Вы тут

Як засцерагчы сябе і хатняга гадаванца ад шаленства


Штогод у краіне рэгіструецца да 600 выпадкаў шаленства, прычым хварэюць як дзікія, так і хатнія жывёлы. Гэтая асабліва небяспечная інфекцыя перадаецца і чалавеку, а калі своечасова не прыняць мер, вядзе да смерці. Як абараніць сябе і сваіх хатніх гадаванцаў, што рабіць, калі вас пакусаў чужы сабака, і як могуць заразіцца хатнія жывёлы? Пра шаленства мы распыталі ўрача-эпідэміёлага Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кастрычніцкага раёна Мінска Тамару КОВЕЛЬ.


— Ад каго можна заразіцца шаленствам?

— Успрымальнасць да шаленства ўсеагульная, захварэць можа кожны, нягледзячы на ўзрост і сацыяльны статус. Крыніцай інфекцыі з'яўляюцца хворыя хатнія, сельскагаспадарчыя і дзікія жывёлы — сабакі, каты, лісіцы, грызуны і іншыя. У пераважнай большасці выпадкаў перадача віруса людзям адбываецца ад хатніх сабак і катоў. А яны ў сваю чаргу заражаюцца пры кантакце з хворымі бадзяжнымі або дзікімі жывёламі, грызунамі.

— Як адбываецца перадача віруса?

— Ён перадаецца ад інфіцыраванай жывёлы чалавеку праз укусы, драпіны і асліненні. Прычым, здаровая на першы погляд жывёла можа быць ужо заразнай, паколькі вірус шаленства з'яўляецца ў сліне за 10—12 дзён да выражаных клінічных праяў. Інкубацыйны перыяд у чалавека можа доўжыцца ад 10 дзён да некалькіх месяцаў, у некаторых выпадках нават да года. І калі наступае клінічная стадыя, смерць непазбежная.

— І што рабіць, калі падрапаў вулічны кот?

— Калі адбыўся кантакт з бадзяжнай жывёлай або з хатняй, якая не мае даных аб вакцынацыі, варта неадкладна звярнуцца ў найбліжэйшую медыцынскую ўстанову. Там вас накіруюць да спецыяліста, які правядзе некалькі этапаў прафілактыкі. Па-першае, рану старанна прамываюць вадой з мылам, яе краі апрацоўваюць ёднай настойкай і накладваюць стэрыльную павязку. Затым прызначаецца курс прафілактычных прышчэпак, ён складаецца з шасці ін'екцый. Калі жывёла, з якой адбыўся кантакт, мае гаспадара, за ёй устанаўліваюць ветэрынарнае назіранне. Калі праз 10 дзён яна застаецца здаровай, курс прафілактычных прышчэпак пасля трох ін'екцый прыпыняецца. Калі жывёла бадзяжная і за ёй немагчыма ўстанавіць назіранне, то прышчэпкі робяцца ў поўным аб'ёме.

— Як можна засцерагчы ад небяспекі сваіх гадаванцаў?

— Усе сабакі і каты, незалежна ад пароды і прыналежнасці, павінны штогод прышчапляцца ад шаленства. Хатняга сабаку на вуліцы варта трымаць на кароткім павадку і не дапускаць яго кантактавання з бадзяжнымі сародзічамі. Пры першых прыкметах неўласцівых паводзін жывёлу варта паказаць ветэрынарнаму ўрачу. Пра ўсіх дзікіх жывёл, якія зайшлі ў населеныя пункты, трэба тэрмінова паведамляць у ветэрынарную службу. Пры знаходжанні трупаў жывёл не трэба знімаць з іх скуру. Калі кантакт з падазронай жывёлай усё ж адбыўся, неадкладна звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: На вострых іклах і кіпцюрах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.