Вы тут

Сэлфі: мода або дыягназ?


У наш час складана сустрэць дзяўчат (хлопцы тут у меншасці), якія б не «завісалі» ў інтэрнэце гадзінамі, разглядаючы чужыя фатаграфіі, любуючыся сваімі. Без сумнення, жаданне атрымліваць зваротную рэакцыю ў сацыяльных сетках, быць папулярным — глабальны феномен апошніх гадоў. Псіхіятры многіх краін бачаць у гэтым небяспеку. Сістэма працуе так: вы выкладваеце фатаграфію ў адкрыты доступ, атрымліваеце пэўную колькасць лайкаў. Мозг вылучае гармон радасці — дафамін, але на невялікі перыяд часу. Каб падоўжыць задавальненне, трэба яшчэ больш «сэрцайкаў». Рэальныя радасці адыходзяць на другі план: трэніроўкі ў спартзале ўжо здаюцца не такімі эфектыўнымі, ежа не такой смачнай, адносіны — не такімі рамантычнымі.


Псіхолагамі ўстаноўлена, што звычайна на «сэлфізм», або залежнасць ад фатаграфавання, пакутуюць людзі, якім не хапае пазітыву і стасункаў у асабістым жыцці. Кожны лайк, пастаўлены пад фатаграфіяй, успрымаецца яе аўтарам як адабрэнне. Страх быць адзінокім, непапулярным, непрызнаным спараджае імкненне рэкламаваць сябе. Такія людзі хочуць адчуваць сімпатыю, самасцвярджацца, часам — быць падобнымі на сваіх куміраў. Сэлфіманы марнуюць шмат часу на выбар месца, адзення, макіяж і прычоскі для фота, цяжка перажываюць крытыку, але адчуваюць эмацыянальны ўздым ад пахвалы і кампліментаў.

На што гатовыя пайсці карыстальнікі сеціва дзеля запаветных лайкаў? Па-першае, многія з іх рэтушуюць свае здымкі да непазнавальнасці: памяншаюць аб'ёмы таліі, адбельваюць зубы, павялічваюць вусны. Калі сустрэнеш такога чалавека на вуліцы, ёсць вялікая імавернасць яго не пазнаць. Па-другое, шмат часу і грошай яны выдаткоўваюць на апрацоўку кадраў: цяпер некаторыя праграмы для гэтага платныя. Да таго ж пакуль падбярэш «ідэальны» фільтр, наладзіш святло і колеракарэкцыю, пройдзе процьма часу.

Каб выйгрышней выглядаць у камеры мабільнага тэлефона, некаторыя дзяўчаты і хлопцы сядзяць на жорсткіх дыетах, пазбаўляючы сябе ежы і нават вады. Дзеля пацвярджэння ўласнай прывабнасці асабліва адважныя прыхільнікі сацсетак робяць пластычныя аперацыі (нават у юным узросце), апранаюцца не па надвор'і, а таксама выстаўляюць шматлікія фатаграфіі ў сподняй бялізне: найлепшы спосаб прыцягнуць увагу да сваёй персоны — раздзецца.

Часам для таго, каб дамагчыся ідэальнага ракурсу, карыстальнікі сацыяльных сетак літаральна прымушаюць сваіх блізкіх фатаграфаваць іх на кожным кроку. Ну а калі побач нікога няма, на дапамогу «фотаманам» можа прыйсці адна паслуга. Сутнасць простая: яны бяруць напракат велізарныя букеты руж і фірмовыя пакеты. Кур'ер дастаўляе кветкі і іншы неабходны «інвентар», чакае, пакуль кліент гэта сфатаграфуе, а пасля забірае і адвозіць да наступнага. Ёсць нават акаўнты, якія прапануюць здымкі з мужчынам у дарагой машыне! Усё — дзеля ўяўнай папулярнасці...

І не зусім добры прыклад тут часта паказваюць зоркі. Напрыклад, балерына Анастасія Валачкова для свайго фірмовага шпагату лунала над абрывам, Цімаці плаваў з акулай, Саці Казанава гайдалася над цяснінай у інданезійскіх джунглях на арэлях.

Але ёсць і больш сур'ёзныя выпадкі. Па ўсім свеце з-за жадання вылучыцца штогод атрымлівае траўмы і гіне шмат людзей, напрыклад, у 2015 годзе пры экстрэмальных здымках развіталася з жыццём больш чалавек, чым ад нападзення акул. Ёсць яшчэ і тыя, хто не супраць зрабіць фатаграфію за рулём. Каб абараніцца ад такіх гора-кіроўцаў і адначасова прыцягнуць да гэтай праблемы ўвагу масавай аўдыторыі, у розных краінах ствараюцца папераджальныя відэаролікі і сацыяльная рэклама.

Шмат такіх прыкладаў небяспечных паводзін можна прывесці і ў нашай краіне. Хлопец у Гомельскай вобласці хацеў зрабіць сэлфі на фоне трансфарматарнай падстанцыі. Яму дыягнаставалі паражэнне электратокам, апёкі галавы і кісцей рук. У Рэчыцкім раёне 17-гадовая дзяўчына выпала з акна закінутага завода: студэнтка выбрала ўдалы, на яе погляд, ракурс, але не ўтрымала раўнавагу. Прызямленне з шасціметровай вышыні скончылася пераломам галёнкі і траўмай пазваночніка...

З-за празмернага захаплення «Інстаграмам» можа пацярпець і асабістае жыццё. Да такой высновы ў 2016 годзе прыйшлі амерыканскія навукоўцы з універсітэта Фларыды. Даследаваўшы гісторыі 420 добраахвотнікаў, яны высветлілі, што чым больш асабістых кадраў з'яўляецца ў сацыяльных сетках, тым большая рызыка канфлікту ў рамантычных адносінах.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.