Вы тут

Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў падрыхтоўку да Сусветнай шахматнай алімпіяды


Беларусь як арганізатар спартыўных форумаў глабальнага маштабу працягвае набіраць вагу. Чэмпіянат свету па хакеі, чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, ІІ Еўрапейскія гульні... Ведаеце што стане наступным? Алімпіяда. Сусветная шахматная алімпіяда 2022 года, права правядзення якой мы атрымалі мінулай восенню.


Гэта ні многа ні мала — падзея планетарнага маштабу, самыя буйныя спаборніцтвы ў свеце шахмат. Пра тое, што гэта дасць Беларусі — размова асобная, але каб нешта атрымаць, трэба ўмець аддаваць. Таму да любых значных падзей важна годна падрыхтавацца. Гэта і стала нагодай для сустрэчы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) Аркадзем Дварковічам.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для яго любы від спорту вельмі важны. «Тым больш Беларусь адна з моцных шахматных дзяржаў, і школа ў нас заўсёды была годная, і зараз ёсць зрухі. Таму гэта наша сустрэча дарэчы, і ёсць магчымасць абмеркаваць планы на будучыню», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў у гатоўнасці аказаць дапамогу пры вырашэнні любых праблем падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды.

Каментуючы журналістам змест сустрэчы, Аркадзь Дварковіч сказаў, што напярэдадні буйных спаборніцтваў і іншых мерапрыемстваў, якія пройдуць у Беларусі, а гэта, акрамя Алімпіяды, два Кубкі свету (сярод жанчын і сярод мужчын) і кангрэс ФІДЭ, важна абазначыць прыярытэты развіцця гэтага віду спорту ў краіне. «Гэта датычыцца прасоўвання праекта «шахматы ў школах» — самы важны праект, які павінен ахапіць усе навучальныя ўстановы, размова аб праграме для пачатковых класаў. Наступны ўзровень — шахматная акадэмія, дзе вучацца таленавітыя маладыя людзі. Беларуская Школа (Акадэмія) шахмат ФІДЭ можа стаць адной з найлепшых у свеце. І, вядома, гэта прафесійныя шахматы. Вельмі важна, каб у 2022 годзе беларуская каманда паспяхова выступіла на дамашняй алімпіядзе».

Аляксандр Дварковіч, які з'яўляецца сустаршынёй Фонду развіцця Цэнтра распрацоўкі і камерцыялізацыі новых тэхналогій «Сколкава» (Масква) таксама расказаў Прэзідэнту Беларусі пра работу Фонду «Сколкава», пра яго ўзаемадзеянне з беларускімі партнёрамі.

Даведка «Звязды»

Сусветная шахматная алімпіяда будзе доўжыцца два тыдні, з 1 да 14 жніўня 2022 года. У ёй маюць права браць удзел усе краіны — члены ФІДЭ, такіх цяпер 189. Гэта не толькі ўласна спаборніцтвы, але і вялікая колькасць іншых мерапрыемстваў для дзяцей і юнацтва, якія накіраваны на папулярызацыю шахмат і падняцце ўзроўню шахматыстаў. Падчас алімпіяды пройдзе кангрэс ФІДЭ, на якім адбудуцца чарговыя выбары Прэзідэнта і Прэзідэнцкага савета Міжнароднай федэрацыі шахмат. Восенню 2010 года ў Мінску пройдзе Кубак свету па шахматах сярод жанчын. У жніўні 2021-га — Кубак свету сярод мужчын.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Самыя ціхія спаборніцтвы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?