Вы тут

Прадстаўніца савецкай эліты: Маё жыццё — гэта бег з перашкодамі


Ніка Мікалаеўна Шышкіна, удава Героя Савецкага Саюза, легендарнага ваеннага лётчыка 1-га класа Якава Шышкіна, і сама асоба легендарная: гуляла ў валейбол з маршалам Ракасоўскім, была знаёмая з Юрыем Гагарыным і сябравала з сям'ёй сына Анастаса Мікаяна. Нягледзячы на свае 90, асвоіла камп'ютар і па скайпе кантактуе з сяброўкай у Ізраілі і сваячкай у ЗША, сочыць за падзеямі ў спорце (бо чатыры дзесяцігоддзі адпрацавала ўрачом у дыспансеры спартыўнай медыцыны, і многія беларускія спартсмены дагэтуль жаданыя госці ў яе кватэры), мае выдатнае пачуццё гумару і ніколі не скардзіцца на свае балячкі.

Яе сям'я адносілася да сапраўднай савецкай эліты, але жыццёвы шлях Нікі Мікалаеўны ніколі не быў засцелены ружамі: яна рана засталася без мужа, а затым і без адзінага сына, сама змагалася з цяжкай хваробай, але не страціла цікавасць да жыцця. Справіцца з цяжкасцямі дапамагала работа — 60 гадоў жанчына адпрацавала ўрачом, і толькі ў 81 год сышла на заслужаны адпачынак.


У яе кватэры ў адной са «сталінак» у цэнтры Мінска ідэальная чысціня. Ніка Мікалаеўна любіць парадак і да нашага прыходу зрабіла ўборку пасля ўчарашніх гасцей.

— Да мяне прыходзіць сацыяльны работнік, але я стараюся яе не нагружаць. І ўсё жыццё рабіла ўсё сама. У нашай сям'і ніколі не было нянек, дзеншчыкоў. Лягчэй пералічыць тое, чаго я не ўмела, чым тое, чым прыходзілася займацца. Здаралася, сын з'язджае ў адпачынак, а я бяру памазок і падлогу ў кватэры пакрываю лакам. Я і вязала, шыла і перашывала рэчы, магла і боты падбіць дратвай. Не сядзела без справы на лаўцы нават у гарнізонах, усё жыццё працавала. У мяне 60 гадоў каляндарнага стажу, некаторыя, напэўна, скажуць: дурная бабка.

— Кім былі вашы бацькі?

— Я нарадзілася ў Заўраллі. Мама была педагогам малодшых класаў, працавала ў той час, калі ўкараняліся прынцыпы педагогікі Макаранкі. Была загадчыцай аднаго з дзіцячых дамоў пасля рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, калі было шмат беспрытульнікаў. Мама казала, што тады дзеці былі іншыя — з пачуццём павагі, сяброўства, ніколі адзін у аднаго не кралі, а вось наступныя пакаленні былі ўжо іншыя. Мама адпрацавала 40 гадоў. Мой бацька скончыў Баўманаўскае вучылішча, як яно называлася пазней, а на той час гэта было Імператарскае маскоўскае тэхнічнае вучылішча. У мяне нават захаваўся яго студэнцкі білет, атэстат. Пасля працаваў інжынерам-землеўпарадчыкам. А ў 1938 годзе яго арыштавалі, абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і расстралялі. Праз шмат гадоў рэабілітавалі...

— Вам, дачцэ ворага народа, прыходзілася няпроста?

— Я вучылася ў школе на выдатна. Маму ўсе загадзя віншавалі з маім медалём, і на ўручэнне атэстатаў я ішла ў выдатным настроі. А назад ехала — і не было на свеце больш няшчаснай дзяўчынкі. Мне дадалі чацвёрак па геаграфіі, біялогіі і нават па рускай мове. Гэта зараз я стаўлюся з гумарам: ну не далі — нічога страшнага. А тады было так крыўдна... У камсамол я не ўступала — бо ведала, што мяне не прымуць. Таксама няпроста было з маім характарам: я ж не прапускала ніводнага адкрытага камсамольскага сходу. Дзякуй богу, не перашкаджалі паступаць у медыцынскі інстытут. Дарэчы, характар у мяне праявіўся з самага дзяцінства. Уявіце, у трэцім класе паспрачалася з настаўніцай на тэму правільнага напісання слова. Я даказвала сваё, а яна — сваё. Настолькі я пакрыўдзілася і вырашыла, што ў 4 класе ў яе вучыцца не буду. За лета экстэрнам здала экзамены — і пайшла ў пяты клас.

Калі тату арыштавалі, мы з мамай і бабуляй пераехалі ў Чэлябінск. Там жыла маміна сястра, таксама педагог. Мама яшчэ доўга ездзіла ў Свярдлоўск, ва ўпраўленне НКУС, дабівалася спаткання з бацькам, а яго, як пазней высветлілася, ужо не было ў жывых. Спачатку нам прыслалі паперку, што ў 42-м ён быццам бы памёр ад запалення лёгкіх. А потым мы даведаліся, што яго расстралялі 29 снежня 1938 года.

У 1945 годзе я скончыла школу і паступіла ў медінстытут. Заканчвала ардынатуру па неўралогіі, па спецыяльнасці я неўрапатолаг.

— Не часта сустрэнеш чалавека з працоўным стажам у 60 гадоў...

— Адразу пасля здачы дзяржэкзамену я выйшла на работу — не адпачывала і дня. Заўсёды падпрацоўвала — брала дзяжурствы, дадатковую палову стаўкі. Працавала і бясплатна — у гарнізон прыедзеш, добра, калі ёсць санчасць, а часам толькі медпункт, там вядзе прыём ваенны фельчар. Я садзілася і дапамагала. У Мінску 40 гадоў адпрацавала ў дыспансеры спартыўнай медыцыны. Маю званне ўдарніка камуністычнай працы. Былі ў мяне і цікавыя пасады, напрыклад, давераны ўрач Паўднёва-Уральскай чыгункі.

— Як пазнаёміліся з Героем Савецкага Саюза Якавам Шышкіным, які потым стаў вашым мужам?

— На рабоце мне далі пуцёўку ў санаторый у Сочы. У мяне ёсць адна асаблівасць: я лёгка знаёмлюся і «абрастаю» людзьмі імгненна. Пайшла на рынак, хаджу па радах. Бабуля прадае салёныя агуркі, мне так іх захацелася. І ў яго пытаю: будзеце агурок? Я і ведаць не ведала, хто гэта — ён жа не хадзіў у форме. Якаў здзівіўся і нават разгубіўся. Я купіла два агуркі, адным пачаставала яго. Пасля гэтага, напэўна, ён адразу і закахаўся. Мы перапісваліся, на наступны год і ён, і я зноў прыехалі ў Сочы. Такое вось у нас «агурковае» знаёмства.

— Ведаю, што вы былі знаёмы з маршалам Ракасоўскім...

— Я некалькі разоў гуляла з ім у валейбол — вось і ўсё наша знаёмства. Мы з мужам адпачывалі ў санаторыі. А мяне хлебам не кармі, дай пагуляць у валейбол. У нас там арганізавалася свая жаночая каманда. Ракасоўскі спыняецца аднойчы побач з пляцоўкай, дзе мы гулялі, заканчваецца партыя, і ён пытае: «Жанчыны, можна я з вамі пагуляю?» — «Канешне!» Ён быў разам з жонкай, яна невысокага росту, а ён мужчына відны, і ўсе мы былі крыху ў яго закаханыя. Адчувалася яго дваранскае паходжанне, інтэлігентнасць, розум, дасціпнасць — усё было пры ім.

— Не ў кожным санаторыі, напэўна, можна было так проста пазнаёміцца з маршалам...

— Гэта ж быў ваенны санаторый. Напрыклад, у ваенным санаторыі імя Фабрыцыуса ў Сочы мы перасякаліся з Юрыем Гагарыным. Часам нас вазілі ў кіно, дзе збіралася кіраўніцтва. Муж заўсёды садзіўся на канапу ў канцы залы, там яны з Гагарыным размаўлялі. А я ішла бліжэй да экрана. Калі фільм заканчваўся, я падыходзіла, мы віталіся. Ён быў надзвычай абаяльны і сціплы, да таго ж сапраўдны інтэлігент. Была я знаёмая і з касманаўтам Паўлам Паповічам. Яго жонка Марына Паповіч, лётчык-выпрабавальнік, мне вельмі падабалася. Неяк мы з мужам адпачывалі ў санаторыі імя Варашылава. Перад танцамі я на вуліцы чакала Якава. Ішоў дождж, а паколькі ў мяне быў плашч, я аддала свой парасон Паповічу. На танцпляцоўцы ён яшчэ запрасіў мяне на танец. На наступны дзень вяртаў нам парасон, і адчувалася, што ніяк не мог зразумець, чаму ў яго не просяць аўтограф. Слава робіць сваю справу, не ўсе праходзілі выпрабаванне меднымі трубамі.

— Вы сябравалі з сям'ёй сына Анастаса Мікаяна...

— Так. Аляксей з жонкай і сынам (а ён, дарэчы, пазней стаў вядомы як Стас Намін, музыкант і рэжысёр) нават гасціў у нас з мужам. Мне на работу трэба і нязручна перад гасцямі. А Аляксей кажа: ідзіце, не хвалюйцеся. Вяртаюся з работы — абед гатовы. Тыдзень яны ў нас так гасцілі. А калі ад'язджалі, кажу: як шкада, я так добра ўладкавалася.

— Як вы з мужам апынуліся ў Мінску?

— Якаў служыў у розных пунктах Саюза, чатыры гады ў Германіі. Вярнуліся адтуль і сталі выбіраць горад. Я да гэтага ў Мінску ні разу не была. А Якаў аднойчы прыязджаў забіраць самалёт, горад яму спадабаўся. Так і пераехалі сюды ў 1966-м. А праз паўгода ў яго здарыўся цяжкі інфаркт. Пасля вайны ён асвойваў звышгукавыя самалёты. А на новай тэхніцы, здаралася, гінулі лётчыкі. Я сама ўвесь час жыла ў напружанні. У гарнізоне прыслухоўваюся: лятаюць, значыць, усё ў парадку. Потым чую: спыніліся начныя палёты. Я пачынаю нервавацца: чаму? Нехта разбіўся? На камандны пункт сорамна тэлефанаваць. Праз гадзіну аднаўляюцца палёты, ну дзякуй богу. Прыходзіць Якаў дадому, пытаю: «Чаму не было палётаў з гадзіны да без пятнаццаці дзвюх?» — «Чаму ж не было, здаецца, ляталі ўсю ноч... А, самалёт выкаціўся за паласу, пакуль вярталі, быў перапынак»... І вось толькі ён скончыў лятаць, як здарыўся цяжкі інфаркт. Я нанова вучыла яго хадзіць, гаварыць, пісаць. Гэта страшна, калі ведаеш чалавека моцным, валявым, разумным, а ён раптам ператвараецца ў бездапаможнае кураня. Пасля інфаркту Якаў тры з паловай месяцы знаходзіўся ў шпіталі, я штодзень яго наведвала. У мяне на той час не было ні кватэры, ні работы, ніводнага знаёмага ў горадзе, старэнькая свякроў, 11-гадовы сын і вялікі інфаркт.

— Нават у герояў вайны былі праблемы з кватэрай?

— Мы пераехалі ў Мінск і працяглы час жылі на часовай, чакалі, пакуль вызваляць гэтую кватэру: армейскага палітработніка пераводзілі ў Маскву. А жонка палітработніка не спяшалася выязджаць. Мне трэба рабіць рамонт, бо кватэра была ў жудасным стане, забіраць мужа са шпіталя, а ранейшыя жыльцы ніяк не з'едуць... У мяне ўсё жыццё — бег з перашкодамі. Уначы ідзеш са шпіталя, і маральна, і фізічна стомленая і думаеш: няхай бы мяне збіў грузавік, але толькі каб адразу... Потым разумееш: сыну 11 гадоў, старая свякроў, хворы муж — што яны будуць без мяне рабіць? Трэба жыць, нікуды не дзенешся...

Пасля інфаркту муж пражыў яшчэ 14 гадоў, а ў 51 я стала ўдавой. І хоць вакол заўсёды было шмат мужчын, я так і не сустрэла нікога падобнага на свайго мужа. Так і засталася адна. У 2009 годзе, калі была вялікая эпідэмія грыпу, я страціла адзінага сына. Ён заўсёды вёў здаровы лад жыцця — не ўжываў алкаголь, не курыў. Займаўся спортам, у прыватнасці альпінізмам, быў нават інструктарам. З дзяцінства Мікалай быў настолькі самастойны, ніколі не дастаўляў ніякіх клопатаў. Прыбягаеш са шпіталя, ён робіць урокі. Пытаеш: «Ты гуляў на вуліцы?» — «Не, трэба дарабіць урокі». Ён скончыў школу з залатым медалём, інстытут з чырвоным дыпломам. Абараняўся ў тэхнічнай ВНУ на англійскай мове, самастойна яе вывучыў... Прысвяціў сябе навуцы, выкладаў у тэхналагічным універсітэце. Шмат працаваў — да двух-трох гадзін ночы заседжваўся, вось і ўсе яго парушэнні рэжыму. І так на фоне поўнага здароўя ён памёр ад ускладнення грыпу. Гэта здарылася 29 снежня 2009-га. А муж памёр 25 снежня 1979 года. 29 снежня 1938 года расстралялі майго бацьку. Кожны год першую палову снежня я яшчэ трымаюся, а потым мяне пачынае трэсці... Я засталася зусім адна. У сына не было сям'і: як кажуць яго сябры, ён проста не сустрэў жанчыну, падобную на мяне.

— Як вы перажылі смерць сына?

— Сама не ведаю. У мяне нікога няма — ні ўнукаў, ні дзяцей, ні сясцёр, ні братоў. Але нельга дазваляць сабе азлобіцца. Да таго ж я стараюся ніколі не скардзіцца. Я і сама перанесла пяць сеансаў хіміятэрапіі. Раней нічым асабліва не хварэла, а калі пахавала Мікалая, на нервовай глебе пачалося адно за другім. А потым увогуле паставілі дыягназ рак горла. Уставілі трубку, праз якую трэба карміцца. І я самастойна дома паўтара месяца харчавалася праз гэту трубку. Сама рабіла перавязкі. Потым пачаліся сеансы хіміятэрапіі...

— Што вам дапамагло? Жаданне справіцца з хваробай?

— Калі шчыра, я і сёння не магу зразумець, навошта мяне Бог пакінуў на гэтым свеце. Але значыць, для чагосьці я тут патрэбна. Мае сяброўкі (ім за 50, бо равесніц маіх ужо не засталося амаль) тэлефануюць: там баліць, тут баліць. А я ніколі не скарджуся, карысці з гэтага ніякай.

Неяк пасля «хіміі» ляжу ў рэанімацыі, тэлефон мой забралі. А напярэдадні мае хлопцы- гандбалісты гулялі з Польшчай. Я ж павінна была ведаць, як сыгралі. Думаю, трэба спытаць у кагосьці. Раніцай абход, прыйшла галоўны ўрач з маладымі практыкантамі. У яе пытаць не рызыкнула: думаю, вырашыць, што звар'яцела бабка, і накіруе ў «Навінкі». Потым прыйшоў малады ўрач. Кажу: можна незвычайнае пытанне? Як сыграла зборная па гандболе? Ён паглядзеў у тэлефоне, нават лік памятаю — 31:30, нашы выйгралі!

— Нягледзячы на тое, што вам давялося перажыць, за што вы ўдзячны лёсу?

— У мяне быў выдатны сын. І гэта падарунак, хоць яго ў мяне і забралі...

Зараз перыядычна адчуваю сябе не вельмі добра, але ўсім кажу, што гэта надвор'е ўплывае. Урачы зрабілі абследаванні, пытаю ў іх, ці трэба нейкія лекі прымаць? Кажуць, што не трэба. Я і сама разумею, што ў 90 гадоў нічога не зробіш — як ні круці, узрост. Але я кажу — надвор'е.

Алена КРАВЕЦ

Фо­та Анд­рэя СА­ЗО­НА­ВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.