Вы тут

Апельсiнавыя скуркі ў садзе i агародзе


Лупiна ўсiх цытрусавых (мандарыны, лiмоны, грэйпфруты) можа стаць натуральным угнаеннем або адпудзiць непажаданых насякомых.


Угнаенне

Лупiна цытрусавых змяшчае калiй, фосфар i iншыя мiкраэлементы. Апельсiнавыя скуркi раяць проста нарэзаць i закопваць у зямлю на 5-сантыметровую глыбiню. Калi ёсць час i жаданне, лупiну з невялiкай колькасцю вады можна здрабнiць да стану кашыцы. I прыкопваць у такiм выглядзе, бо здробненая арганiка засвойваецца хутчэй. Iснуе меркаванне, што падкормкi цытрусавай лупiнай падкiсляюць глебу. На самай справе, каб хоць крыху змянiць рН, спатрэбiцца не адна тона лупiны i не адзiн год падкормкi. I ўсё ж для перастрахоўкi рэкамендуецца закопваць «апельсiнавае ўгнаенне» толькi пад культуры, якiя добра растуць на кiслых глебах. Напрыклад, пад шпiнат, рэдзьку, рэпу, буякi або бружмель.

Самы хуткi i зручны спосаб выкарыстання апельсiнавай лупiны на карысць агарода — яе кампаставанне. Калi вы робiце кампост па ўсiх правiлах, чаргуючы азоцiсты i вугляродзiстыя пласты, то цытрусавыя скуркi павiнны адправiцца ў азоцiсты (зялёны) разам з травой i гноем. А вось тым, у каго над стварэннем кампосту працуюць чарвякi, апельсiнавыя скуркi дадаваць не варта. Чарвякi iх не любяць.

Сродак для адпуджвання катоў i мурашак

Нашы любiмыя гадаванцы часам любяць парыцца ў градках. I як на злосць, менавiта ў тых, куды толькi што пасеялi насенне. Але варта раскласцi побач свежыя скуркi цытрусавых, i непрыемнасцяў можна пазбегнуць. Рэзкi пах коцiкам не па душы! Некаторыя дачнiкi заварваюць апельсiнавыя скуркi кiпнем i палiваюць астылым адварам градкi, ад якiх трэба адвадзiць кошку.

Мурашкi таксама не паважаюць апельсiны. Гэтым карыстаюцца садоўнiкi, якiя жадаюць пазбавiцца ад насякомых бяспечнымi метадамi. Перш за ўсё трэба прыгатаваць вадкую кашу з цэдры. Для гэтага здрабняюць у блэндары лупiну ад 2-3 апельсiнаў разам са шклянкай цёплай вады. Затым вылiваюць атрыманую субстанцыю на мурашнiк. Магчыма, давядзецца паўтарыць гэтую працэдуру, перш чым насякомыя пакiнуць наседжанае месца.

Супраць шкоднiкаў

Мандарынавая, лiмонная i апельсiнавая лупiна змяшчае леманен — вуглевадарод, якi разбурае ахоўныя пакровы некаторых насякомых. Гэта ўласцiвасць асаблiва цэнiцца земляробамi, якiя не прызнаюць хiмiчныя пестыцыды. Супраць трыпсаў, павуцiннага кляшча i тлi ўжываюць настоi цытрусавых скурак.

Вось некалькi варыянтаў iх прыгатавання:

  • 100 грамаў сухiх лiмонных скурак настойваюцца ў лiтры вады 3-4 днi (у цемры);
  • 350 грамаў высушаных цытрусавых скурак замочваюць у цёплай вадзе да набракання. Разам з вадкасцю блэндарам ператвараюць у кашу, якую перакладаюць у лiтровы слоiк. Далiваюць вады i настойваюць 5-7 дзён. Пасля чаго настой працэджваюць, дадаюць сталовую лыжку гаспадарчага мыла. Перад апырскваннем палову шклянкi настою разводзяць у вядры вады;
  • скурку з 2-3 апельсiнаў здрабняюць, залiваюць лiтрам цёплай вады, а потым тыдзень настойваюць у цемры. Пасля працэджвання разводзяць двума лiтрамi вады i дадаюць сталовую лыжку вадкага мыла для прылiпання. Прыгатаваным настоем заражаныя раслiны апрацоўваюць (апырскваюць або працiраюць лiсце) ад тлi 2-3 разы, ад кляшчоў i трыпсаў — 5-6 разоў.

Ёмiстасцi для расады

Палавiнкi апельсiнаў (без змесцiва), грунт i насенне — вось усё, што трэба. I ў градку высаджваць зручна: закапаў сеянец проста разам са скуркай — i парадак. Такiя натуральныя «кубачкi» падыходзяць для расады, якая: са з'яўленнем другога-трэцяга лiсточка будзе перасаджана ў ёмiстасцi большага памеру; хутка расце i высаджваецца ў грунт праз некалькi дзён пасля ўсходаў (напрыклад, агуркi, кабачкi цi гарбуз).

Для распальвання

Сухiмi апельсiнавымi скуркамi можна распалiць мангал, камiн або печ. Яны выдатна гараць i струменяць прыемны водар. У такога вогнiшча пасядзець нашмат прыемней!

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?