Вы тут

Сэрца ці нервы не ў парадку?


Нядаўна ў мяне перыядычна здараліся прыступы задышкі, якія суправаджаліся пастаянным пачуццём недахопу паветра, пазяханнем. У аптэцы параілі прымаць глог з кальцыем і магніем, і праз пэўны час усё прайшло. Ці варты ўвагі такі стан і ці трэба ісці да ўрача? Ці можа ён быць звязаны з надвор'ем і тым, што давялося панервавацца?

Таццяна Аляксандраўна, 55 гадоў, Мінск


Адказвае загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі Мінска Таццяна ПЛІСЮК.

— На жаль, жанчына не ўдакладніла, у стане спакою ці падчас фізічнай актыўнасці ўзнікаюць такія адчуванні. А гэта важна для пастаноўкі дыягназу. Апісаны стан можа быць звязаны з суб'ектыўнымі адчуваннямі. У некаторых жанчын, напрыклад, цяжка праходзіць клімакс, і гэта можа быць адной з яго праяў. А магчыма, так дае аб сабе знаць цяжкая паталогія — параксізм фібрыляцыі перадсэрдзяў, або мігальная арытмія. Гэта найбольш распаўсюджаная разнавіднасць парушэнняў рытму сардэчных скарачэнняў і вельмі небяспечная — найперш тым, што пры доўгім яе існаванні аднавіць рытм бывае вельмі складана. Таму варта звярнуцца да тэрапеўта, здаць аналізы і падрабязна расказаць, што вы адчуваеце. Такую паталогію не заўсёды ўдаецца выявіць па кардыяграме сэрца, бо ў момант яе выканання рытм можа быць у норме. Таму прызначаецца сутачнае холтэраўскае манетарыраванне. Пацыент на працягу 24 гадзін носіць адпаведнае прыстасаванне і вядзе дзённік. Пазначае, калі ён дрэнна сябе адчувае, і ва ўрача ёсць магчымасць паглядзець, як у гэты час паводзіла сябе сэрца. Таму я б раіла найперш абследавацца, каб выключыць паталогію, звязаную з парушэннем рытму сэрца. І калі ўсё ў норме, тады можна разважаць пра вегетасасудзістую дыстанію, уплыў надвор'я, нерваванні і псіхасаматыку. І гэта сапраўды можа лячыцца глогам, сардэчнікам ці адаптолам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?