Вы тут

Супярэчнасці англійскага двара ў новым фільме Ёргаса Ланцімаса


Сёння ў пракат выходзіць гістарычна дакладная і ў той жа час па-мастацку самабытная драма «Фаварытка», што расказвае пра прыдворныя інтрыгі, у якіх задзейнічаны тры жанчыны Англіі ХVІІІ стагоддзя. Фільм зняты знакамітым у фестывальным свеце грэчаскім рэжысёрам Ёргасам Ланцімасам і атрымаў ажно дзесяць намінацый на прэмію «Оскар», што зрабіла яго адным з лідараў па прэтэнзіях на статуэтку. Сапраўды, карціна з разумна разлічанай драматургіяй, абыгрываннем адваротнага боку ўлады, надзвычайнымі антуражам і касцюмамі, своеасаблівай, але не радыкальна, кінамовай і Рэйчэл Вайс з Эмай Стоўн у галоўных ролях дагаджае і нашым і вашым. І Венецыянскаму кінафестывалю, дзе атрымала Асаблівы прыз журы, і Амерыканскай кінаакадэміі.


Некаторыя намінанты на сёлетнюю прэмію «Оскар», можа, і выклікалі ў кінааматараў некаторую нязгоду, маўляў, блокбастар «Чорная Пантэра» выглядае кан'юнктурным выбарам, а павярхоўная «Багемская рапсодыя» — поп-прадуктам. Затое апублікаваны спіс выявіў і прыемны рэверанс у бок арт-кіно. Тут вам і намінаванне паляка Паўла Паўлікоўскага на найлепшага рэжысёра за фільм «Халодная вайна», і чорна-белая карціна «Рома» мексіканскага аўтара Альфонса Куарона таксама з дзесяццю намінацыямі, і нарэшце «Фаварытка».

Радыкал Ёргас Ланцімас, аўтар фільмаў «Клык», «Лобстар», «Забойства свяшчэннага аленя» ды іншых з іх працяглымі бязгучнасцямі і ўмоўнасцямі, якія трэба прыняць падчас прагляду, гэтым разам зрабіў вельмі зразумелую, выразную і лінейную карціну. То-бок фестывальную і ў той жа час глядацкую гісторыю, расказаную са своеасаблівым почыркам, праз якія аўтар іранізуе са слабай, капрызнай каралевы і прагнасці да славы дзвюх сваіх гераінь, ад якіх, між іншым, залежыць жыццё краіны і ход вайны з Францыяй. Карацей, насуперак стэрэатыпам пра такога роду прадукцыю фестывальны фільм глядзіцца «на адным дыханні».

У цэнтры інтрыг аказваецца каралева Анна (супер-роля Алівіі Колман), псіхалагічна залежная ад сваёй сяброўкі з дзяцінства, палюбоўніцы і фаварыткі Сары (Рэйчэл Вайс), што праз свой уплыў на каралеву літаральна ўзяла кіраванне краінай на сябе, а значыць, атрымала ў ёй неабмежаваную ўладу. Пакуль Сара займаецца палітыкай, складаннем плана, што Анна павінна сказаць ці зрабіць, а таксама супакойваннем і ўлагоджваннем каралевы ў асабліва балючыя моманты, у палацы з'яўляецца новая служанка Эбігейл (Эма Стоўн).

Знешняя простасць і пакорлівасць Эбігейл падманвае Сару, і ў выніку служанка ўступае ў спаборніцтва за прыхільнасць каралевы. Уласна гэта спаборніцтва на фоне вайны з Францыяй і лёгкай прысутнасці парламента з апазіцыяй і складае сюжэтную лінію фільма. Але як! Дзверы ў зачыненыя пакоі адчыняюцца, а ў іх днях мы бачым зусім непрыглядныя і далёка, здавалася б, не каралеўскія штрыхі.

Анна з яе капрызамі, страхамі, крыўдамі, слабасцямі, хваробамі становіцца аб'ектам для ў асноўным паспяховага маніпулявання, таму галоўныя целарухі і вынаходлівасць праяўляюць Сара і Эбігейл. Усё гэта выяўляе сляпую прагу ўлады, падводныя камяні высокага становішча і хісткасць двара, заклапочанага не столькі краінай, колькі самім сабой.

Да таго ж гісторыя каралевы Анны і інтрыг вакол яе стала выдатнай асновай для стварэння свету жаночага дамінавання і жаночых амбіцый, дзе мужчыны з парламента толькі вядуць вайну ды ў кароткіх сцэнах выказваюць справядлівую занепакоенасць падаткамі. То-бок у цэлым застаюцца на другарадных ролях пад абсалютным жаночым, часам нелегітымным, як у выпадку з фаварыткамі, кіраваннем.

Ці наўмысна, ці не, зачыненыя пакоі, у якія асабісты, блізкі і нават інтымнага роду ўваход даступны толькі жанчынам і на іх жа замыкаецца, сапраўды робяць свет падкрэслена жаночым. Прыкметна, што і дзяцей як неабвержных доказаў кантактаў з мужчынамі ні ў адной з галоўных гераінь няма, затое для каралевы «дзецьмі» з'яўляюцца трусікі.

Гэтаксама, як праз сканцэнтраваныя твары, статычныя планы ці сюжэтныя дэталі Ланцімас іранізуе з недахопаў сваіх гераінь, якія, знаходзячыся пры ўладзе, альбо ўвогуле не ведаюць, як кіраваць краінай, альбо зацікаўлены ва ўладзе як асабістым атрыбуце, рэжысёр іранізуе і з сучаснага жаночага руху. «Фаварытка» паказвае, што мінулае не такое ўжо скрозь мужчынскае, а калі пры ўладзе аказаліся тры жанчыны, інтрыгі і маніпуляцыі запаланілі прастору.

Але якая б іронія ці стаўленне тут ні праглядваліся, перадусім фільм зацягвае візуальна неэнергічнай, але шалёна займальнай барацьбой ды маятнікам пераваг каралевы.

У сетцы Sіlvеrsсrееn і Fаlсоn Сlub Буцік Кіно «Фаварытка» будзе паказвацца да 13 лютага, у «Кінавідэапракаце» — да 20 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Пад жанчынамі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.