Вы тут

Магілёўская крама «Букініст» зноў працуе


Другое жыццё вядомай магілёўскай краме, дзе гандлявалі патрыманай літаратурай, дало прадпрыемства «Белкніга»

У Магілёве гэта першы гандлёвы аб'ект ад найбуйнейшага ў Беларусі рэалізатара кніжнай прадукцыі. Што прыемна, «Букініст» мае намер пакінуць у сваім асартыменце ўжываныя кнігі. На палічках ужо з'явіліся прынятыя ад ранейшых гаспадароў шматтомнік Стэндаля, кнігі з вершамі Марыны Цвятаевай, Уладзіміра Маякоўскага. У найбліжэйшы час плануецца цалкам запоўніць букіністычны аддзел. Затое новай літаратуры — і мастацкай, і спецыялізаванай, і вучэбнай — на любы густ. Крама працуе з мінулага тыдня, а яе афіцыйная прэзентацыя запланавана на заўтра — 31 студзеня.


З на­цы­я­наль­ным ка­ла­ры­там.

Месца, як той казаў, «зарыбленае». Так сталася, што ў Магілёве кніжныя крамы ў асноўным знаходзяцца ў цэнтральным Ленінскім раёне. Некаторыя нават на адлегласці некалькіх сотняў метраў, а вось Кастрычніцкі раён, або, як у народзе яго называюць, Задняпроўе, адчувае іх дэфіцыт. У былы «Букініст» на Пушкінскім праспекце ездзілі нават з аддаленых куткоў горада. Але ў канцы мінулага года крама абанкруцілася, пакінуўшы тых, хто здаў на рэалізацыю літаратуру, і без кніг, і без грошай. Справамі прыватнага таварыства з дадатковай адказнасцю «Букініст» зараз займаецца эканамічны суд Магілёўскай вобласці. Былыя гандлёвыя плошчы ў доме на Пушкінскім болей не належаць таварыству, але народ пакуль гэтага не ўсвядоміў. Калі на мінулым тыдні на звыклым месцы адкрылася «Белкніга», людзі адразу ж пайшлі высвятляць: ну калі ўжо з намі разлічыцеся?

— Даводзіцца тлумачыць, што гэта не той «букініст», што быў, і адказнасці за былых гаспадароў ён не нясе, — кажа загадчыца філіяла ААТ «Белкніга» «Кніжная крама «Букініст» Таццяна Папко.

Рэпутацыя папярэдніка з аднайменнай назвай крыху перашкаджае працаваць, але тут збіраюцца вярнуць прыхільнасць пакупнікоў вялікай разнастайнасцю літаратуры, разважаюць, як зацікавіць аматараў кніг супрацоўніцтвам, вывучаюць попыт. Ужо сёння тут прапануюць кнігі і іншыя спадарожныя тавары, пачынаючы ад стрыжняў і сувенірных нататнікаў і заканчваючы калекцыйнымі талеркамі.

Калектыў падабраўся хоць і малады, але ж вопытны. Нехта працаваў у кнігарнях, нехта ў бібліятэцы. Дзяўчаты добра ведаюць тавар, лёгка арыентуюцца ў літаратуры і выдавецтвах, адразу ж разумеюць, што каму трэба, і могуць падабраць нешта на любы густ.

А выбраць у краме сапраўды ёсць што. Вельмі прыемна было ўбачыць цэлую палічку кніг Выдавецкага дома «Звязда». Шмат беларускамоўнай літаратуры, асабліва дзіцячай. Ёсць нават кнігі для тых, хто нарэшце вырашыў далучыцца да вывучэння роднай мовы, але не ведае, з чаго пачаць. Гэты дапаможнік будзе ім вельмі дарэчы.

Падыходжу да маладых жанчын, якія нешта выбіраюць з дапаможнай літаратуры для школьнікаў.

— Падабаецца, што тут вялікі выбар планаў і канспектаў, — адзначылі яны. — Для першакласнікаў звычайна вельмі мала чаго можна знайсці. А тут вось ёсць, толькі купляйце. Чакаем, што будуць прадавацца кнігі і па акцыях, са зніжкамі.

Вялікія спадзяванні Таццяна Папко ўскладае на букіністычны складнік крамы.

Кра­ма толь­кі ад­кры­ла­ся, але па­куп­ні­кі ўжо пай­шлі.

— У Мінску такой літаратуры шмат. Яе бяруць музеі, бібліятэкі. І людзей у такіх аддзелах болей, чым каля новых кніжак. Маладыя маці з задавальненнем купляюць сваім дзецям старыя буквары, кнігі па вывучэнні англійскай мовы. І гэта нягледзячы на тое, што цэны на іх немаленькія. У нас жа ўсё яшчэ толькі пачынаецца.

Гэта не значыць, што тут будуць прымаць усё запар, што ёсць у хатніх бібліятэках. Спачатку папросяць скласці спіс літаратуры, а з яго выберуць найбольш запатрабаванае. І стан папяровага тавару таксама павінен быць добры. Калі тры месяцы на кнігу попыту не будзе, яе ўцэняць, а калі і пасля гэтага не купяць на працягу трох месяцаў, яна вернецца да гаспадара. Супрацоўнікі крамы мараць убачыць больш рарытэтных кніг, напрыклад пачатку XX стагоддзя. Для іх нават прадугледжана спецыяльная шкляная шафа. Спачатку плануецца весці прыём літаратуры кожны дзень, а потым, калі шафы запоўняцца, працэс крыху запаволіцца.

— Пакуль людзі больш пытаюцца, чым здаюць, але ёсць ужо і першыя спісы, — паказвае аркушы, спісаныя дробным почыркам, адміністратар Алена Койпіш, якая спецыялізуецца на адборы букіністыкі. — У асноўным мастацкая літаратура, тыповая для чытача савецкага перыяду. Але зацікавілі дзіцячыя аўтары — Іван Бурсаў, Эдуард Успенскі...

Дарэчы, людзі яшчэ не паспелі здаць кнігі, а першыя пакупнікі ўжо ёсць. З адным з іх мы пазнаёміліся. Віталь Гарбачэўскі хоць і жыве ў іншым раёне горада, але і раней не ленаваўся прыязджаць сюды па тэхнічную літаратуру. На гэты раз па тэме нічога не знайшоў, але ўсё роўна зрабіў пакупкі. «На вочы трапіў «Статут», і стала цікава параўнаць ранейшыя законы з цяперашнімі. Хаця не па гэту кнігу сюды ехаў», — прызнаўся ён. Яшчэ адзін том, які ён набыў, дарэчы, вельмі ўдала, купіў усяго за 5 рублёў, — з аддзела букіністыкі, па гісторыі беларускай кнігі.

— Зараз шмат літаратуры ў электронным выглядзе, і новым гаспадарам крамы вельмі прыдзірліва прыйдзецца падбіраць асартымент, — разважае Віталь. — Тое, што вырашана пакінуць букіністычны аддзел, лічу, вельмі правільны ход. Гэта сапраўды цікава. Да таго ж канкурэнтаў у Магілёве больш няма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.