Вы тут

Адкуль у беларускай мове з'явілася слова «дзіцёнак»?


«Мой любімы тэлеканал — «Беларусь 3», але і там у час прагляду перадач вуха рэжуць пэўныя словы. Адкуль, напрыклад, у нашай мове з'явіўся «дзіцёнак»?» — пытае спадарыня Лявончык. «Як перакласці на нашу мову слова «понарошку» і ці правільна казаць «фільм сканчаецца» — пытанні ад Юліі Воўк.

На іх, як заўжды, адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. У народнай мове можна сустрэць слова дзіцёнак, а вось у літаратурнай назвы маладых істот на -онак, -ёнак не ўжываюцца. Тут адзіна правільным варыянтам з'яўляецца слова дзіця (памяншальна-ласкальная форма — дзіця́тка). Досыць часта, дарэчы, узнікаюць праблемы з яго скланеннем. Таму —

Н. Хто? — Дзіця.

Р. Няма каго? — Дзіцяці.

Д. Падарыць каму? — Дзіцяці.

В. Любіць каго? — Дзіця.

Т. Ганарыцца кім? — Дзі́цем.

М. Сумаваць па кім? — Па дзіцяці.


2. Слова «понарошку» перакладныя слоўнікі сапраўды не падаюць. Таму, сутыкнуўшыся з ім, многія і не ведаюць, як гэта будзе па-беларуску. Каб адказаць, пачнём спачатку. Паводле «Толкового словаря русского языка» С. І. Ожагава і Н. Ю. Шведавай, «понарошку, нареч. В детской речи: не по-настоящему, нарочно (во 2 знач.). Значыць, па-беларуску можна сказаць не папраўдзе, назнарок. У пэўных выпадках можа прыдацца і слова жартам:

Он обижался на сестру как будто несерьезно, понарошку — Ён крыўдзіўся на сястру быццам бы несур'ёзна, жартам.


3. А зараз — пра кіно. Калі мы задаём пытанні «Што робіць?», «Што рабіць?», то выкарыстоўваем словы канчаецца (заканчваецца), канчацца (заканчвацца), і г. д. Таму гаворым і пішам: «Пачакай, фільм ужо хутка канчаецца (заканчваецца)», «Любое цярпенне мае ўласцівасць канчацца (заканчвацца)». Калі ж можна задаць пытанні «Што зробіць?», «Што зрабіць?» і падобныя, то ў дзеяслова з'яўляецца прыстаўка с-: «Калі ўжо гэты фільм скончыцца?», «Павінен жа некалі скончыцца гэты абсурд!».

У абарону слоў

Сёння папулярнасць у пэўных колах набірае слова сочыва, а вось варэнне — зазнае пэўны ўціск; на яго падае цень небеларускасці.

Перасцеражом ад такога падыходу. Нашым дарагім варэннем (маем на ўвазе слова) карысталіся класікі беларускай літаратуры (І. Мележ, І. Шамякін, В. Быкаў, У. Караткевіч і іншыя), было яно і ў 20-я гады. Вось, напрыклад, артыкул з «Расійска-беларускага слоўніка» 1928 года:

варенье — варэньне, канфітуры; (густое) павідла.

Такім чынам, ешце варэнне і завіце яго прывычным і «смачным» словам!

Загаловак у газеце: Час піць чай... З варэннем!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.