Вы тут

Фінішавала выстава-конкурс дзіцячай творчасці «Калядная зорка»


Незвычайныя, яскравыя, напоўненыя імпэтам дзіцячых душ вырабы з паперы, саломкі, керамікі, ніцей, аўтарскія лялькі і нават мультфільмы цягам двух месяцаў ацэньвалі на 22-й рэспубліканскай выставе-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. 75 найлепшых творцаў з усёй краіны ўзнагародзілі ў суботу ў Мінску.


Кожны атрымаў сімвалічную калядную зорачку-медаль і буклет з выявамі найлепшых конкурсных работ. А яшчэ іх павіншавалі Дзед Мароз са Снягуркай, якія спецыяльна затрымаліся амаль на месяц, каб адзначыць з маленькімі талентамі Каляды і падзівіцца на іх работы.

Флэшмоб ад Дзеда Мароза

Напачатку святкавання казачныя персанажы запрасілі ўсіх прысутных на танцавальны флэшмоб, каб паказаць, што яны таксама творчыя. Ды так запальвалі, што ўся зала танчыла. А на гукі вяселля завіталі калядоўшчыкі з ансамбля песні і танца “Зорачка” і зладзілі самыя сапраўдныя вячоркі.

— Гэтая выстава — самая любімая ў дзяцей па колькасці работ, тэматыцы, зацікаўленасці. Штогод вы становіцеся ўсё больш вынаходлівымі. Здаецца, ужо ўсе тэхнікі вядомыя і знаёмыя, але вы падаяце гэта ў новым, арыгінальным бачанні, — падзякавала юным творцам дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея ВАСІЛЬЧАНКА, уручаючы ўзнагароды пераможцам у намінацыях “Зімні спорт”, “Зіма ў Беларусі” і “Арт-аб’ект”.

Пазнаёміцца з гісторыяй Калядаў і даведацца пра свята нешта новае можна было праз работы, якія вылучылі ў катэгорыі “Калядная кампазіцыя", “Сувенір-падарунак” і “Калядная зорка”. Выбіраючы найлепшых, суддзі нават памаладзелі на 20 гадоў, падзялілася сакрэтам Маргарыта ШЧАМЯЛЁВА, старшыня журы конкурсу, віншуючы пераможцаў калядных намінацый:

— Мы атрымалі асалоду, адбіраючы лепшыя работы. Сёлета іх велізарная колькасць. Хачу падзякаваць педагогам, якія займаюцца з малымі, вывучаючы народныя традыцыі. І пры гэтым не проста пераносяць іх у сучаснасць, а ствараюць новыя яркія вобразы. Гэта сапраўдныя, шчырыя работы з душой, праз якія перадаецца любоў да свайго народа і веданне сваіх нацыянальных традыцый і каларыту.

Мульцікі з бяросты і прыгоды Ёжкі

Пухнаты снег, моцны мароз, калядныя святы, зімовая казка і навагодні цуд ператвараюць зіму ў сапраўдную казку. Усё гэтае хараство ўдзельнікі конкурсу змаглі перадаць праз сапраўдныя мультфільмы. Найлепшыя анімацыйныя работы атрымалі ўзнагароды ў намінацыі “Чароўныя карцінкі”.

— Рабяты здзейснілі вельмі цікавыя анімацыйныя праекты. Яны прадставілі казку ў выглядзе мульцікаў з выкарыстаннем бяросты і іншых прыкладных матэрыялаў, — адзначыла Ганна КЛІМЕНКА, член журы, узнагароджваючы пераможцаў у гэтай катэгорыі.

Прагляд аднаго з мультфільмаў “Навагодніх прыгод” стаў яшчэ адным падарункам усім прысутным, як і чарговы сюрпрыз ад Дзеда Мароза — выступленне ансамбля “Смайлікі”.

Сваімі ўнікальнымі і чароўнымі работамі хлопчыкі і дзяўчынкі на ўсю краіну кажуць “Казцы быць!”, заўважыла Снягурка, прадстаўляючы пераможцаў намінацый "Навагодняя ёлка" і "Навагодні персанаж". З ёй пагадзілася Людміла ЦЕРАХ, член журы конкурсу, якая пажадала дзецям і дарослым дазваляць сабе быць незвычайнымі і шчырымі. Не проста хацець спадабацца камусьці ў конкурсе, а атрымаць асалоду ад работы над вырабам:

— Тады будзе поспех не толькі ў конкурсе, а і ў жыцці. Тое, чым вы займаецеся з любоўю і інтарэсам, дапамагае на жыццёвым шляху.

Пераможца намінацыі “Навагодні касцюм” — подыум-школа “Фэшн-стайл” са сваёй калекцыяй “Дзяволя” зладзіла на свяце сапраўдны мадэльны паказ. Каларытнае адзенне, прыгожыя дзяўчаты, цудоўная музыка… Зала была ў захапленні. Прызёраў гэтай намінацыі ўзнагароджвалі разам з найлепшымі ў катэгорыі “Ёлачная цацка”.

Напрыканцы свята Дзед Мароз са Снягуркай “уручылі” ўсім ўдзельнікам яшчэ адзін падарунак — выступленне ансамблю “Чырвоныя зоркі”, разам з дзяўчынкамі якога чароўныя персанажы пусціліся ў скокі. А на салодкае ўдзельнікі пабачылі спектакль “Прыгоды Ёжкі ў чароўным лесе”.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».