Вы тут

Сакрэты працы найлепшых вадалазаў краіны


Напярэдадні Дня ратавальніка, які адзначаўся 19 студзеня, былі вызначаны найлепшыя барацьбіты са стыхіямі ў Беларусі. Сярод іх — і два супрацоўнікі Цэнтра вадалазна-выратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння Алег Сцяпук і Дзяніс Кучко. Працы ім хапае ў любую пару года — і зімой, калі на лёд адпраўляюцца аматары рыбалкі, і ўлетку, калі распачынаецца масавы купальны сезон. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся да вадалазаў і даведаліся пра іх службу.


«Першага тапельца я дастаў пад гукі салюту»

Вадалазны спецыяліст старшы лейтэнант унутранай службы Алег Сцяпук працуе ратавальнікам ужо 13 гадоў. З іх «вадалазны» стаж складае восем. Афіцэр скончыў Камандна-інжынерны інстытут па спецыяльнасці «інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый». Да таго за плячыма ў яго былі шэсць гадоў Сувораўскага вучылішча. А сёлета яго прызналі найлепшым вадалазам.

— Пачынаў я ў Мінскім раёне камандзірам аддзялення. Пасля перайшоў на пасаду начальніка аддзялення ў часць у Ждановічах. Гэта на беразе Мінскага мора. Адпаведна, адным з патрабаванняў была кваліфікацыя вадалаза. Таму мяне адправілі вучыцца. У Цэнтры я паглядзеў на асабовы склад, тое, як жывуць байцы, і захацелася ўжо перавесціся сюды, балазе была вакансія.

— Як часта даводзіцца адпраўляцца на выезды?

— Напрыклад, у мінулы панядзелак відавочца паведаміў, што дзеці катаюцца на льдзіне каля гатэля на праспекце Пераможцаў. Выбраліся мы туды, але пацярпелых мы там не ўбачылі. Ды і той, хто званіў, некуды сышоў. У тым і краевугольная складанасць нашай працы: калі мы прыязджаем на месца, з якога нам паведамілі аб надзвычайнай сітуацыі, і няма сведкі, які нас выклікаў, то застаецца толькі здагадвацца, адбылося тут нешта ці не. А гэта азначае тое, што пачнуцца пошукавыя работы без прывязкі да мясцовасці, якія зацягваюцца на даволі працяглы час.

Калі паступае інфармацыя аб тым, што чалавек патануў, і да воднага аб'екта трэба ехаць даўжэй за паўгадзіны, то з верагоднасцю 99 % мы едзем, на жаль, даставаць тапельца. Я чуў пра выпадак, калі чалавек нібыта правёў больш за 20 хвілін пад вадой і якога пасля ўдалося рэанімаваць. Але калі нават такое і было, то выпадак гэта адзінкавы. Як правіла, пасля пяці хвілін пад вадой без доступу кіслароду ў мозгу чалавека пачынаюцца незваротныя змяненні.

Даводзіцца нам шукаць і рэчавыя доказы для супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў па адпаведных запытах. Як правіла, гэта прылады, якія праходзяць па разнастайных крымінальных справах, — нажы, пісталеты... Даставалі са дна нават ноўтбукі з інфармацыяй.

— Ці нагадвае дно нашых вадаёмаў сметнік?

— Там, дзе адпачывае шмат людзей, — безумоўна. Напрыклад, адзін раз я працаваў на дне Чыжоўскага вадасховішча ў Мінску. Калі паглядзець на карту, то яно размешчана каля трох даволі буйных мікрараёнаў. Дык вось, з прафесійнага пункту гледжання гэты вадаём — самы дрэнны. Ходзіш па дне літаральна навобмацак, таму што ён яшчэ і цёмны. А чаго толькі няма на дне! Нашы хлопцы бачылі там батарэі бутэлек, бухты калючага дроту, затопленыя старыя лодкі. А аднойчы там і ўвогуле адбыўся паказальны выпадак. Наш вадалаз неяк на дне вадасховішча ўпёрся ў... сцяну. І вось куды не тыцнецца навобмацак — паўсюль сцяна! Паспрабаваў усплыць на паверхню — і там перашкода. Урэшце, ён выйшаў назад па сігнальным канцы. Мяркуючы па яго апісанні, на дне таго вадасховішча ляжыць пакой або блок ад панэльнага дома...

А дзе складаней працаваць — у стаячым возеры ці на рацэ?

— Адразу нельга адказаць адназначна. На ўмовы работы ўплываюць празрыстасць, хуткасць цячэння, засмечанасць дна, шчыльнасць водарасцяў. Добра працаваць на возеры з бачнасцю ў метраў пяць з чыстым пясчаным дном. Але ў нас такіх — адзінкі.

— Што самае складанае для вас?

— Бачыць блізкіх на беразе. Ведаеце, за столькі гадоў я ўжо прывык не баяцца мёртвых. Але калі бачыш бацькоў дзяцей, сяброў, якія апанаваны горам, але яшчэ міжволі спадзяюцца на шчаслівы зыход... А ты разумееш, што прайшло шмат часу і ніякай надзеі ўжо няма. І назад не перайграеш сітуацыю, як у камп'ютарнай гульні. Мне вось запомніўся мой стартавы пошук. Першага патанулага я дастаў 9 мая 2012 года. Выйшаў з ім на бераг Свіслачы за камвольным камбінатам акурат пад гукі святочнага салюту. А пасля аказалася, што гэты небарака быў сваяком маёй цешчы.

— А ці даводзіцца вам працаваць на кар'ерах?

— Вельмі непрыемны вадаём у Мінску на вуліцы Гарэцкага. Летась там патанулі ажно тры чалавекі, прычым двух з іх даставала мая змена. Калі ў натуральным вадаёме вада збольшага адпаліравала дно за тысячагоддзі, то ў кар'еры дно там, дзе калісьці яго праараў коўш экскаватара, які здабываў там карысныя выкапні. Распрацоўка скончылася,
і тэхніка адтуль сышла. Таму рэльеф дна там проста непрадказальны. Ды і сценкі вадаёма няўстойлівыя, паколькі яны не складваліся на працягу доўгага часу. Плюс там назіраецца істотны перапад тэмператур, што можа прывесці да спынення сэрца. Таму не лезьце купацца ў тэхнічныя вадаёмы.

— Падзяліцеся вопытам, як вы разгружаецеся псіхалагічна?

— Я заўжды размяжоўваю жыццё на працы і ў сям'і. Тое, што адбываецца тут, я пакідаю на месцы, дадому перажыванні і роздумы не цягну. Акрамя таго, я даўно зай-
маюся падводным паляваннем. І вось гэта — поўная супрацьлегласць нашай рабоце, калі ты застаешся сам-насам з прыродай. Увогуле, падводны свет — гэта як іншая планета. Усё там адбываецца ў поўнай цішыні. І нават дробная рыбка, якая праплывае побач, калі ты займаешся любой работай, прымушае звярнуць на яе ўвагу. Былі выпадкі, калі на падводна-тэхнічным абследаванні вадаскідаў наступалі на самоў вагой кілаграмаў па 50—70. І гэта даволі жорстка, калі з-пад цябе раптам выплывае апора...

Жыццё за пачак цыгарэт

Як вядома, цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі. Старшы ратавальнік-вадалаз прапаршчык Дзяніс Кучко, які быў прызнаны найлепшым ратавальнікам-плыўцом, працуе тут ужо дзевяць гадоў. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і колькі часу працаваў звычайным ратавальнікам-пажарным. Але ўжо быў майстарам спорту па плаванні. Таму і перайшоў на работу ў вадзе, калі з'явілася такая магчымасць. Хоць плаванне і вадалазная справа — гэта два розныя бакі аднаго медаля.

Пытаюся пра тое, чым займаюцца падводныя ратавальнікі ў час, калі не трэба адпраўляцца на баявы выезд.

— Да дзевяці гадзін раніцы ў нас праводзіцца развод дзвюх змен. Мы знаёмімся з аператыўнай абстаноўкай за мінулыя суткі. Затым прымаем тэхніку і адпраўляемся на практычныя заняткі. Мы адпрацоўваем усё, з чым можам сутыкнуцца на выездзе, пачынаючы ад элементарных практыкаванняў накшталт адпрацоўкі рытмічнага дыхання, устойлівасці вадалаза пад вадой і заканчваючы падводна-тэхнічнымі работамі, да якіх адносіцца, напрыклад, рэзка і зварка металу, дрэва. Гадзіна адведзена і на спартыўныя заняткі. Вадалаз павінен знаходзіцца заўжды ў выдатнай фізічнай форме і быць гатовым да таго, што пад вадой давядзецца хадзіць даволі доўга. Справа ў тым, што бачнасць на дне ўлетку ў лепшым выпадку дасягае адлегласці выцягнутай рукі. А наша амуніцыя важыць даволі шмат. Напрыклад, «цяжкае» абсталяванне са шлемам, вядомае з кінафільмаў, пацягне на 72 кілаграмы. Мы часцей карыстаемся аблегчаным варыянтам. Але ўсё роўна, два дзясяткі кілаграмаў там набярэцца дакладна. Натуральна, у вадзе ўсё гэта важыць менш. Але і правесці там давядзецца не пару хвілін. Напрыклад, 15-літровага балона з кіслародам можа хапіць амаль на гадзіну.

— Які выезд вам запомніўся больш за астатнія?

— Некалькі гадоў таму мы ездзілі на невялікае возера пад Мінскам шукаць патанулага падлетка. Са слоў аднаго з рыбакоў, хлопец з кімсьці паспрачаўся, што здолее праплыць пад вадой нейкую адлегласць. І паспрачаўся на пачак цыгарэт. Цела хлопца мы знайшлі хутка. Яму было 14—15 гадоў...

 

У тэму

— Найлепшыя вадалазы і ратавальнікі-плыўцы вызначаюцца штогод, — кажа начальнік Цэнтра вадалазна-выратавальнай службы Дзяніс Сасноўскі. — У нас ёсць як каманднае, так і асабістае першынство. Тэарэтычныя веды правяраюцца тэсціраваннем. Як паказвае практыка, найлепшымі па прафесіі становяцца супрацоўнікі, якія маюць вялікі досвед баявой работы і ўдзелу ў ранейшых спаборніцтвах і маюць выдатную фізічную і псіхалагічную падрыхтоўку.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Справа для вадалаза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.