Вы тут

«Калі мужчыны даюць волю пачуццям, гэта прыгожа»


«Неяк сяброўка папрасіла аформіць радзільню. Частку фатаграфій мы развесілі ў аддзяленні паталогіі цяжарнасці. І мамы пачалі пісаць лісты, што, калі б не гэтыя здымкі, то з'явілася б жаданне накласці на сябе рукі. Тады ўнутры нешта ўздрыганулася. І я зразумела, што фатаграфія можа больш, чым проста быць прыгожай карцінкай», — успамінае Наталля МІРАНЧУК, кіраўнік сацыяльна-дабрачыннай установы «Бэйбі Сторы». Яна арганізуе здымкі немаўлят і выстаўкі, якія лепш за любую сацыяльную рэкламу паказваюць, якое гэта шчасце — мець сям. А таксама дапамагае неданошаным дзецям і збірае жанчын на майстар-класы для будучых мам. Чаму нованароджаных фатаграфуюць спячымі, навошта падчас здымкі ўключаюць «гул самалёта», за што варта дзякаваць мужчынам і што дае мацярынства, Наталля расказала ў інтэрв'ю «Сямейнай газеце».


«Ніколі не паеду на здымку раздражнёнай»

Разам з сынам Оскарам.

— Як вы захапіліся фатаграфіяй?

— Сама я не здымаю: працую ў пары як кіраўнік працэсу. Калі была замужам за вядомым фатографам, ездзіла ў Амерыку на вучобу і зразумела, што ньюбарн-фатаграфія (англійскае «nеwbоrn» — нованароджаны. — Аўт.) там актыўна развіваецца, а ў нас пра яе ніхто не ведае. Гэта быў 2007 год. У нашых сяброў тады якраз сталі нараджацца дзеці, і мы спрабавалі іх здымаць. Я скончыла ледзь не ўсе курсы для цяжарных, па дынамічнай гімнастыцы, бэбі-ёзе, каб навучыцца працаваць з немаўлятамі.

Такая фатаграфія — як першая памяць аб малым. У яго яшчэ пушок на плечыках і вушках, маршчынкі на пятках, вялікая ў параўнанні з астатнім целам галава. Звычайна першы час пасля нараджэння малога бацькі знаходзяцца ў добрым шоку, пад аксітацынамі, і не паспяваюць гэта ўсё заўважыць. Задача ньюбарн-фатографа ў тым, каб схапіць гэты момант, бо праз тры тыдні дзіця ўжо будзе абсалютна іншае.

Тэхнічны бок у такой здымцы займае другое месца. Самае важнае — умець працаваць з немаўлём: бяспечна, гігіенічна, акуратна. Бо гэта самае дарагое, што можа быць у цябе ў руках. Трэба таксама ўмець працаваць з бацькамі, бо мама, калі гэта першае дзіця, вельмі хвалюецца, а тата, як каршун, ахоўвае сваю прастору (і гэта здорава).

90 працэнтаў кадраў робіцца, калі малы спіць. Чаму? Бо ў астатні час нованароджаныя не вельмі сімпатычныя (усміхаецца). Заўсёды грымаснічаюць, махаюць ручкамі.

— Як праходзіць здымка?

— Уваходзячы ў дом, ты павінен за 10 секундаў адсканаваць сітуацыю, якая там адбываецца, зразумець, хто галоўны, і з ім пачынаць весці перамовы. Калі я бачу, што мама нервуецца, не чапаю дзіця — спачатку іду з ёй на кухню піць гарбату. Мы размаўляем пра цяжарнасць, урачоў... І праз хвілін 15, калі мама стане давяраць, можна пачынаць. У мяне дастаткова кампетэнцый адносна дзіцяці: ведаю, калі яно галоднае, як правільна яго прыкласці да грудзей, як зрабіць масаж, каб не балеў жывоцік. Некаторыя пасля кажуць: «Усё, вы самае галоўнае ўжо зрабілі: яно не крычыць».

Нельга ставіцца да гэтай фатаграфіі выключна як да камерцыйнага праекта. Трэба падыходзіць з любоўю. Калі я нядобра сябе адчуваю, раздражнёная, то ніколі не паеду на здымку.

Мы прывозім з сабой два чамаданы рэчаў: пледы, бодзікі, падушачкі... Ёсць яшчэ машына белага шуму. Яна робіць роўны гук, як гул у самалёце, каб шчаўчок затвора быў не такі рэзкі. Дзеці не рэагуюць на манатонны шум і спакойна спяць. Цяпер такі гук можна спампаваць на тэлефон, а раней я прапаноўвала бацькам уключыць фен ці пыласос, каб малы перастаў капрызіць.

— Бачыла, што вы заўсёды ў масцы.

— Гэта ўжо звычка. Я працую блізка з дзіцем, прыціскаю яго да сябе. Для мяне гэта сродак гігіены. І так псіхалагічна камфортней бацькам.

У пакоі, дзе мы здымаем, заўсёды працуе абагравальнік, бо калі немаўля пераадзяваеш, яно не павінна адчуваць розніцу ў тэмпературы, інакш прачнецца.

— У вашай камандзе сярод фатографаў ёсць мужчыны. Мамы як да іх ставяцца?

— Класна. Мужчыны, з якімі я працую, вельмі тактоўныя: яны самі бацькі.

Наогул для мяне важна ўключыць татаў у працэс. Бо іх часта не пускаюць даглядаць дзіця, толькі крытыкуюць: няправільна адзеў, няправільна трымаеш. І праз два-тры тыдні мужчыну становіцца нецікава, ён больш не спрабуе. Мы дапамагаем пераадолець бар'ер. Просім тату ўзяць плед, быццам незнарок перадаём у рукі дзіця. Першы час ён баіцца, затое калі з'язджаем, ужо ўпэўнена трымае малога.

— Цяпер многія выкладваюць фота дзяцей у сацыяльных сетках. Вы як да гэтага ставіцеся?

— Я не выкладваю фота без дазволу бацькоў і пакуль немаўляці не споўніцца хоць бы тры месяцы. Свайго сына ў зусім маленькім узросце таксама ў сацыяльных сетках не паказвала. Але ў цэлым не бачу ў дзіцячых здымках нічога дрэннага. Як чалавек, які верыць у светлае, спадзяюся, што гэтыя фота выклікаюць пазітыў — яны не могуць не кранаць.

«У нашай культуры мала падзякі мужчынам»

— Пра што можна размаўляць праз фатаграфію?

— Калі я рабіла першую выстаўку да Дня маці каля мінскай ратушы, казала пра тое, што дзіця не перашкаджае маці быць бізнес-лэдзі і рэалізоўваць творчыя праекты, — наадварот раскрывае яе. Падчас другой выстаўкі «Я побач» мы прасілі жанчын напісаць лісты падзякі сваім мужчынам за простыя рэчы — памяняў уночы падгузак малому і даў паспаць, пасля работы застаўся адзін з трыма дзецьмі і адпусціў з сяброўкай папіць кавы. Так атрымалася, што свайго сына я расціла адна, і, прыязджаючы ў сем'і, часта назірала, што жанчыны ўспрымаюць як належнае, што мужчына іх забяспечвае, клапоціцца. Мне хацелася зрабіць мам крыху больш шчаслівымі і паказаць, як шмат у іх ёсць. Прыемна было глядзець на мужчын, якія стаялі на выстаўцы з шырока распраўленымі плячыма. Бо ў нашай культуры мала падзякі мужчынам. У мяне ёсць некалькі здагадак, чаму так.

— Падзяліцеся...

— Мне здаецца, жанчыне страшна, што калі яна будзе хваліць мужчыну, то ў нейкі момант яе слабасці ён можа сысці. Таму мы любім заядаць (смяецца). Замест таго, каб старацца самой быць класнай, прыніжаем мужчыну: маўляў, куды ж ты без мяне. Гэта раз.

Другое — гэта нейкі прынцып: калі я прыгожая, ты мне вінен. Я падтрымліваю лад сям'і, дзе мужчына здабытчык, але ў жанчыны таксама ёсць абавязкі.

Я сабе наўпрост у напаміналцы запісваю: «дзякаваць». Бо ты сама ад гэтага становішся багацейшай.

Вязаныя цуда-васьміножкі для неданошаных дзетак.

— Некалькі гадоў вы займаецеся дапамогай неданошаным дзецям. Што падштурхнула да гэтага праекта?

— Калі мы былі на здымках ў Літве, мясцовы фонд неданошаных дзяцей папрасіў прыехаць у аддзяленне і зняць дзяўчынку для буклета. Яна важыла паўтара кілаграма. Я вельмі прасякнулася, колькі ў тым дзіцяці было прагі да жыцця.

Наша арганізацыя займаецца больш інфармацыйна-прафілактычнай дапамогай. Напрыклад, падтрымліваем праект па вязанні цуда-васьміножак. Такія цацкі добра ўплываюць на развіццё нервовай сістэмы і дапамагаюць дзецям супакоіцца: шчупальцы васьмінога нагадваюць немаўлятам пупавіну. Мы збіраем і перадаём медустановам ваўняныя шкарпэткі для нованароджаных — яны не толькі саграваюць, але і стымулююць кровазварот.

Праводзілі таксама конкурс ньюбарн-фатографаў, а за грошы, якія сабралі як узносы за ўдзел, купілі гнёзды для неданошаных дзетак і развезлі па радзільнях.

— Вы з'яўляецеся адным з каардынатараў праекта «MаmаРrо». Летась кангрэс сабраў больш за тысячу наведвальнікаў. Чаму семінары для будучых бацькоў сталі запатрабаванымі? Здавалася б, у інтэрнэце можна прачытаць усё.

— У сеціве няма адчування даверу. Таму, калі перад бацькамі выступае эксперт, да якога трапіць на прыём можна, толькі запісаўшыся за некалькі месяцаў, яны больш упэўнены, што інфармацыя надзейная.

Сам праект — гэта вялікая ідэя акушэра-гінеколага Дзіяны Мардас. Я далучылася, каб дапамагаць з арганізацыяй. За мінулы год мы праехалі ўсе рэгіёны.

У студзені ўручалі мамам у радзільнях падарункавыя каробкі з рэчамі, неабходнымі ў першыя дні жыцця дзіцяці. Гэта пілотны праект, запусцілі яго ў Мінску. Хоць сама ініцыятыва з боксамі ёсць больш чым у 80 краінах свету. У Фінляндыі, напрыклад, дораць вялікую каробку, якую можна выкарыстоўваць як ложачак.

Мы праводзілі таксама майстар-класы для татаў. Іх адметнасць была ў тым, што медыйныя бацькі выходзілі на сцэну і гаварылі пра свае страхі. Паказвалі, што гэта нармальна — чагосьці не ведаць.

Падчас здымачнага працэсу.

— Не саромеліся таты ўдзельнічаць у сустрэчах? Усё ж такі абмяркоўваць сямейныя пытанні «не па-мужчынску».

— Ведаеце, нават на кангрэсах для мам чвэрць наведвальнікаў былі таты. Гэта кажа пра тое, што яны ўсё больш уключаюцца ў падрыхтоўку да родаў, выхаванне дзяцей. Ім не ўсё роўна, якія ўмовы ў радзільні, які ўрач будзе глядзець жонку. Мужчыны задаюць шмат пытанняў.

«Няма ідэальнай сям'і, як на білбордзе»

— Неяк у інтэрв'ю вы казалі, што не зусім правільна, калі фота заўсёды трансліруе ідэальную сям'ю. Чаму?

— Мне падабаецца, калі фатаграфія жывая, шчырая. Хочацца паказаць сям'ю такой, якая яна насамрэч. Класна, калі дзеці злуюцца або ўсміхаюцца на здымку. Больш за ўсё чапляюць эмоцыі, а не правільная кампазіцыя.

Яшчэ адзін фактар — няма ідэальнай сям'і. А калі на білбордзе заўсёды «мама, тата, двое дзяцей і сабака», астатнія, параўноўваючы рэальнасць з гэтай карцінкай, адчуваюць сябе няўдачнікамі. Але ў іншых сем'ях не менш прыгажосці і любові.

Ведаеце, калі мужчыны дазваляюць сабе адчуваць, гэта вельмі прыгожа. Мне здаецца, нашы праекты падсвечваюць прыгажосць узаемаадносін. Для таго каб людзі змаглі паглыбіцца ў пачуцці, іх трэба здымаць не менш, чым дзве гадзіны, бо спачатку яны саромеюцца, заціскаюцца. Я сама працавала мадэллю і ведаю, як гэта — быць па той бок аб'ектыва.

— Якая вы мама? Як выхоўваеце сына?

— Я старалася не змешваць адносіны з мужчынам і з дзіцем. Гэта вельмі балюча, калі ў жанчыны ёсць нявыказаныя прэтэнзіі да мужчыны, з якім яна не жыве, і яна пачынае выказваць негатыў малому: твой тата дрэнны, мне не дапамагае.

Для мяне дзеці, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, як птушкі з адным крылом. Таму на пару тыдняў, на месяц сын ездзіць да таты, каб праводзіць час разам. Тлумачу Оскару, што мы проста не жывём з яго бацькам, але ён заўсёды будзе яго любіць. І мне здаецца, я спраўляюся. У сына няма траўмы.

Мне было важна не падстройваць сваё жыццё пад дзіця. Я бачу шмат гісторый, калі мама выгарае за паўтара-два гады, бо цалкам пераключаецца на малога. У мяне крыху іншы падыход. Мы шмат ляталі з сынам з самага маленства. У два гады, калі адпраўляліся ў Маямі, я ўжо не трымала яго за руку. Казала: «Сын, я нясу чамаданы, каляску, заплечнік, і твая задача — не згубіцца». Оскар — самастойны хлопец.

— Сёння ад жанчын многага патрабуюць: выхоўваць вундэркіндаў, весці паспяховы бізнес, бездакорна выглядаць. Вы адчуваеце гэты ціск?

— Так. І гэта няпроста. Стаць добрай мамай можна, толькі калі адчуваеш патрэбы свае і дзіцяці, а для гэтага трэба быць у стане спакою. А тут суцэльны стрэс: жанчына мусіць рэзка пахудзець пасля родаў, падцягнуць грудзі пасля кармлення, усё паспяваць... Вельмі часта бізнес у дэкрэце пачынаюць не таму, што так хочацца, а таму, што вельмі страшна засядзецца, ператварыцца ў квактуху. Насамрэч, лепш першы час занырнуць у радасці мацярынства. Потым ты адчуеш той адпраўны пункт, калі гатовы выходзіць у грамадства, рабіць праекты. У мяне гэта было праз год пасля родаў.

Крута, што ў нас дэкрэт тры гады. Ёсць магчымасць намацаць, чым ты хочаш займацца. Хапае ж гісторый, калі жанчына пасля нараджэння дзіцяці выходзіць у іншую сферу. Чаму яна не магла зрабіць так дагэтуль? Бо мы як у гонцы: школа, універсітэт, замужжа, кар'ера. А мацярынства дае глыбокае адчуванне сябе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.