Вы тут

Як жыве аграгарадок Брылёва ў атачэнні гомельскіх гмахаў


Калі гавораць Мічурынская, маюць на ўвазе Брылёва. Калі гавораць Брылёва, маюць на ўвазе Мічурынская

Справа ў тым, што афіцыйная назва аграгарадка, які адносіцца да Красненскага сельсавета Гомельскага раёна, — Мічурынская. Але ж менавіта гэты аграгарадок з'яўляецца цэнтрам славутай на ўсю Беларусь гаспадаркі — КСУП «Брылёва». Таму ў гаворцы жыхары часцей карыстаюцца гэтай назвай, каб абазначыць тэрыторыю, дзе яны жывуць. Магчыма, яшчэ і таму, што Брылёва — гэта вядомы брэнд агародніны, якую тут вырошчваюць і перапрацоўваюць. А яшчэ ўсе ведаюць, што магутную гаспадарку апошнія 40 гадоў узначальвае славуты Герой Сацыялістычнай працы Аркадзь Кобрусеў. Ён з паплечнікамі тут займаўся і стварэннем інфраструктуры, якую да статусу аграгарадка нескладана было ўдасканаліць дзесяць гадоў таму.


Усё побач

Урок гіс­то­рыі ў мяс­цо­вай шко­ле.

Трэба адзначыць, што аграгарадок абмежаваны аўтадарогамі і чыгункай. Тэрытарыяльна расці яму няма куды, але гэты факт тут лічаць выклікам, які дае новыя магчымасці. У атачэнні жылых гмахаў Чыгуначнага раёна Гомеля — асаблівая вясковая атмасфера. Намеснік дырэктара гаспадаркі Любоў Казлова пастаянна падкрэслівае ўзаемаразуменне паміж усімі службамі і падраздзяленнямі, у тым ліку і ўладамі:

— У нас адзінства мэт, падтрымка, узаемадапамога. Калі мы нешта пачынаем рабіць, ёсць адчуванне, што разам зможам усё. Таму колькасць жыхароў у нас пастаянна расце. Калі дзесяць гадоў таму было 2400, цяпер стала — 2800. І жыллё для людзей будуецца. Жылы фонд налічвае 39 шматкватэрных дамоў і 216 прыватных, ёсць інтэрнат для моладзі. Выдзяляюцца ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва.

Забудова тут дастаткова шчыльная, але ж зусім высокіх дамоў няма. Акуратныя двух- і пяціпавярховікі побач з інфраструктурай, да якой — рукой падаць. Тут нават веласіпед не трэба, каб хутка дабрацца да школы, дзіцячага садка, пошты ці крамы. Для людзей гэта, безумоўна, вельмі зручна.

Трэнажоры для алімпійцаў

— Усё захоўвалася, рэканструявалася, аднаўлялася, будавалася, — працягвае экскурсію Любоў Фёдараўна. — Таму выгляд аграгарадка сучасны, а людзям тут жыць камфортна. Калі ў 2006 годзе было прынята рашэнне аб утварэнні аграгарадкоў, то наш па колькасці аб'ектаў быў амаль сфарміраваны. У 2009 годзе з нуля пабудавалі новы спартыўны комплекс.

У яго і заходзім. Аляксандр Багданаў, загадчык філіяла ДЮСШ Гомельскага раёна ў аграгарадку Мічурынская, паказвае будынак і тое, як ён выглядае знутры: прасторная гульнявая зала, трэнажоры, раздзявальныя пакоі, душавыя:

— Побач знаходзіцца пляцоўка са штучным пакрыццём для міні-футбола. Яе пабудавалі летась. Ёсць і вулічныя трэнажоры. Стаўку робім на выхаванне валейбалістаў і дзюдаістаў. Таму для іх створаны ўсе ўмовы і з імі працуюць прафесійныя трэнеры. Між тым і дасягненнямі юныя спартсмены радуюць: на міжнародных турнірах увесь час займаюць прызавыя месцы, ёсць чэмпіёны краіны па дзюдо. Чатырох выхаванцаў летась перадалі ў цэнтр алімпійскага рэзерву.

Крама для стасункаў

У кра­ме аг­ра­га­рад­ка.

Прасторную краму пабудавалі таксама адносна нядаўна ў спальнай частцы аграгарадка.

— Каб, калі забыў нешта адразу купіць, не ленавацца выйсці яшчэ раз, — усміхаецца загадчыца прадуктовай крамы Юлія Грабеннікава. —
У нашу краму некаторыя па тры разы за дзень прыходзяць. Тут, як у вёсцы: не толькі купляюць тавары, але і збіраюцца, каб проста пагутарыць. Бачыце, як у нас прасторна, — з каляскай можна заехаць. Дарэчы, самаабслугоўванне — як у горадзе. Мы ўсіх сваіх пакупнікоў ведаем. Калі да нас нехта чужы заходзіць, адразу заўважаем. Тут вельмі ціха, спакойна. Няма мітусні і напружання, як у горадзе. Больш даверу паміж людзьмі.

Прадавец прамысловай групы тавараў Настасся Рынгоўская нядаўна стала найлепшай сярод калег у абласным прафесійным конкурсе спажыўкааперацыі — цяпер рыхтуецца прымаць удзел у рэспубліканскім. Увогуле, у гарадку ганарацца людзьмі, якія тут выраслі, вывучыліся, а потым вярнуліся жыць і працаваць. Як, напрыклад, 12 з 50 настаўнікаў Брылёўскай сярэдняй школы. Яе дырэктар Ігар Сялюк ведае некалькі пакаленняў вучняў. Ён сам за 30 гадоў мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы.

Спецыяліст пачынаецца са школы

— Тут стасункі паміж людзьмі іншыя, чым у горадзе. Больш цёплыя, чалавечныя, сяброўскія, сямейныя, можна сказаць. Усе ведаюць адно аднаго і перажываюць, калі што здараецца. Мы знаёмыя з бацькамі кожнага дзіцяці, і гэта нам дапамагае знаходзіць паразуменне. Нашы вучні — высокаматываваныя. Многія з іх вяртаюцца сюды пасля вучобы ў ВНУ. Сярод кваліфікаваных спецыялістаў КСУП «Брылёва» многа нашых выпускнікоў, у дзіцячым садку і амбулаторыі — таксама.

Між тым наступнае месца, куды мы зазірнулі, — гэта Брылёўская ўрачэбная амбулаторыя агульнай практыкі. Загадчыцу Святлану Вяршук ад пацыентаў адарвалі на хвілінку.

— У нас тыповая амбулаторыя, — кажа Святлана Васілеўна, — пабудаваная ў 1991 годзе. Тут працуюць два ўрачы агульнай практыкі. Кадрамі мы ўкамплектаваныя цалкам, у тым ліку сярэднім персаналам. Усё неабходнае ёсць. Вось цяпер, як і ў горадзе, укараняем электронныя рэцэпты. Важна, што мы ведаем сем'і і спадчынныя хваробы старэйшых пакаленняў. Жыццёвыя сітуацыі таксама на здароўе ўплываюць — і нам пра іх вядома. Тут выйгрышна жыць з пункту гледжання экалогіі: куды менш транспарту, чым у мегаполісах.

З песняй па жыцці

Амаль на самай мяжы аграгарадка з Гомелем — Дом культуры. Ён пабудаваны ў 1965 годзе і дагэтуль знаходзіцца на балансе сельгаспрадпрыемства. КСУП і падтрымлівае яго ў належным стане, адзначае дырэктар установы Уладзімір Сыбатаў:

— Такога стаўлення да культуры, як тут, я нідзе не сустракаў. Некалі, 39 гадоў таму, па загадзе кіраўніка гаспадаркі Аркадзя Кобрусева тут стварылі хор «Вязанка». У 1982 годзе ён стаў народным. І цяпер людзі займаюцца ў ім з задавальненнем. Дарэчы, у нас ёсць і вакальна-інструментальны ансамбль, апаратуру для якога закупіла гаспадарка, і танцавальны калектыў «Кросны», і клас харэаграфіі дзіцячай музычнай школы, і гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Фантазія», і глядзельная зала, і бібліятэка...

У Брылёўскай сельскай бібліятэцы гаспадарыць Алена Каратай. Яна гаворыць, што ўстанова камп'ютарызаваная і цалкам адпавядае статусу аграгарадка. Сярод чытачоў шмат тых, хто аддае перавагу беларускай літаратуры.

— Тут вельмі ўтульна, — адзначае Алена Каратай. — Мы жывём сваёй невялікай супольнасцю, адно аднаго ведаем. У нас людзі вельмі добрыя. Мы працуем з усімі падраздзяленнямі і дапамагаем адно аднаму.

А вось 22-гадовы сістэмны адміністратар Павел Гарбенка ў аграгарадок прыходзіць на работу з Гомеля — жыве праз чыгуначныя пуці, але ў горадзе. Ён тут па размеркаванні і, здаецца, крыху зайздросціць мясцовым жыхарам:

— У вялікім горадзе ўсё віруе, а тут жыць вельмі спакойна і прыемна. Для тых, хто сюды прыязджае, ёсць інтэрнат, некаторыя стаяць у чарзе на жыллё. Калі б у мяне была магчымасць, я б тут з задавальненнем жыў, а не толькі працаваў.

Інтэрнэт самы сучасны

Аг­ра­га­ра­док Мі­чу­рын­ская

Васіль Буднікаў, старшыня Красненскага сельвыканкама, на тэрыторыі якога знаходзіцца аграгарадок, гаворыць, што дарогі гэтага населенага пункта на 80 % заасфальтаваны:

— Канешне, усе жыхары хочуць, каб было не горш, чым у горадзе. У нас штогод нешта ўводзіцца і будуецца. Тут увогуле няма закінутых будынкаў ці жылля, якое пустуе. Некалькі дэпутатаў сельскага Савета працуюць у Брылёве. Яны таксама спрыяюць рабоце з насельніцтвам. Людзі імкнуцца дапамагаць уладам у навядзенні парадку. Праблемы таксама ўзнікаюць. Былі скаргі на дрэнную тэлефанію і інтэрнэт. Цяпер паўсюль праклалі оптавалакно. Актуальнае пытанне — якасць вады. У Красненскім сельсавеце частка населеных пунктаў, якія прылягаюць да горада, ужо перападключаны да сеткі водаканала Гомеля, у астатніх, у тым ліку ў аграгарадку Мічурынская, шукаем магчымасці для вырашэння гэтай праблемы.

Карцінка не будзе поўнай, калі не сказаць пра нядаўна пабудаваную праваслаўную царкву ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Між іншым, кожны супрацоўнік гаспадаркі пералічваў месячны заробак на яе будаўніцтва. Цяпер у храме моляцца не толькі мясцовыя. Вернікі сюды прыходзяць у тым ліку з Гомеля — не толькі на службы, але і на заняткі для дзяцей і дарослых у нядзельную школу.

На балансе гаспадаркі КСУП «Брылёва» ў аграгарадку існуюць яшчэ і кавярня-сталовая, лазнева-пральны камбінат, а хутка з'явіцца і свой музей. Так, у будынку былой крамы размесціцца экспазіцыя, якая будзе расказваць пра славутыя дасягненні жыхароў аграгарадка Мічурынская.

Ірына АСТАШКЕВІЧ


Каментарый у тэму

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Яўген АДАМЕНКА:

— Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі дала моцны штуршок развіццю сельскай гаспадаркі нашай краіны. Толькі на працягу першага этапу — з 2005-га да 2010 года агульны аб'ём прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грашовым вымярэнні павялічыўся больш чым у чатыры разы, гэтакі ж рост прадукцыі адбыўся і ў разліку на душу насельніцтва. Выраслі валавы збор і ўраджайнасць асноўных сельскагаспадарчых культур, колькасць жывёл, вытворчасць малака, сярэдні ўдой, прыбаўленне жывёлы ў вазе, прыбытак і рэнтабельнасць, экспарт, а таксама спажыванне айчынных прадуктаў харчавання і іх рэсурсы. Выраслі і заробкі работнікаў сельскай гаспадаркі.

Асноўныя мерапрыемствы праграмы былі згрупаваны па двух асноўных кірунках: сацыяльная і вытворчая сферы. Першая мела на ўвазе павышэнне жыццёвага ўзроўню аграрыяў, удасканаленне інфраструктуры вёсак, развіццё жыллёвага будаўніцтва, камунальнага абслугоўвання, мадэрнізацыю дарог, развіццё адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, сферы паслуг. Другая — удасканаленне спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямель, развіццё буйных вытворчасцяў, фермерства, асабістых гаспадарак, перапрацоўку, замацаванне кадраў, забяспечанасць тэхнікай.

Толькі ў сельскай гаспадарцы маладыя сем'і атрымалі магчымасць адразу пасля ВНУ мець жыллё. У многіх населеных пунктах, якія набылі статус аграгарадкоў, упершыню з'явіліся пошта і банк, былі рэканструяваны дзіцячыя садкі, магазіны, школы, адрадзіліся комплексна-прыёмныя пункты, адкрыліся закрытыя раней камбінаты бытавога абслугоўвання. У пашпарце аграгарадкоў дакладна было прапісана, колькі дарог павінна быць з цвёрдым пакрыццём, колькі — з палепшаным, колькі ліхтароў павінны асвятляць вуліцы... І гэта ўсё было выканана.

Вясной мінулага года Прэзідэнт на нарадзе па развіцці сельскай гаспадаркі паставіў чарговую задачу — стварэнне вёскі будучыні, жыццё ў якой ні ў чым не павінна саступаць гарадскому. Былі вызначаны шэсць аграгарадкоў, якія паслужаць узорам: Астрамечава ў Брэсцкай вобласці, Копысь — у Віцебскай, Ляскавічы — у Гомельскай, Абухава — у Гродзенскай, Малыя Славені — у Магілёўскай, Сноў — у Мінскай. Вёска будучыні — гэта ўжо не проста наяўнасць усяго неабходнага для жыцця і работы, але і забяспечанасць новага ўзроўню сацыяльных стандартаў — работа з высокім заробкам, басейн, кінатэатр, музей...

Міграцыя насельніцтва з вёскі ў горад — працэс натуральны, урбанізацыя адбываецца ва ўсім свеце, але і сама вёска становіцца іншай, і работа селяніна кардынальна змяняецца. Прыходзяць новыя, больш эфектыўныя тэхналогіі, якія не патрабуюць ужо ранейшай колькасці чалавечых рэсурсаў. Разам з тым узнікае патрэба ў развіцці сферы паслуг на вёсцы, і працоўная сіла перацякае сюды: утрыманне інфраструктуры, трэнерства, дадатковая адукацыя, дапамога старэйшаму пакаленню, развіццё культурнай спадчыны, прыём турыстаў.

Да нас зараз прыязджаюць замежныя дэлегацыі і выказваюць захапленне дасягнутым узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі і ўзроўнем камфорту сельскіх жыхароў. Многія жадаюць пераняць беларускі вопыт, скарыстацца нашымі тэхналогіямі, запрашаюць нашых спецыялістаў.

Вельмі каштоўнае ў праграме тое, што дзяржава, калі робіць стаўку на буйныя вытворчасці поўнага цыкла, не забывае і пра вёсачкі, у якіх засталося па некалькі жылых дамоў. У такіх населеных пунктах створаны ўмовы для развіцця фермерскіх гаспадарак, турызму, прыватнага бізнесу.

Можна сказаць, што Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі ўдыхнула ў сельскую гаспадарку краіны новае жыццё, яна цалкам апраўдала сваю назву.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Загаловак у газеце: Вясковы дух у атачэнні гмахаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».