Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Перарваны «палёт», або Урок для ліхача

Фота mayaksbor.ru

Хутар, дзе жыве цётка Марфа, прытуліўся да дубоў-веліканаў, дубоў-волатаў. Пра іх у свой час хадзілі легенды. А зараз і расказваць няма каму: на хутары з чатырох немаленькіх сем'яў засталася толькі цётка — адна-адзінюткая. Была і ў яе магчымасць перабрацца ў суседнюю вёску — не захацела. У горад да дзяцей таксама. Ды яно і зразумела: свая хатка як родная матка. Тут прайшлі найлепшыя гады, тут пагадаваліся дзеці, тут, побач з хутарам, могілкі, дзе пахаваны «ўсе свае» — дзяды, бацькі, яе муж. Для сябе яна таксама ўжо месцейка нагледзела, але ж туды не спяшаецца, ва ўсякім разе — пакуль. Сама пыніць няхітрую гаспадарку, сама раз на тыдні ходзіць у краму.

Вось і ў той дзень па сваёй ледзь прыкметнай сцежачцы, з кіёчкам ды торбай цераз плячо (так лягчэй данесці пакупкі) яна выправілася ў дарогу. Тры кіламетры не такі ўжо і шлях, але ж ёсць адна перашкода. Вёска, у якой знаходзіцца крама, — па другі бок шашы. А на ёй... «І куды яны так спяшаюцца? І чаму гэтак носяцца? — гледзячы на машыны, пыталася жанчына. — Дарогу не перайсці».

І сапраўды, яна падоўгу часам стаяла на ўзбочыне, у непагадзь паспявала змерзнуць, чакаючы моманту, каб без рызыкі для жыцця «сігануць» на той бок.

...Гэтым разам ёй, здаецца, пашчасціла: па дарозе хіба зрэдку праязджалі машыны. «Значыць, хутчэй дабяруся да крамы, — падумала Марфа, — хутчэй вярнуся дамоў». Ёй і праўда трэ было спяшацца: пазнавата выйшла, а зімовы дзень, ён як дзюбка ў вераб'я — кароткі.

І тым не менш бабуля, як заўсёды, кінула позірк у адзін бок, у другі і толькі потым ступіла на шашу, нават зрабіла па ёй некалькі крокаў, як раптам...

З-за павароту, нібы чорт з табакеркі, выскачыла машына і з шалёнай хуткасцю «паляцела» на яе, на Марфу. «Няўжо канец?.. — падумала тая. — А як жа Тузік? На ланцугу... Згаладае, бядак».

Шкадуючы, яна слупам стаяла на месцы. А вось машына наадварот — ад рэзкага тармажэння закруцілася па шашы, а потым з разгону ўляцела ў дрэва.

— Мяне, дзякуй богу, пранесла, — перахрысцілася Марфа.

«Пранесла» — яна ўбачыла — і здаравеннага дзецюка, які лёгка выкуліўся з разбітай машыны. Праўда, з мацюкамі... Але ж слухаць іх ці нешта адказваць Марфа не збіралася. Яна пашыбавала сабе да крамы. Адно хіба прыгаворвала, што носяцца тут усялякія. Моду ўзялі — на машынах лётаць. І так, што нармальнаму чалавеку дарогу не перайсці.

Карацей, той дзень для бабулі скончыўся добра. Чаго нельга сказаць пра другога фігуранта гэтай гісторыі, але ж ён, як выглядае, сам вінаваты?

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён


Помста інспектара

Фота proxvost.info

...«Пятачкі» — сляды куніцы прывялі мяне да маладой сасны. Задраў галаву, паглядзеў, хацеў было кінуць палкай, але перадумаў, бо ўспомніў, што аднойчы ўжо так рабіў. І нічога добрага з гэтага не выйшла.

У глухім кутку Палесся, дзе некалі я працаваў дырэктарам васьмігодкі, аўтобусы і машыны з'яўляліся рэдка. Таму, калі раніцай панядзелка ў школе з'явіўся інспектар райана, я моцна здзівіўся: «Адкуль?»

А ён між тым ужо рабіў сваю справу: пабываў на ўроку фізікі ў сёмым класе, пазнаёміўся з работай майстэрні, агледзеў школьны двор.

Новы драўляны будынак, вакол якога было шмат дрэўцаў і кустоў, спартыўная пляцоўка, малады садок пакінулі, відаць, добрае ўражанне... Мы нават разам паабедалі, а пасля гэтага Максім Міхайлавіч угаварыў мяне схадзіць у лес: ён быў побач — падступаў аж да самай вёскі.

Там ледзь не хорам папісквалі сініцы, шчыра працаваў дзяцел і... Што гэта: з сасны на суседнюю бярозу хацела пераскочыць куніца, але не разлічыла і, прамахнуўшыся, упала на зямлю. Максім Міхайлавіч кінуўся да звярка, я — за ім: апярэдзіў інспектара, ніцма ўпаў... на снег, бо куніца шмыгнула на бярозу. Інспектар страсянуў яе — жывёлінка ўпала, але зноў жа ўмомант ускочыла на дрэва.

— Давайце саб'ём, — прапанаваў Максім Міхайлавіч і тут жа «ўзброіўся» палкай. Я — таксама.

Шпурлялі іх па чарзе, але ўсё без толку, бо куніца сядзела высока. А найгорш было тое, што мой сук, патрапіўшы ў ствол, адскочыў ад яго і паляцеў уніз... «Асцярожна!» — крыкнуў я Максіму Міхайлавічу, але спазніўся: сук ударыў інспектара па галаве, той пахіснуўся і... як падкошаны, рухнуў на зямлю!

Падбегчы на дапамогу я, можна сказаць, не паспеў, бо падняўся ён хутка. Але ж я ўсё роўна не ведаў, што мне рабіць.

— Пайшлі, — загадаў інспектар, павярнуўшы назад у вёску. Час ад часу ён здымаў шапку і на сваёй лысаватай галаве мацаў чырвоны гуз.

— Вы начальства заўжды так прымаеце? — спытаў у мяне на развітанне, хоць папярэдне збіраўся начаваць, каб наведаць школы паблізу.

— Не, гэта выпадкова, — ледзь не бажыўся я. — Калі ласка, прабачце!

Марна прасіў: Максім Міхайлавіч ні разу больш не наведаўся ў нашу школку, пры сустрэчы ў райана вітаўся суха, на нарадах ніколі не хваліў (хоць і было за што), а вось крытычных заўваг выказваў процьму.

А ўсяму віною хто — простая куніца.

Уладзімір Пугач, м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


Хітры ход

Фота yandex.ru

...З раніцы па аўторках наш дырэктар праводзіць вытворчыя планёркі. На адной з іх мы неяк абмяркоўвалі работу з кадрамі — і цяпер, і некалі, за так званым савецкім часам. Успомнілі парткамы, прафкамы, камітэты камсамола, нават агульныя сходы. «Пад такім «наглядам», — нехта з маладзейшых прызнаў, — чалавек проста мусіў быць маральна ўстойлівы, можна сказаць, бездакорны».

Але ж такіх, відаць, не існуе?

Сведчаннем таму выпадак, пра які расказаў наш начальнік вытворчасці. Далей — з яго слоў.

Старэйшае пакаленне, мусіць, памятае імя Анжэлы Дэвіс. У Савецкім Саюзе яно грымела з усіх рэпрадуктараў — служыла свайго роду сімвалам барацьбы за мір. Здавалася, што нават у садках тады гучаў заклік: «Свабоду Анжэле!», а ўжо недзе вышэй дык сам Бог загадаў! Цэлую ідэалогію будавалі на дыскрэдытацыі капіталістычнага Захаду (і Штатаў у прыватнасці)...

Дык вось. На заводзе пачынаецца пасяджэнне парткама. У зале сярод прысутных ні села ні пала (бо не камуніст, не стаханавец...) узрушаны слесар Зуеў. І мала таго, што прыйшоў, ён яшчэ і слова просіць. Цікава ж, што хоча сказаць?

А той — бачна па ўсім — хвалюецца (што «прамову» яго зусім не псуе...), але нешта гаворыць пра буржуяў, па віне якіх гаротніца Анжэла знаходзіцца ў турме, пра тое, што з гэтым нельга мірыцца, і што вось ён, слесар Зуеў, згодзен пералічыць у фонд міру палову свайго авансу...

На тым прамоўца скончыў, а прысутныя камуністы, крыху падумаўшы, прыйшлі да высновы, што гэта ініцыятыва (да таго ж знізу) у прынцыпе добрая і што яе мала ўнесці ў пратакол, — трэба далажыць у райкам...

Як вырашылі, так і зрабілі, і слесар Зуеў назаўтра ж адчуў сябе знакамітым. З самага ранку майстар сказаў яму, што робу адзяваць не трэба, бо яго чакаюць у канторы.

Там ён падпісваў нейкія паперы і звароты. Яго нават «сфоткалі».

Пад абед ініцыятар меў размову з маладзенькай журналісткай, якая называла яго не толькі па імені, а яшчэ і па бацьку, распытвала пра сям'ю, дзяцінства і зноў жа фатаграфавала...

А ў канцы тога ж дня адбыўся сход, на якім прынялі рэзалюцыю падтрымаць пачын Зуева і пералічыць у фонд міру пэўны працэнт з чарговага заробку. (Падчас галасавання радасці на тварах прысутных ініцыятар не ўбачыў, але і «ўстрымацца» таксама ніхто не адважыўся.)

У выніку прадстаўніку райкама ўручылі рэзалюцыю. Кіраўніцтва было задаволена і нават прадчувала някепскае для сябе развіццё падзей...

Рабочыя пасля сходу разышліся па раздзявальнях. Зуеў, які адзецца ў робу так і не паспеў, адным з першых ірвануў за прахадную. А вось дырэктара спыніла сакратарка: як заўжды, падала яму папку з поштай, з дакументамі на подпіс... Большасць з іх ніякіх пытанняў не выклікала, але ж адзін...

Дырэктар, як уджалены, падхапіўся з крэсла, загадаў сакратарцы тэрмінова склікаць актыў...

Што магло здарыцца? — уголас гадала начальства. — Можа, аварыя дзе? Можа, няшчасны выпадак?

— Няшчасных, дзякуй богу, няма, але і шчаслівых, на жаль, таксама, — супакоіў усіх дырэктар.
І моўчкі разгарнуў пісьмо з гарадскога аддзела ўнутраных спраў, у якім паведамлялася, што пазаўчора вечарам у інтэрнаце швейнай фабрыкі ў стане моцнага алкагольнага ап'янення быў затрыманы рабочы іх прадпрыемства Зуеў...

— Той самы?! — не паверылі прысутныя.

— Той самы, — сказаў дырэктар. — Барацьбіт... За правы амерыканскіх неграў.

— Вось табе і пачын, — уздыхнуў парторг...

— Трэба прымаць меры, — падхапіў прафорг. — Але як?

Думалі доўга. У выніку аддалі належнае хітрасці слесара і прапанавалі ў міліцыю даслаць якую-небудзь адпіску, а ў фонд міру залічыць не толькі палову авансу Зуева, але і квартальную прэмію.

Больш сурова караць «вынаходніка» не выпадала, бо для гэтага, па-першае, прыйшлося б вынесці з хаты смецце, а, па-другое, — як-ніяк «зорка»...

На што «яна», відаць, і разлічвала.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?