Вы тут

Калі і камандзір, і атрад — найлепшыя


Кацярына Сенажацкая, другакурсніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, улетку шчыравала на роднай Любаншчыне, у лагеры «Арэса». Яна ўзначаліла атрад «Арэскі дазор» мясцовага тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ. Яе калегамі былі землякі-аднагодкі, якія вучацца ў педагагічным, эканамічным універсітэтах. Разам яны перамаглі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр — 2018» у намінацыі «Найлепшы студэнцкі атрад». А сама дзяўчына стала найлепшым камандзірам у адпаведнай намінацыі.


— Калі ехала ў лагер, — успамінае Каця, — вельмі хвалявалася: ці паладжу з дзецьмі. Першыя два дні было пэўнае напружанне: хацелася зрабіць як мага больш і лепш. Аднак, калі паглыбілася ў працэс, праца пачала падабацца. У гэтым дапамагала мая выдатная каманда ініцыятыўных, крэатыўных і пазітыўных — такіх жа студэнтаў, як і я. Кожны дзень мы збіраліся на сустрэчу і размяркоўвалі абавязкі на мерапрыемствы. Я, як педагог-арганізатар, пісала сцэнарый, хтосьці быў вядучым, хтосьці проста дапамагаў.

Усе фотаздымкі, відэазапісы, справаздачы я сабрала ў адмысловы журнал. Мяркую, што яго і ацаніла журы конкурсу, калі выбірала пераможцаў...

А мерапрыемстваў было — не злічыць. Кожнае пачыналася з флэшмобу — танцавальных рухаў, якія трэба было паўтараць за важатымі. Быў і асобны танцавальны дзень, дзе спаборнічалі ўжо атрадамі. Праводзіўся «Фотакрос» — конкурс на самы лепшы фотаздымак на фоне пэўных месцаў у лагеры, якія трэба было знайсці. Ладзілі нават баль-маскарад! Таксама адметным стаў дзень Алімпійскіх гульняў, у які дзеці і важатыя ставілі сцэнкі пра багоў, гулялі ў водныя баі (абліваліся з вадзяных пісталетаў і бутэлек), займаліся спортам. Ідэі прыдумлялі самі студэнты, абапіраючыся на ўласны досвед. Кацярына, напрыклад, штосьці прыгадала са свайго дзяцінства: у школьныя гады яна хадзіла на танцы і займалася ў музычнай школе.

А яшчэ студэнтка вяла ў лагеры гурток па інтарэсах. Напачатку ў яго прыходзіла пятнаццаць-дваццаць чалавек, а напрыканцы ўжо было ажно семдзесят!

...Як найлепшы камандзір атрада, Каця дакладна ведае, якімі якасцямі ён павінен валодаць. «Самае галоўнае — пазітыў, — лічыць яна. — У вачах, у душы, у стаўленні да ўсяго. Канешне ж, адказнасць і стараннасць — без іх нічога не атрымаецца. А яшчэ важным з'яўляецца ўменне наладжваць стасункі з дзецьмі і старэйшымі».

Дзяўчына лічыць, што падчас змены ўсё атрымалася:

— Было столькі эмоцый, столькі пазітыву! Калі прыехала дадому, сказала: «Мама, хачу пяць дзяцей: двух хлопчыкаў і трох дзяўчынак». А ўсё з-за таго, што адчувала цеплыню і любоў выхаванцаў. Цяпер мы ўсе пазнаходзілі адно аднаго ва «УКантакце», стварылі суполку. Дзеці пішуць, плануюць новыя сустрэчы, віншуюць мяне. Некаторыя тэлефануюць. Нават дырэктар лагера пацікавіўся, ці прыеду наступным летам. А я адказала: «Вы толькі нікога не шукайце, я абавязкова вярнуся!»

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.