Вы тут

Гутарка з беларускай, якая ўвайшла топ 100 найлепшых мастакоў свету


Юлісіс Неўмер, ураджэнка Гомеля, — удзельніца і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных выставак. У 2016 годзе яна нават увайшла ў спіс 100 найлепшых мастакоў свету! Зараз Юлісіс (або проста Юля, калі забыцца на творчы псеўданім) жыве ў Мінску і працуе ва ўласнай студыі акварэлі і каліграфіі. Пра шлях да статусу паспяховай мастачкі мы і вырашылі даведацца ў нашай гераіні.


— Калі мне было сем гадоў, мама звярнула ўвагу на тое, што дачка любіць маляваць. Таму наступныя дзесяць гадоў я хадзіла ў мастацка-архітэктурную школу. Параіўшыся з бацькамі, падала дакументы ў Гомельскі мастацкі каледж на факультэт жывапісу. Але з першага разу паступіць не атрымалася: быў велізарны конкурс, больш за дзесяць чалавек на месца. Знервавалася, затое лепш рыхтавалася да другой спробы на наступны год. Вынік — маё залічэнне, — прыгадвае суразмоўніца. — Шчыра кажучы, гэта былі самыя шчаслівыя чатыры гады ў жыцці, якія перавярнулі светапогляд. Кожны дзень мы праводзілі ў майстэрні, асвойвалі жывапіс. Калі многія знаёмыя з іншых навучальных устаноў прагульвалі пары, мы свае чакалі з нецярпеннем. Знаходзіцца побач са сваімі аднадумцамі, развівацца разам, святкаваць перамогі, удзельнічаць у конкурсах, рабіць выстаўкі — усё гэта было вельмі крута.

Веды, атрыманыя Юліяй у каледжы, дапамагалі ёй выпрацаваць свой стыль у маляванні, вылучыць напрамкі, якія падабаюцца. Напрыклад, падчас вучобы яна шмат увагі аддавала стрыт-арту. Выступала на розных фестывалях вулічнага мастацтва, дзе была ледзьве не адзінай дзяўчынай сярод хлопцаў. Да таго ж выконвала індывідуальныя заказы ад розных фірмаў, малявала ілюстрацыі ў часопісы, коміксы, партрэты. Такім чынам на чацвёртым курсе пачала зарабляць на творчасці больш за сваіх бацькоў.

— Я не з тых людзей, якія ўпэўнены, што талент — гэта галоўнае. У наш час лепш быць мэтанакіраваным, працавітым і актыўным, — гаворыць Юля. — Той, хто баіцца адпраўляць заяўкі на конкурсы, знаёміцца з людзьмі, хто сядзіць у чатырох сценах, не дасягне поспеху. Нельга трымаць у галаве думку «не змагу». Трэба заўсёды ставіць перад сабой складаныя задачы. Чаго баяцца? І калі сусвет дае табе шанц, чаму б ім не скарыстацца, нават калі гэтая спроба будзе няўдалай.

Пасля навучання ў Гомелі дзяўчына планавала пераехаць у Мінск, бо там былі і шматлікія заказы, і яе каханне. Але два гады павінна была адпрацаваць у школе.

— Было складана звыкнуцца з гэтай думкай, але я па жыцці аптыміст, таму знайшла для сябе самае станоўчае ў адпрацоўцы, што можа быць, — стасункі з дзецьмі. Я даносіла да іх сваё разуменне густу, эстэтыкі ў творчасці, а яны, у сваю чаргу, дастаўлялі мне радасць сваімі работамі. Дарэчы, з вучнямі і зараз падтрымліваю цёплыя стасункі, — дзеліцца мастачка.

Пасля некалькі гадоў яна працавала самастойна, на фрылансе. Юлю гэта цалкам задавальняла, але праз некаторы час надакучыла, і дзяўчына вырашыла штосьці змяніць. Тым больш многія знаёмыя прасілі яе, каб навучыла іх жывапісу.

— Стварала ўсё сваімі рукамі, дапамагаў любімы муж. Такім чынам у 2017 годзе і з'явілася ўласная студыя акварэлі і каліграфіі. Чаму выбрала такі вузкі напрамак? У Мінску існуе шмат студый па жывапісе, а я хацела вылучыцца, — дзеліцца Юля. — Радуе, што за час існавання студыі аўдыторыя вырасла ў дзясяткі разоў, кожны дзень тут кіпіць праца, гэта натхняе. Мая студыя — мой другі дом, поўны святла і ідэй, яна такая па-жаноцку мілая... Не дзіўна, што да мяне прыходзяць у асноўным дзяўчаты, хаця ў апошні час наведваюцца і хлопцы.

У дзяўчыны свая сістэма малявання. Калі гаворка ідзе пра паперу, яна працуе толькі пры натуральным дзённым святле. А на планшэце — у любы час. Таксама для мастачкі важна, каб падчас працэсу была поўная цішыня. Нават калі выбірала памяшканне для студыі, хацела, каб яна знаходзілалася далей ад «цывілізацыі». Да таго ж суразмоўніца не з тых мастакоў, якія працуюць у так званым творчым беспарадку. Бруду не пераносіць ні ў малюнку, ні ў жыцці.

— Чалавек, які хоча чагосьці дасягнуць у жыцці, абавязкова будзе рухацца наперад. Гэтага прынцыпу прытрымліваюся заўсёды, таму ўжо маю вопыт арганізацыі майстар-класаў па жывапісе, выставак, валодаю майстэрствам упрыгожвання малюнкамі адзення, сцен будынкаў. Люблю ўдзельнічаць у розных цікавых праектах. Мяне вельмі натхняюць вандроўкі, знаёмствы з паспяховымі людзьмі, — кажа Юля. — Калі б не стала мастачкай? Займалася б сацыяльнымі праектамі. Вельмі люблю жывёл і зараз трымаю ў галаве думкі аб арганізацыі шэрагу дабрачынных мерапрыемстваў, скіраваных на паляпшэнне ўмоў утрымання жывёл у прытулках.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Калі ўсё складваецца ў адну карціну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».