Вы тут

Беларусь, у якой жывём


Карціну Валерыя Шкарубы я аднойчы пабачыла ў Нацыянальным мастацкім музеі. І што называецца, палюбіла з першага погляду. Што прыемна, завітваючы, пры нагодзе, да карціны зноў, я не расчароўвалася ў сваіх пачуццях, а наадварот разумела, што аб'ект сімпатый выбраны правільна — і сэрца аддаць яму можна. Так у мяне з'явіўся любімы сучасны беларускі мастак і яго «Восеньскае святло».


Неяк я пабачыла, што карціны Шкарубы выстаўляюцца ў музеі Гомельскага палацава-паркавага комплексу. Падумала: «А ці не з'ездзіць, бо вельмі ж хочацца» — аднак зрабіць гэтага не паспела, бо выстаўка ўжо закрывалася. Таму, калі ў сяброўкі ў сацыяльных сетках пабачыла, што Валерый Шкаруба выстаўляецца ў Барысаве, падумала: нельга губляць ні тыдня! Сказана — зроблена.

Чым я была прыемна здзіўлена і зусім крышачку засмучана — экспазіцыя мастака ў Барысаве пастаянная (а мне ж яшчэ артыкул пісаць, патрэбна навіна). Валерый Шкаруба — барысаўчанін, прызнаны не толькі ў беларускай сталіцы, але і ва ўсім свеце. Многія культурніцкія пляцоўкі ў розных гарадах прапаноўвалі яму свае плошчы для пастаяннай выстаўкі. Аднак Шкаруба вырашыў, што калі дзесьці і быць яго карцінам на пастаяннай аснове, дык толькі ў родным Барысаве. Некалькі гадоў таму адным махам падарыў 30 сваіх карцін гораду — і галерэя яго работ адкрылася ў бібліятэцы імя Каладзеева. З тых часоў кожны год мастак завітвае сюды ў дзень адкрыцця галерэі і дорыць яшчэ па адной сваёй рабоце. На сёння ў галерэі прадстаўлена 33 карціны мастака. Нават лічба прыгожая, пагадзіцеся.

Карціны Валерыя Шкарубы выклікаюць у наведвальнікаў самыя розныя пачуцці. Для людзей з замежжа, якія калісьці пакінулі Беларусь, гэта смутак і сум аб страчаным. Некалькі жанчын з Ізраіля, калі пабачылі карціну «Сумны змрок» з выяўленай на ёй старой хаткай, плакалі каля яе. Больш маладое пакаленне зазвычай перажывае іншыя пачуцці — яны бачаць на палотнах прыгажосць, спакой і чысціню.

Мастак піша выключна беларускую прыроду. Калі бывае дзесьці за мяжой, часам робіць эцюды, аднак ніколі не пераносіць іх на вялікія палотны. Беларускія пейзажы, прычым без людзей, без жывёл, толькі зрэдку з вясковымі будынкамі, — вось што сапраўды натхняе гэтага творцу. Ён часта піша дарогу, прычым яна ніколі не абрываецца. Аўтару блізкія памежныя станы прыроды — позняя восень, ранняя вясна, світальны туман, захад сонца — усё гэта таксама сімвалы шляху, руху ў новы этап.

Колеры яго работ з аднаго боку вельмі спакойныя — цікава, што нават вясновая дарога з каляінамі, разбітая паводкай і толькі месцамі прыкрытая снегам, выглядае ў яго чыстай, нават адухоўленай. Калі прыгледзецца, у яго палітру шчодра дададзены бірузовы, зялёны, ружовы, светла-фіялетавы, залаты колеры. Яны дапамагаюць стварыць уражанне пэўнай пяшчоты. Вельмі яскравымі і эмацыянальна цэльнымі атрымліваюцца яго карціны, на якіх выкарыстаны глыбокі сіні колер. Чысты, халодны, без прымешак лішняга сіні ў яго выкананні атрымліваецца вельмі радасным. Карціна «Слупы» — сілуэты цёмна-шэрых электрычных слупоў, купка дрэў, лапік зямлі, усё гэта на фоне сіняга гарызонту — такога, якім мы маглі бачыць яго ў прыродзе, калі сонца ўжо схавалася. З аднаго боку, гэта вельмі простая карціна. А з другога, яна настолькі цэльная, што міжволі хочацца параўнаць яе з «Чорным квадратам» Малевіча. Прычым Шкаруба тут нават выйграе, бо здолеў цэльна ўвасобіць складаны нябесна-марскі колер.

Валерый Шкаруба займаецца мастацтвам з самага дзяцінства. Калі быў малы, мог прачнуцца сярод ночы і пайсці на эцюд у лес — каб там пісаць перадсвітальны туман. Цяпер мастак прыгадвае, што гэта самыя шчаслівыя ўспаміны яго дзяцінства. Дарэчы, малым хлопчыкам ён моцна заікаўся. Таму ўтульней было застацца аднаму, чым бавіць час з сябрамі ў кампаніі. Цяпер творца кажа, што яму ў гэтым плане вельмі пашчасціла: адчуваць утульнасць сам насам з сабой. Бо адзінота патрэбна кожнаму творчаму чалавеку — і мастаку, і пісьменніку, і кампазітару — для таго, каб ствараць.

Цікава і тое, што Валерый Шкаруба тройчы не мог паступіць на аддзяленне жывапісу ў Акадэмію мастацтваў (колішні Тэатральна-мастацкі інстытут). Аднак, як згадвае сам, ніколі не хваляваўся і не сумняваўся ў абраным шляху — ведаў, што рана ці позна паступіць. У выніку з чацвёртага разу ён паступіў, праўда, на аддзяленне графічнага дызайну.

Праўду кажуць, што ўсё да лепшага. Цяпер мастацтвазнаўцы пачалі вылучаць жывапіс у стылі Шкарубы — зроблены тонкімі графічнымі мазкамі.

* * *

Мастак піша тую Беларусь, у якой мы з вамі жывём, — ва ўсякім разе вяскоўцы. Бачная яе стрыманая, маляўнічая, прывабная прырода. Праўда ў нашай культуры прынята звязваць гэтыя вобразы з элегіяй, сумам па чымсьці страчаным. І вось тым каштоўныя работы Шкарубы: глядзіш на іх і бачыш тое, што бачыў тысячы разоў. І гэтым разам табе не сумна і не абыякава. Ты радуешся і дзякуеш, што роднае хараство гэтаксама ўбачыў мясцовы майстра сусветнага ўзроўню.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.