Вы тут

Мільёны на плячах. Самыя дарагія футры ў свеце


Нарэшце зіма патроху ўспамінае пра тое, што яна зіма, і ўсё часцей радуе нас тым, што ў гэтай пары года павінна быць абавязкова, а менавіта маразамі. Пры тэмпературы ніжэй 15—20 ºС у справу ўступае жаночае футра — асаблівы прадмет гардэробу. Не ўсім, вядома, даступная гэтая прыгажосць, а што датычыцца найлепшых яе экзэмпляраў, то яны па кішэні толькі вельмі заможным грамадзянам. Як нішто іншае, футра паказвае густ і статус сваёй гаспадыні, таму модныя дамы і зоркі шоу-бізнесу, спорту і «звычайныя» багацеі нязменна спаборнічаюць паміж сабой, імкнучыся стварыць або набыць футра, якое будзе здзіўляць як сваёй прыгажосцю, так і коштам.


Прадстаўляем вам пяць самых дарагіх і незвычайных футраў у свеце. Вядома, гэта далёка не поўная падборка дарагіх і стыльных вырабаў такога кшталту. Амаль у кожнай знакамітасці — галівудскай, еўрапейскай, нашай — ёсць свой футра-гардэроб, а яго кошт часта перавышае ўсе разумныя (для звычайных людзей) межы.

На першым месцы — шуба ад Карла Лагерфельда, дызайнера Сhаnеl і Fеndі. Гэты імпазантны 85-гадовы мадэльер заўсёды славіўся ашаламляльнымі калекцыямі. Нават у сваім шаноўным узросце Карл не страчвае натхнення. Адно з яго дзіўных тварэнняў — шуба за 1 мільён еўра, прадэманстраваная на паказе Fеndі. Гэта, без сумневу, самая дарагая шуба ў свеце.

Для таго каб увасобіць у жыццё гэты цуд дызайнерскай думкі, спатрэбілася 60 скурак собаля — аднаго з самых каштоўных і дарагіх футраў. Баргузінскі собаль — эксклюзіўны, футра ў яго насычана-цёмнае, з ноткай сівізны і трохі блакітнаватым адценнем. Менавіта яго і выбраў Лагерфельд для сваёй задумкі. Шуба, і праўда, выглядае цудоўна. Футра апрацавалі адмысловым спосабам, каб здавалася, быццам яго асвятляе святло месяца. Боская прыгажосць і недасяжны кошт — у гэтым увесь Лагерфельд.

На другім месцы — італьянскі дом моды Lоrо Ріаnа са сваімі вырабамі з футра вікуньі. Вікунья — жывёла з пароды лам, якая водзіцца толькі ў Перу. Гэта прадмет нацыянальнага гонару краіны, таму іх адлоў строга рэгламентаваны і абмежаваны. Знайсці паўнавартаснае футра з вікуньі ўжо амаль немагчыма, італьянцы ў асноўным робяць паліто і жакеты з воўны гэтай жывёлы. Lоrо Ріаnа — адна з нешматлікіх кампаній, якая мае легальны дазвол на вытворчасць менавіта шуб з вікуньі.

Мех у гэтай сваячкі ламы густы, мяккі і прыгожы, але на дзіва тонкі. У старажытныя часы насіць адзенне з такога футра і воўны маглі толькі прывілеяваныя інкі, людзі з «чыстай крывёй Сонца». Усе астатнія не смелі дакранацца да вікуньі пад страхам смерці.

Сёння, каб купіць кажушок з гэтага футра, ужо не патрэбныя доказы высакароднага паходжання. Хіба што фінансавага становішча. Задавальненне гэта нятаннае, адзін метр тканіны з вікуньі можа каштаваць больш за 5 тысяч еўра, а цана гатовага жакета з воўны ад Lоrо Ріаnа пачынаецца ад 15 тысяч еўра. Калі ж вам пашчасціць знайсці шубу з суцэльнага футра вікуньі (іх у свеце зусім мала), то яе кошт дакладна будзе казачным — каля 300 тысяч еўра.

На трэцім месцы актрыса Шэран Стоўн, якая любіць натуральныя шубы і кожны раз паказваецца на публіцы ў новым уборы. Нават на Канскім кінафестывалі, у спякоту, Шэран абавязкова з'яўляецца ў паўшубку з каштоўнага футра. Але асабліва кіназорка здзівіла сваіх прыхільнікаў уборам з футра лісіцы. Гэта шыкоўная доўгая накідка, у якой Шэран з'явілася на адным з дабрачынных мерапрыемстваў супраць СНІДу ў Рыме. Для таго каб пашыць такі выраб, спатрэбілася 40 лісіных скурак. На думку спецыялістаў, доўгая футравая накідка абышлася ўладальніцы прыкладна ў 200 тысяч долараў.

На чацвёртым месцы самых дарагіх шуб расійская спявачка Алсу са сваім кажушком, кошт якога, па чутках, складае 100 тысяч долараў. Шыкоўную абноўку з футра шыншылы вядомая спявачка атрымала ад мужа Яна Абрамава на чарговы дзень нараджэння.

Шыншыла цэніцца за цікавую расфарбоўку. Прырода падарыла ёй дзіўнае футра, яно вельмі лёгкае і пераліваецца некалькімі адценнямі адначасова. З адной валасяной цыбуліны расце да 80 найтанчэйшых валасінак футра, таму яно выглядае такім пухнатым. Асабліва прыгожа шубы з шыншылы глядзяцца на выгібах, дзе футра блішчыць і пераліваецца. Алсу любіць рэдкія футры, і ў сваёй дарагой абноўцы таксама выглядае раскошна.

Завяршае нашу падборку на пятым месцы Мэрылін Манро, вядомы знаток футраў. У гардэробе гэтай актрысы і спявачкі было мноства шуб і паўкажушкоў з пясца, норкі, куніцы, лісы. Але асаблівым хітом стаў паланцін з гарнастая, які яна надзявала перад візітам на дзень нараджэння Джона Кенэдзі. Гарнастай — адзін з найкаштоўнейшых і рэдкіх футраў, здаўна ім падбівалі каралеўскія мантыі. Яго мяккае і трывалае футра з ідэальнай белізной упрыгожвала ўборы самых заможных людзей. Футра гарнастая сімвалізуе высакароднасць і чысціню намераў. Беласнежны паланцін Манро, дарэчы, стаў сапраўдным хітом моды таго часу, і яшчэ некалькі гадоў яго спрабавалі капіраваць. Шмат гадоў паланцін Манро ляжаў без справы і зусім нядаўна быў прададзены з аўкцыёну за 69 тысяч долараў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.