўвагу. Калі ў іншых кнігарнях часцей прадаюцца больш ці менш папулярныя кнігі або класіка, то мы прапануем творы як вядомых, так і малавядомых беларускіх аўтараў. Працуем і з малатыражнай літаратурай”.

А якія беларускія аўтары ў пашане ў пакупнікоў кнігарні? Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Людміла Рублеўская, Алесь Разанаў, Уладзімір Сіўчыкаў, Андрэй Горват, Леанід Дайнэка...

Кнігі трапляюць сюды рознымі шляхамі. Буйныя выдавецтвы, з якімі адладжаны стасункі, гандляроў інфармуюць пра навінкі, а іншую прадукцыю супрацоўнікі “Акадэмкнігі” адсочваюць і самі. Як вядома, сёння многія беларускія аўтары друкуюць свае творы за ўласныя сродкі. Пра такіх даведваюцца са СМІ, рэкламы — і запрашаюць да супрацы. Так было, напрыклад, з Андрэем Горватам: адна з яго кніг прадавалася толькі ў Купалаўскім тэатры. Цяпер яе набыць можна і ў “Акадэмкнізе”.

Аднак, упэўнена Вольга Глухоўская, мала мець кнігу ў кнігарні — варта ўмець яе прадаць. Адна з цікавых форм працы тут — аўтограф-сесіі з пісьменнікамі, правядзенне якіх анансуецца ў сацсетках. Ёсць водгук! Хочацца некаму пагутарыць з выдаўцом ці аўтарам кнігі, займець аўтограф на толькі што набытым творы... Летась былі прэзентацыі кніг Анатоля Бутэвіча “Жанчыны з легенды”, Вольгі Лабачэўскай “Мастацтва дзеля славы Божай”, Леаніда Дайнэкі “Выбраныя творы”, Віктара Марціновіча “Ноч” з аўтограф-сесіямі аўтараў. Прыцягвае пакупнікоў і рэклама кніжак, выдавецтваў на вітрынах. Як вынік: попыт на іх прадукцыю рэзка ўзрастае. Да таго ж інфармацыя пра навінкі з’яўляецца на тэлеэкранах у кнігарні, на яе сайце, у сацсетках: там і вокладкі ёсць, і кароткія анатацыі.

Зрэшты, інтэрнэт кнігарням і канкурэнт: моладзь з яго чэрпае інфармацыю — і паменшала пакупнікоў у “Акадэмкнізе”. Навучальныя дапаможнікі становяцца е-кнігамі. Таму й метадычных кніг друкуецца значна менш. Кнігарня нават завозіць навучальную й навуковую літаратуру з Расіі. Найбольш запатрабаваныя дапаможнікі па вывучэнні рускай мовы замежнікамі, бо студэнты, што навучаюцца ў беларускіх вну, тут — нярэдкія госці. У асартыменце й дапаможнікі па вывучэнні англійскай, нямецкай, французкай, іспанскай ды іншых моў: самі беларусы часцей бываюць за мяжой ці жывуць там.

Шэраг выданняў з асартыменту “Акадэмкнігі” будзе й на Міжнароднай кніжнай выставе: размесціць іх на сваім стэндзе Польскі інстытут, што ў Мінску. Гэта кнігі польскіх аўтараў, надрукаваныя ў Беларусі: Ігната Карповіча “Сонька”, Анджэя Малешкі “Чырвонае дрэва”, Анджэя Сапкоўскага “Вядзьмар”, Сяргея Пясецкага “Гляну я ў аконца” (другая частка з “Мінскай трылогіі”).

Гандляры маюць намер прэзентаваць і выданні, звязаныя з гісторыяй, традыцыямі беларускага народа. Такая супраца для кнігарні — выгадная, бо дапамагае знаходзіць пакупнікоў. Вольга Мікалаеўна ўдакладніла: Польскі інстытут імкнецца прадставіць не тыя кнігі, якія выдаюцца ў Польшчы й зрэдку трапляюць у нашу краіну. Падаецца якраз літаратура польскіх аўтараў, надрукаваная непасрэдна ў Беларусі, для яе жыхароў. Польшча і Германія — гэта, казала дырэктарка, дзве краіны, якія цяпер актыўна займаюцца літаратурнымі сувязямі з Беларуссю й намагаюцца, каб творы, напісаныя польскімі ды нямецкімі пісьменнікамі, былі надрукаваны ў нашай краіне на беларускай і рускай мовах.

Ганна ЛАГУН

Фота budzma.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.