Вы тут

Бібліятэцы №3 у Гомелі споўнілася 100 год


Жыхары зарэчнага раёна Гомеля ўжо цэлае стагоддзе карыстаюцца кнiжкамi гэтай бiблiятэкi, сёння — фiлiял № 3 дзяржаўнай установы «Сетка публiчных бiблiятэк горада Гомеля».


Бiб­лi­я­тэ­кар Дзi­я­на МАК­СI­МА­ВА,  за­гад­чы­ца Свят­ла­на ГАР­ДЗЕ­Е­ВА,  бiб­лi­я­тэ­кар Тац­ця­на МА­КА­РА­ВА.

Дату афiцыйнага ўтварэння пры савецкай уладзе — 19 студзеня 1919 года — цяпер i лiчаць днём нараджэння Навабелiцкай бiблiятэкi, якая з 1993 года носiць iмя знакамiтага беларускага краязнаўца Еўдакiма Раманава.

У час, калi да ведаў рванулi шырокiя масы рабочых i сялян, у бiблiятэку штодзень наведвалася ад 50 да 150 чалавек,  расказвае архiвiст i бiблiятэкар Марыя АЛЕЙНIКАВА:

— Кнiжны фонд быў падзелены на два аддзяленнi: гарадское i павятовае. Супрацоўнiкi гарадскога не толькi абслугоўвалi насельнiцтва Навабелiцы, але i рыхтавалi бiблiятэчкi-перасоўкi для прадпрыемстваў, дробных саматужнiкаў, вайсковых часцей, уладкоўвалi вечары ў фабрычным клубе. У 1925 годзе бiблiятэку наведвала больш за паўтары тысячы чытачоў, а кнiгi закуплялiся за кошт сродкаў саюза хiмiкаў, губпалiтасветы, саюза дрэваапрацоўшчыкаў.

У 1938-м кнiжны фонд налiчваў ужо больш за 21 тысячу асобнiкаў.

У Вялiкую Айчынную вайну фонды былi разрабаваныя. Некаторую частку кнiг атрымалася адправiць у Казань, адкуль яны не былi вернуты. Іншыя кнiгi забралi на захаванне чытачы бiблiятэкi. Дзякуючы гэтаму ўстанова мае цяпер асобныя экзэмпляры рарытэтных выданняў канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Увогуле ж бiблiятэчныя фонды былi знiшчаны.

Па меры вызвалення краiны ад нямецкiх акупантаў аднаўлялася i дзейнасць бiблiятэк. Навабелiцкая гарадская пачала працаваць 7 снежня 1943 года, праз паўтара тыдня пасля вызвалення Гомеля. У ёй быў абсталяваны куток, дзе на карту штодня наносiлася лiнiя прасоўвання Чырвонай Армii на Захад.

У прыстасаванае памяшканне на першым паверсе шматпавярховiка Навабелiцкая бiблiятэка пераехала 60 гадоў таму, у 1959 годзе. Iнтэр'ер з ляпнiнай столi i сёння нагадвае пра тыя гады.

Рашэннем Гомельскага гарвыканкама ў 1993 годзе бiблiятэцы было прысвоена iмя Еўдакiма Раманава — выдатнага навукоўца, этнографа, фалькларыста, якi ў 1855 годзе нарадзiўся ў мястэчку Нова-Белiца Гомельскага павета Магiлёўскай губернi. Навабелiца даўно стала зарэчным раёнам Гомеля. I тут не забываюць пра чалавека, якi зрабiў вялiкi ўнёсак у гiсторыю Беларусi. Дарэчы, усё сваё жыццё Еўдакiм Раманаў прысвяцiў збiранню i даследаванню матэрыяльнай i духоўнай культуры беларускага народа. Пра гэта бiблiятэкары з Навабелiцы цяпер нагадваюць пастаянна — на шматлiкiх вечарынах, у якiх удзельнiчаюць пiсьменнiкi i паэты, а таксама школьнiкi з усяго раёна.

Па­ста­ян­ны чы­тач Ва­лян­цiн ЖУ­РАЎ­СКI.

У 2006 годзе на фасадзе будынка Навабелiцкай бiблiятэкi была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка Еўдакiму Раманаву.

Сённяшняя загадчыца фiлiяла № 3 Святлана ГАРДЗЕЕВА прыйшла ў гэтую ўстанову ў далёкiм дзяцiнстве. Смяецца: жыла ў суседнiм двары, а кнiжкi чытала пад коўдрай з лiхтарыкам:

— Я вучылася ў гомельскай школе № 4 i хадзiла ў дзiцячы аддзел гэтай бiблiятэкi. На асаблiва папулярныя кнiжкi, напрыклад «Тры мушкецёры» Дзюма, была вялiзная чарга. Таму чытаць трэба было вельмi хутка. Калi мне аднойчы выдалi прачытаць кнiгу братоў Грым, я зразумела, што хачу працаваць у бiблiятэцы, — каб так доўга не чакаць свайго шанцу на прачытанне цiкавай кнiжкi.

— На маёй памяцi тут было два асобныя памяшканнi бiблiятэкi. Пры гэтым пасярэдзiне была пошта з тэлеграфам.
У 90-я там размяшчалася камерцыйная крама. Ну а потым, у 2000 годзе, па iнiцыятыве адмiнiстрацыi Навабелiцкага раёна нам аддалi гэта памяшканне цалкам. Мы аб'ядналiся i пашырылiся. Цяпер кнiжны фонд бiблiятэкi налiчвае больш як 55 тысяч асобнiкаў, а яе супрацоўнiкi абслугоўваюць каля чатырох тысяч чытачоў. Мы ўключаны ў адзiную бiблiятэчную сiстэму горада, а з мiнулага года абслугоўваем людзей у аўтаматызаванай праграме. Да таго ж з дапамогай камп'ютарнай тэхнiкi аказваем разнастайныя платныя паслугi насельнiцтву.

Святлана Гардзеева кажа, што вяртаецца мода на чытанне менавiта папяровых, а не электронных выданняў:

— Канешне, часцей за ўсё да нас звяртаецца сярэдняе i старэйшае пакаленне. Але ж i моладзь ёсць. У бiблiятэку многiя прыходзяць з дзецьмi. Спадзяюся, што менавiта за гэтымi чытачамi будучыня.

Iрына АСТАШКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».