Вы тут

Удзельнікі каманды «МАЗ-СПОРТаўта» падвялі вынікі «Дакара-2019»


Сёлетні «Дакар» стаў самым складаным ралі-рэйдам, у якім толькі даводзілася ўдзельнічаць, адзначаюць беларускія пілоты. Нягледзячы на невялікі лік этапаў — усяго 10, маршрут праходзіў па пясчаных участках з дзюнамі і зыбучым «фэш-фэшам». Гоншчыкі пераадолелі каля пяці тысяч кіламетраў па пустынях, горных скалах і высахлых рэчышчах. Многія экіпажы захрасалі ў варонках і губляліся ў навігацыі, а тэхніка часта выходзіла са строю проста на трасах.


Выключэннем не стала і наша каманда, у пастках з пяску пабывалі ўсе тры беларускія экіпажы, але змаглі выбрацца з іх самі альбо пры дапамозе партнёраў па камандзе. Два беларускія экіпажы завяршылі ралі-рэйд у першай дзясятцы самых хуткіх грузавікоў, МАЗ Сяргея Вязовіча стаў шостым, каміён Аляксандра Васілеўскага заняў восьмае месца, на 11-м радку размясціўся экіпаж Аляксея Вішнеўскага.

— У Перу былі вельмі высокія пяскі, вельмі цяжкая па праходнасці траса, але нашы аўтамабілі дазваляюць ехаць па такіх дарогах без спыненняў, не захрасаць. Мы на такіх участках не з'яўляемся адназначнымі лідарамі, але беларускія грузавікі дазваляюць бесперашкодна праходзіць гэтую трасу, калі не дапускаюць памылкі члены экіпажа, — расказвае начальнік і пілот каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч. — Мы дапусцілі шэраг памылак, якія прывялі да страты часу. На жаль, не змаглі непасрэдна прыняць удзел у барацьбе за п'едэстал гэтага «Дакара». Па прычыне тэхнічнай няспраўнасці мы ні разу не спыніліся, усе спыненні былі звязаны з уласнымі памылкамі або памылкамі эксплуатацыі аўтамабіляў. У сапернікаў таксама не ўсё складалася гладка, стартавала больш за 40 грузавікоў, а фінішавала каля 15.

Адзначым, што «МАЗ» і Іvесо — адзіныя, хто праехаў увесь маршрут «Дакара-2019» і не страціў ні аднаго экіпажа.

— Нас чакае вялікая работа па падрыхтоўцы да наступнага старту, абдумваем усё, што адбылося з намі і з нашымі сапернікамі. У нас ёсць над чым працаваць. Пакуль мы не маем вялікага вопыту па выхадзе са складаных сітуацый з мінімальнай стратай часу, — адзначыў Сяргей Вязовіч.

Для сезона 2019 года каманда «МАЗ» падрыхтавала новы аўтамабіль капотнай кампаноўкі, яго прэзентацыя прайшла перад адлётам каманды на «Дакар». Плануецца, што праз пару тыдняў пачнуцца яго ўсебаковыя выпрабаванні і далей ён будзе запушчаны ў спаборніцкі працэс.

— У наступным сезоне ўсе асноўныя тэхнічныя рашэнні будуць накіраваны на аўтамабіль капотнай канфігурацыі. Ён сабраў у сабе ўсе нашы думкі і навіны, як яны будуць працаваць — пакуль вялікае пытанне, — расказвае начальнік каманды. — На працягу ўсяго сезона мы будзем катаць гэта аўто, упэўнены, пакуль што ў яго будзе шмат слабых месцаў. Наша задача за 2019 год усе гэтыя слабыя месцы знайсці і ліквідаваць, каб выставіць грузавік на «Дакар-2020» у поўнай баявой гатоўнасці. Не хопіць года, значыць, мы не выставім гэты аўтамабіль на «Дакар», наша задача змагацца там за вынік, а не тэсціраваць.

Беларуская каманда яшчэ не вызначылася з першым стартам новага сезона, дакладна можна сказаць толькі тое, што ён адбудзецца вясной. У полі інтарэсаў беларусаў ралі ў Казахстане, Туркменістане і Марока.

Нагадаем, каманда «МАЗ-СПОРТаўта» ўдзельнічала ў ралі-рэйдзе «Дакар» ужо восьмы раз. Сёлета марафон прайшоў па тэрыторыі толькі адной краіны — Перу. Акрамя барацьбы за прызавыя месцы, беларусы актыўна дапамагалі сапернікам. Так, МАЗы выцягнулі з пяскоў КамАЗ Айрата Мардзеева, Іvесо Жэрара дэ Роя, пазадарожнік літоўца Бенедыктаса Ванагаса і нават матацыкл адной гоншчыцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Чым складаней, тым — лепш!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.