Вы тут

Літаратурны студзень са «Звяздой»


Прыйшоў час пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі, якія “адкрываюць” год у нашым выдавецкім доме.


Людміла Рублеўская.Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”

Добрыя навіны для ўсіх аматараў гістарычнага фэнтэзі! А дакладней для тых, хто з нецярпеннем чакае працягу “Авантур Пранціша Вырвіча” – серыі “раманаў прыгодніцкіх і фантасмагарычных” знакамітай беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Па-першае, у хуткім часе пабачыць свет новая, пятая кніга аўтаркі – “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара” (як толькі гэта адбудзецца – абавязкова паведамім!). Па-другое, у нас увесь час пыталіся, ці не плануецца перавыданне першай кнігі – “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, бо сёння знайсці яе ў крамах амаль немагчыма. Гэта пытанне гучала так часта, што мы здаліся: шкаляр Вырвіч зноў на арэне! Ва ўсіх тых, хто раней не паспеў пазнаёміцца з захапляльнымі прыгодамі шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вернага спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка, з’явілася цудоўная магчымасць зрабіць гэта зараз. Галоўным героям давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, здабыць дзіду святога Маўрыкія, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай самім Леанарда да Вінчы... Падзеі рамана адбываюцца ў XVIII стагоддзі – у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў. Пазнаёмцеся з Вырвічам-шкаляром – і вам абавязкова захочацца дазнацца, што адбывалася далей з Вырвічам-студыёзусам, Вырвічам-драгуном і нават Вырвічам-здраднікам...

Аляксей Якімовіч. “Прыгоды Белай Мышкі”

У кнігу ўвайшлі дзве аповесці-казкі: “Зачараваныя Ружы і Белая Мышка” і “Зачараваны Матылёк і Белая Мышка”. Іх галоўныя героі, Белая Мышка і нядобры міфічны хлопчык Чапялейка, увасабляюць сабою вечнае супрацьстаянне дабра і зла. Хто ж пераможа ў гэтым “паядынку”: смелая і сумленная Мышка, якой дапамагаюць дабрадушны дзядуля-садоўнік і яго верны рабенькі певень Пеця, ці хітры Чапялейка, што заручыўся падтрымкай пухленькай непаваротлівай пані Молі?..

Вам абавязкова спадабаюцца не толькі казачныя гісторыі з гэтай кнігі, але і чароўныя ілюстрацыі мастачкі Дар’і Ганчарык-Чарняўскай: вытанчаныя, містычныя, загадкавыя.

Віктар Ляскоўскі. “Антошкин щенок”

Віктар Ляскоўскі – добра вядомы дзецям пісьменнік. Калі вы замовіце яго вершы ці казкі ў бібліятэцы, хутчэй за ўсё пачуеце ў адказ, што ўсе кнігі зараз “на руках”. Ці не гэта лепшы падарунак для аўтара? Пісаць для сучасных дзяцей вельмі няпроста, асабліва вершы: выразнага рытму, дакладнай рыфмы і цікавага зместу недастаткова, патрэбна штосьці незвычайнае, такое, што чапляе, гульня слоў і сэнсаў.

У творах Віктара Ляскоўскага ўсё гэта ёсць. Здаецца, што яны напісаныя самімі героямі, выдумшчыкамі і фантазёрамі. Калі ёсць аўтобусы-гармонікі, то куды схаваліся тралейбусы-раялі і трамваі-саксафоны? Куды будуць ставіць непаслухмяных дзяцей, калі праектаваць і будаваць дамы без вуглоў? Ці сапраўды так небяспечна гладзіць сабаку па хвасце: нават калі вельмі злы, не стане ж ён кусацца хвастом! Так жартуе аўтар і яго героі.

“Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца”. Укладальнік Вячаслаў Паўлавец

 

Палотны выдатнага майстра акварэлі, творчасці якога прысвечаны гэты альбом, захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Польшчы, ЗША... Кніга ўвабрала ў сябе каля 100 рэпрадукцый пейзажаў вядомага мастака, створаных на мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў. Прадчуванне вясны, мелодыі восені і матывы зімы, сцішваючыя ранішнія і задуменныя начныя краявіды, сілуэты Нясвіжа і Полацка, Кракава і Прагі...

Работы Вячаслава Паўлаўца – гэта найчыстая паэзія ў акварэлі, праекцыя чыстых эмоцый ад сузірання прыроды на аркуш паперы. “Больш за ўсё люблю пісаць зімовыя пейзажы і шэры дзень, – дзеліцца мастак. – Пазбаўлены святла, сонца, ён нібы завісае ў Сусвеце. Часу няма. І я думаю: вось выпадак пачаць жыццё з нуля, з самага пачатку. З белага аркуша – у прамым і пераносным сэнсах. Хтосьці скажа: гэта момант ісціны. Я сваімі акварэлямі кажу: гэта момант неўміручасці чалавека, неўміручасці яго душы”.

Яна Явіч. “Утёна во Франции”

Гэта кніга – працяг гісторыі пра цікаўную качачку Уцёну. Маленькая гераіня разам з бацькамі адправілася зімаваць на Блакітны бераг. І зноўку дапытлівая птушачка задае шмат пытанняў, бо хоча даведацца пра ўсё і адразу. Гэтым разам “ахвярамі” цікаўнасці Уцёны сталі яе новыя французскія знаёмыя – качкі Катрын і Сандрын. Ім давядзецца распавесці сяброўцы, ці ёсць нейкая сувязь паміж эльфамі і Эйфелевай башняй, чаму галоўная вуліца Парыжа Елісейскія палі – гэта зусім не палі і якія цікавосткі хаваюць ў сабе Луўр, каралеўская рэзідэнцыя і Дзіснэйлэнд. І няхай наша гераіня шмат што блытае і выдумляе, галоўнае, што яна імкнецца да новых ведаў.

“Утёна во Франции” – не сумная энцыклапедыя і не падручнік. Гэта дзесяць незвычайных гісторый, якія ў казачнай форме пазнаёмяць дзяцей з адной з самых незвычайных краін свету.

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.