Вы тут

Праблему жылля для шматдзетных вырашаць за два гады


Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.


Усяго за мінулы год у краіне было пабудавана 3 мільёны 966 тысяч квадратных метраў жылля. У тым ліку для шматдзетных пабудавана 604 тысячы 567 квадратаў, па класе «арэнднае жыллё» — больш за 125 тысяч. Сёлета арэнднага жылля плануецца ўзвесці каля 135 тысяч квадратных метраў.

Не больш за 1025 рублёў за метр

«Стаіць задача перад усімі дзяржаўнымі і камерцыйнымі забудоўшчыкамі, якія будуць будаваць жыллё для тых, хто мае патрэбу, каб кошт квадратнага метра быў ніжэйшы, чым сярэднямесячны налічаны даход насельніцтва. Гэтая задача была пастаўлена кіраўніцтвам дзяржавы, і ў мінулым годзе яна была дасягнута», — расказвае Аляксандр Аўраменка.

Нагадаем, што, паводле вынікаў мінулага года, «квадрат» з дзяржпадтрымкай каштаваў 841,95 рубля пры плане 923,16 рубля. А кошт квадратнага метра для тых, хто будуецца з дзяржпадтрымкай, да канца 2019 года не будзе перавышаць 1025 рублёў.

У чарзе год

Бягучы год і 2020-ы будуць напружанымі. «Мы павінны за два гады забяспечыць усіх шматдзетных, што стаяць больш за год у чарзе тых, хто мае патрэбу, жыллём. Калі не расхалоджвацца, ёсць магчымасць не толькі выканаць, але і перавыканаць гэты план», — удакладняе пазіцыю міністэрства Аляксандр Аўраменка.

Сёлета ў краіне разлічваюць пабудаваць 4 млн квадратных метраў жылля. З іх 960 тысяч «квадратаў» — для шматдзетных чаргавікоў.

У краіне сёння 34 838 шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Частка з іх ужо будуецца. Кіраўніцтва краіны паставіла задачу, каб яны стаялі ў чарзе не больш за год. І ў далейшым, па словах начальніка ўпраўлення, плануецца выйсці на формулу, калі шматдзетная сям'я павінна стаяць у чарзе не больш за 12 месяцаў.

«Не буду казаць пра тыя сем'і, якія, калі падыходзіць чарга будавацца, адмаўляюцца і прапускаюць яе. Але тыя, хто знаходзіцца на чарзе і хто хоча будавацца, будуць забяспечаны жыллём. Усе магутнасці для гэтага ёсць. І тэрыторыю знойдзем, і рэсурсы, а дзяржава таксама паклапацілася аб ільготных крэдытах. Цяпер пытанне ў тым, каб арганізавацца».

Згодна з планамі на бягучы год для шматдзетных сем'яў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, пабудуюць 12 тысяч кватэр. З іх у Мінску — 1896, у Брэсцкай вобласці — 2508, у Мінскай — 2112 кватэр.

Сістэма будзберажэнняў і іпатэка

Начальнік упраўлення закрануў і тэму жыллёва-будаўнічых зберажэнняў. У Міністэрстве разлічваюць, што гэта сістэма запрацуе ў нас у краіне да канца гэтага года. Праект указа па сістэме жыллёва-будаўнічых зберажэнняў ужо падрыхтаваны, і чакаецца, што днямі ён будзе накіраваны ў апарат Савета Міністраў для далейшай працы з ім. А далей Саўмін накіруе яго на ўзгадненне ў адпаведныя дзяржорганы.

Аляксандр Аўраменка адзначыў, што дадзеная тэма абмяркоўвалася ў краіне даўно: больш за 15 гадоў ідэя лунала ў паветры, але ў сілу шэрагу прычын не была рэалізаваная. Па выніках некалькіх нарад ва ўрадзе пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Уладзіміра Кухарава атрымалася знайсці пункты судакранання.

Паводле яго слоў, з укараненнем сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў у людзей будзе яшчэ адна магчымасць хутчэй пабудаваць жыллё. Гэта датычыцца і грамадзян, якія не адносяцца да катэгорыі тых, хто мае патрэбу.

Што датычыцца ўвядзення іпатэкі, то гэтым пытаннем займаецца Міністэрства эканомікі. «Але мы ведаем, што адпаведны дакумент ужо практычна падрыхтаваны», — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Праблемныя дамы дабудуюць да 1 ліпеня

«Усе звышнарматыўныя дамы, якія былі выяўлены па заканчэнні мінулага года, будуць уведзены ў строй да канца першага паўгоддзя. Гэтыя дамы на строгім кантролі», — адзначыў Аляксандр Аўраменка. Паводле прагнозу прадстаўніка міністэрства, многія са звышнарматыўных дамоў будуць уведзеныя раней гэтага тэрміну.

Так, на пачатак 2019 года ў краіне было зарэгістравана 19 жылых дамоў, будаўніцтва якіх вялося з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. У тым ліку ў Віцебскай вобласці было чатыры дамы, у Гродзенскай — тры, у Мінскай — дзевяць, у Мінску — тры дамы.

Каб вырашыць праблемы са з'яўленнем звышнарматыўных дамоў, прапануецца дазволіць мяняць тэрміны будаўніцтва па жылых дамах не больш як адзін раз. Адпаведныя змены могуць унесці ў правілы заключэння і выканання дагавораў будаўнічага падраду. «У цяперашні час падрыхтавана змяненне ў пастанове Мінбудархітэктуры, дзе будзе прапісана, што можна падаўжаць толькі адзін раз», — удакладніў Аляксандр Аўраменка.

Пілотны праект аб горадзе-спадарожніку

Рашэнне аб такім праекце па будаўніцтве жылля для мінчан у Смалявічах прымуць у найбліжэйшы час. Праект ужо падрыхтаваны і знаходзіцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта. «Мы чакаем, што ў самы бліжэйшы час будзе нейкі вынік. Спадзяёмся, што такі дакумент будзе падпісаны», — адзначыў Аляксандр Аўраменка.

Прадстаўнік Мінбудархітэктуры растлумачыў, што пры станоўчым рашэнні па праекце пачатак будаўніцтва дома ў Смалявічах будзе дадаткова анансавацца і чаргавікі змогуць падаць заявы. «З тых людзей, хто выявіць жаданне і падасць заяву, будуць абраныя тыя, хто даўжэй за ўсё стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў», — расказаў Аляксандр Аўраменка.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?