Вы тут

Як ажываюць вобразы


 

Як ажываюць вобразы

Чарговая імпрэза ў межах ініцыятывы «Маладосць» & «Маладосць» (праекта аднаіменных часопіса і кнігарні ААТ “Белкніга”) была прысвечана конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». Удзельнікі сустрэчы імкнуліся адказаць на пытанне “як ажываюць вобразы?” і падзяліліся асабістым вопытам “рэаніміравання” славутых імёнаў нашага літаратурнага мінулага.

Першым слова ўзяў дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ігар Запрудскі,  аўтар ідэі конкурсу, член журы і, адпаведна, адзін з яго арганізатараў. На правах дэміурга Ігар Мікалаевіч і распавёў пра акалічнасці з’яўлення “Слаўнай кампаніі” і тую лакуну, якую, на вялікі жаль, уяўляе з сябе біяграфічны жанр у сучаснай беларускай літаратуры. Менавіта гэтыя пусткі і ўзяліся запаўняць удзельнікі “РэANIMAцыі”.

Аліна Агрэніч выбрала для конкурснага твора постаць Францішка Багушэвіча, а калі дакладней, тыя акалічнасці, якія маглі мець месца пасля смерці пісьменніка. Па словах самой Аліны, такі нешаблонны падыход быў абумоўлены тым, што яна так і не змагла ўзяць на сябе адказнасць думаць “за Багушэвіча”. Тым не менш, гэта аўтарская авантура (з пункту гледжання ўмоў конкурсу) была высока ацэнена журы.

Больш класічную форму выкарыстала Таццяна Кохан, якая засяродзіла сваю ўвагу на жыцці Яна Чачота. На думку Ігара Запрудскага, гэта ўвогуле адзіны з конкурсных твораў, які можна назваць дакументальнай біяграфіяй. Сама Таццяна пацвердзіла, што ў працэсе напісання працы ішла “ад фактаў да тэксту”, бо хацела, каб у яе творы гаварыў сам Чачот.

Таццяна Кіявіцкая распавяла пра жыццёвыя і непасрэдна літаратурныя абставіны працы над біяграфіяй Вікенція Равінскага. Дарэчы, гэта выступленне выклікала невялікую дыскусію пра “радасці і пакуты творчасці”.

Інтрыгуючай і шмат у чым таямнічай біяграфіі паўстанца 1863–1864 гг. Пранціша Вуля прысвечаны тэкст Цімура Буйко. У дадзеным выпадку аўтара і  яго героя аб’яднаў родны для іх абодвух Віцебск, які, па словах Цімура, стаў для яго сваеасаблівай пуцяводнай зоркай.

А вось Глеб Ганчароў прысвяціў свой твор мінчуку Янку Лучыне. Абмежаванасць у фактуры прымусіла аўтара выкарыстаць метад класіка біяграфістыкі Андрэ Маруа: калі няма звестак пра чалавека – пішы пра яго час, а час сам вывядзе да характару, да стасункаў і да лёсу.

Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе падзялілася ўдзельніца-студэнтка Міхаліна Бурвіна, якой прыйшлося сутыкнуцца з іншай праблемай – лішкам інфармацыі. І гэта не дзіва, бо ў якасці свайго героя дзяўчына выбрала Элізу Ажэшку.

Завяршылася ж імпрэза традыцыйным ужо для праекта выступленнем музыкантаў. На гэты раз гасцей сустрэчы парадаваў гурт “Балцкі субстрат”.

Наступная літаратурная серада адбудзецца праз два тыдні ў той жа час, на тым жа месцы (вул. Багдановіча, 68 у 16-00).

P.S. Цырымонія ўзнагароджвання лепшых канкурсантаў адбудзецца на ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Кірыл Мяцеліца, “М”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».