Вы тут

Як ратавацца ад «благіх вачэй»?


«Нарадзілася дзіця, запрасілі на хрэсьбіны сваякоў, суседзяў, пацешыліся на малое, пасядзелі за сталом. Госці пайшлі, а немаўля ўсю ноч не спала, плакала. Бабуля перажывала: «Сурочылі дзіця». Ці сапраўды так могуць паўплываць «благія вочы»? І як дапамагчы дзіцяці ў такім выпадку?» — чытаем мы ў некалькіх допісах падобныя адно на адно пытанні.


Менавіта вочы з'яўляюцца адным з інтэнсіўных каналаў энергетычнага абмену з навакольным светам, які мае двухбаковую скіраванасць: навакольны свет праз вочы ўздзейнічае на свядомасць чалавека і адначасова чалавек можа актыўна ўздзейнічаць на навакольны свет. Паводле народных уяўленняў, чалавек мог адным толькі поглядам паўплываць на лёс іншага чалавека, «адняць» здароўе, зрабіць непрацаздольным на нейкі час і г. д. Пра некаторых людзей казалі, што ад іх погляду ўсё вакол «камянее». У народнай медыцыне такое ўздзеянне завуць сурокамі (урокі, прызоры, руск. сглаз).

Пры сустрэчы з чалавекам, які быў вядомы як зайздросны, злы, імкнуліся абавязкова «абараніць» сябе славесным абярэгам: «Ліхое вока, не глядзі на нас!»; «Чорнае вока, карае вока, памілуй нас!» або малітвай. Акрамя таго раілі ў думках акрэсліць вакол сябе кола і сказаць: «Вакол мяне кола, малявала яго не я, а Багародзіца мая». Ці, зноў жа ў думках уявіць, што знаходзішся побач з вогнішчам, якое павінна стаць мяжой-сцяной паміж вамі і вашымі нядобразычліўцамі. Такой сцяной можа быць люстэрка, якое вы ў думках трымаеце ў руках люстраной паверхняй ад сябе, нібы пускаючы «сонечных» зайчыкаў.

У народзе існаваў шэраг магічных дзеянняў, якія трэба было выканаць перад сустрэчай з такім чалавекам (надзець бялізну навыварат, завязаць вузлы на поясе, узяць з сабой амулет) ці адразу ж пасля яе (паказаць кукіш, сплюнуць праз левае плячо) і інш.

Часцей за ўсё ад сурокаў пакутуюць людзі, якія знаходзяцца ў так званым пераходным становішчы: дзеці да саракавога дня, таму што яны яшчэ не маюць анёла-ахоўніка, цяжарныя жанчыны і парадзіхі, маладыя на вяселлі. Адным з абярэгаў немаўляці ад сурокаў служыла тое, што да хрышчэння нікому не расказвалі яго сапраўднага імя, а таксама было забаронена хваліць дзіця, казаць, якое яно здаровае, прыгожае, румянае і г. д., бо лічылі, што такімі дзеяннямі можна ўгнявіць Нябесныя сілы, і дзіця захварэе. На вяселлі ахоўваць нявесту ад магчымых сурокаў, наступствы якіх для здароўя яе самой і асабліва будучых дзяцей маглі быць самымі непрадказальнымі, павінны былі вянок і вэлюм.

Народныя лекары ведалі шмат спосабаў «лячэння» сурокаў. Адзін з такіх спосабаў — загавораная вада. Раніцай бралі «непачатую» (г. зн. нікім не пітую) крынічную або вадохрышчанскую ваду, клалі ў яе тры вугольчыкі з печы, пажадана ад спальвання бярозавага палена, сыпалі тры драбкі чацвярговай солі, чыталі малітву, замову і абціралі (апырсквалі) хворага, давалі піць. У фундаментальным акадэмічным томе «Замовы» (укладальнік Г. А. Барташэвіч) серыі «Беларуская народная творчасць» можна знайсці вось такую народную замову: «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай маці пакланюся. Прачыстая Божая мацер з прастола ўставала, раба Божага (імя) балезнь шаптала. Раб Божы (імя) на свет нарадзіўся, сонейкам асвяціўся, месяцам абгарадзіўся, святымі абараніўся. Як стаў за стол святых саджаці, то ад яго стала боль адступаці. Стаў святых мёдам і віном частаваці, балезнь пабегла з хаты ўцякаці. Як з таго свету не ўставаці, так рабу (імя) балезнь не знаці». Пасля такіх дзеянняў хворага прасілі абцерціся сваёй (або маці, сястры, жонкі) ніжняй кашуляй, падолам спадніцы, але абавязкова левым бокам.

Ад сурокаў бераглі не толькі людзей, але і свойскую жывёлу, больш за ўсё карову — галоўную карміцельку. «Чужыя» вочы не павінны былі бачыць, калі карова доіцца або целіцца, каб «не знікла» малако, не «прыцягнуць» хваробы.

З той жа прычыны чужых людзей не пускалі на грады падчас пасеву або пасадкі: «Чужое вока — што хвацкі вораг, зайздросна, а зайздрасць — што іржа: увесь ураджай поедам есць!» Перад тым, як пачаць сеяць агарод, гаспадар раніцай, каб ніхто не бачыў, кідаў у калодзеж адну-дзве манеты: і для добрага ўраджаю, і каб засцерагчыся ад дурнога вока. Яшчэ адна добрая парада: нашы бабулі не пачыналі саджаць або сеяць ад плота (агароджы, мяжы), лепш каб «першай» была градка бліжэй да хаты.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.