Вы тут

Мясцовыя дэпутаты падтрымалі ініцыятыву актывіста


— Адна з галоўных нашых задач — работа з насельніцтвам. Формы яе разнастайныя. Але, бадай, самымі важнымі з'яўляюцца сустрэчы з жыхарамі горада і раёна (сходы), прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян. Апошнія ажыццяўляюцца нашымі дэпутатамі штомесяц. Графікі іх апублікаваныя на афіцыйным сайце Вілейскага райвыканкама, — уводзіць у курс справы старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

У 2018 годзе ў райсавет паступіла 23 пісьмовыя звароты грамадзян і юрыдычных асоб, 2 электронныя і 28 вусных. У асноўным яны датычыліся вызвалення ад пералічэння ў раённы бюджэт сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду будынкаў, збудаванняў і іншых памяшканняў, а таксама вызвалення ад падатку на нерухомасць або змяншэння ставак павышаючага каэфіцыента на яе і зямельнага падатку. У выніку тры прадпрыемствы вызвалены ад пералічэння ў раённы бюджэт сродкаў ад здачы ў арэнду будынкаў, збудаванняў і іншых памяшканняў.

Хвалявалі людзей і такія пытанні, як капітальны рамонт жылых дамоў, работа грамадскага транспарту, уладкаванне дарог, водазабеспячэнне, працаўладкаванне.

Тыя звароты, якія патрабавалі дадатковага вывучэння, разгледжаны спецыялістамі з выездам на месца. Усе заяўнікі атрымалі адказы. Пытанні, па якіх яшчэ не надышлі тэрміны, знаходзяцца на кантролі ў раённым Савеце дэпутатаў.

За мінулы год вілейскія дэпутаты сапраўды вырашылі шмат пытанняў па паляпшэнні жыццядзейнасці жыхароў горада і раёна. У вёсцы Казлы Ільянскага сельсавета адрамантавана дарога; наладжана бесперабойнае забеспячэнне гарачай вадой жыхароў вуліцы Гагарына, адрамантаваны дах дома па вуліцы Кастрычніцкай у Вілейцы. Па просьбе людзей зменены маршруты аўтобуса Вілейка — Ваўкалатка з дадатковым заездам у аграгарадок Ерхі. Цяпер значна прасцей і зручней стала дабірацца ў вёску Ізбіно Асіпавіцкага сельсавета — аўтобусы № 1 і № 5 сталі заходзіць у гэты населены пункт. А жыхар вёскі Порса Любанскага сельсавета ўдзячны дэпутатам за тое, што пры іх непасрэдным хадайніцтве ўдалося вырашыць праблему адводу вады з зямельнага ўчастка.

Жыхары пасёлка Ілья звярнуліся ў сельсавет з прапановай аднавіць вадаём, які раней быў месцам адпачынку, а цяпер у выніку пэўных прычын абмялеў. Сельвыканкам падтрымаў ініцыятыву. Ёсць надзея, што ў недалёкай перспектыве возера будзе адноўлена талакой. Работы вядуцца за сродкі саміх жыхароў, аказвае дапамогу і мясцовая гаспадарка.

На сесіі райсавета дэпутат Андрэй Стасевіч прапанаваў падтрымаць ініцыятыву мясцовага прадпрымальніка Віталя Малыша і просьбу мясцовых жыхароў па зборы сродкаў на рамонт так званага Казінага моста цераз раку Вілію, які быў змыты падчас веснавога разводдзя. У крамах былі ўстаноўлены спецыяльныя скрыні. Адгукнуліся на заклік актывіста як жыхары Вілейкі, так і мясцовыя арганізацыі, спонсары... Калісьці Казіны мост меў, можна сказаць, стратэгічнае значэнне для гараджан. Продкі сучасных віляйчан трымалі на падворках шмат коз. Спачатку іх перавозілі на супрацьлеглы бок ракі, багаты на сакавітыя травы, на лодках, а затым сваімі сіламі пабудавалі драўляны мост, па якім пераганялі жывёлін на пашу. Цяпер ён страціў сваё першапачатковае прызначэнне, але гэты мост з'яўляецца своеасаблівым сімвалам Вілейкі. Ды і гараджанам ён патрэбны: хтосьці сюды прыходзіў вудзіць рыбу, нехта проста адпачыць, а некаторыя жыхары хадзілі гэтай дарогай па ягады і грыбы. Цяпер жа даводзіцца пераадольваць шлях у шмат кіламетраў, каб трапіць у лес.

Будаўніцтва моста патрабуе шмат высілкаў, бо з цягам часу заканадаўства мянялася, станавілася больш жорсткім: яно прадугледжвае шматлікія працэдуры, узгадненні з зацікаўленымі службамі. Распрацоўка праекта абыдзецца, відаць, даражэй, чым само ўзвядзенне пешаходнай артэрыі. Дзе ж выйсце? Як прапаноўвае Андрэй Стасевіч, можна пайсці па найбольш простым шляху — звярнуцца па дапамогу ў Міністэрства абароны, у практыцы якога ёсць прыклады будаўніцтва такіх сацыяльных мастоў у краіне...

— Работа са зваротамі грамадзян была, ёсць і будзе адной з галоўных у дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў і кіраўнікоў, — лічыць Алена Чабатар. Таму што людзі, якія жывуць на Вілейшчыне, — самая лепшая і дакладная крыніца інфармацыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Самая дакладная крыніца інфармацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.