Вы тут

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў


Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне. Гэта выразна бачна ў глыбінцы, дзе колькасць занятых у эканоміцы няўмольна скарачаецца штогод. Разам з тым, тыя, хто параўнальна нядаўна выйшаў на пенсію, застаюцца актыўнымі, яны прагнуць чалавечых стасункаў і дзейнасці. І калі больш маладыя гатовы іх падтрымаць, то старасць у гэтых мясцінах атрымлівае адтэрміноўку, а жыхары набываюць больш цікавых і радасных дзён у сваім жыцці. Прычым усе — ад малога да старога.


Ад нараджэння да сталага веку

Так, падобна на тое, атрымліваецца ў Чавусах. І вялікая заслуга ў гэтым раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ён размяшчаецца ў будынку былога штаба даўно расфарміраванай воінскай часці. Зараз у Чавускім раёне пражывае 18 тысяч чалавек, траціну з іх складаюць пенсіянеры і інваліды. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання працуе не толькі з апошнімі, але таксама з сем'ямі, якія выхоўваюць дзяцей, з тымі, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, церпіць ад гвалту, вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, не мае жылля, работы і дакументаў.

— Можна сказаць, што Цэнтр абслугоўвае ўсе катэгорыі насельніцтва, — расказала загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Наталля МАНЫШАВА. — Малазабяспечаныя звяртаюцца па матэрыяльную дапамогу, шматдзетныя атрымліваюць у нас пасведчанні, маладыя бацькі афармляюць сямейны капітал. Мы дапамагаем з рамонтам печаў і электраправодкі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, адзінокім людзям сталага ўзросту і інвалідам.

Спецыялісты Цэнтра таксама афармляюць дакументы для прыёму жыхароў у дамы-інтэрнаты, такіх у раёне два: Рэсцянскі агульнага тыпу і псіханеўралагічны ў вёсцы Расінка. Выдаюць бясплатна (інвалідам І групы) і напракат тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі (хадункі, вазкі, адмысловыя бытавыя прыстасаванні), а таксама афармляюць паперы на атрыманне дзіцячага харчавання для дзяцей да двух гадоў тым, у каго даход не перавышае бюджэту пражытковага мінімуму, і грошай на набыццё падгузнікаў для дарослых інвалідаў І групы і дзяцей з чацвёртай ступенню страты здароўя.

Навучальныя ўстановы накіроўваюць у Цэнтр сацыяльнай абароны лісты, у якіх інфармуюць пра размеркаванне або вяртанне ў раён маладых людзей, якія маюць статус дзяцей-сірот. З апошнімі дзяржаўная ўстанова заключае дагаворы і аказвае ім кансультацыйную і псіхалагічную дапамогу, спрыяе сацыяльнай адаптацыі і абараняе іх правы і гарантыі.

— Глядзім, каб не парушалася іх права на атрыманне жылля, ці ёсць праблемы з працаўладкаваннем. Зараз у нас 17 маладых чалавек на ўліку. У раёне іх, канешне, больш, бо яны маюць права адмовіцца ад сацыяльнага патранату, і многія жадаюць жыць самастойна альбо з'язджаюць у Расію, і таму скасоўваюць дагавор. Але яны ведаюць, куды звярнуцца, калі ўзнікне патрэба ў дапамозе, — растлумачыла загадчыца аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Іна ІСАЕНКА.

Шанц на вяртанне

У 2018 годзе Чавускі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дапамагаў у аднаўленні дакументаў, прафарыентацыі і працаўладкаванні сямі чалавекам без пэўнага месца жыхарства. Як правіла, гэта мужчыны перадпенсійнага або пенсійнага ўзросту, якія злоўжываюць алкаголем. Такія людзі прыходзяць самі альбо пра іх паведамляе міліцыя. Рашэннем райвыканкама ў інтэрнаце адкрыты пакой для часовага пражывання такіх людзей. Супрацоўнікі Цэнтра сабралі туды посуд, прадукты, сродкі гігіены. «Большасць з насельнікаў пакоя зноў вяртаецца да звыклага ладу жыцця, але для некаторых гэта — шанц, — кажа Іна Ісаенка. — Зараз там пражывае два чалавекі, і мы спадзяёмся, што аднаму з іх хутка будзе выдзелены пакой у інтэрнаце».

З людзьмі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, Цэнтр працуе ў адпаведнасці з адмысловай інструкцыяй. Ім аказваецца псіхалагічная і самая розная сацыяльная дапамога. Такіх зараз сем чалавек.

Усяго на працягу мінулага года толькі тых, хто звярнуўся сюды першы раз, зарэгістравана восем тысяч. З іх многія прыходзілі потым і тры, і шэсць разоў. Колькасць зваротаў штогод расце. Не толькі таму, што павялічваецца колькасць сацыяльна ўразлівых грамадзян, але і таму, што Цэнтр прапануе новыя паслугі. Напрыклад, летась тут адкрылася сацыяльная цырульня — ініцыятыва, рэалізаваная ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуе Еўрапейскі саюз і рэалізуе Праграма развіцця ААН. Пасля перапынку аднавіла сваю работу швейная майстэрня, якая па нізкіх расцэнках абслугоўвае пенсіянераў і іншых, хто мае патрэбу ў сацыяльнай абароне.

— Можа яшчэ што-небудзь адкрыем, — весела заўважыла Наталля Манышава.

— Ёсць задумкі? — пытаюся.

— Пакуль... адпачываем, — усміхаецца спецыяліст. — Мы толькі завяршылі складаны праект «Сацыяльная цырульня». Было вельмі цяжка, бо мы ўсё рабілі ўпершыню, многае не ведалі. Была велізарная справаздачнасць. Самі набывалі абсталяванне, пры гэтым трэба было захаваць шмат няпростых умоў. Праводзілі майстар-класы. Усё гэта прывяло да добрага выніку, але мы не мелі ніводнага спакойнага дня.

Супраць адзіноты

Самы, напэўна, вялікі блок работы Цэнтра — абслугоўванне пажылых людзей і інвалідаў дома. 465 такіх жыхароў раёна рэгулярна наведваюць 65 сацыяльных работнікаў. У залежнасці ад умоў пражывання падапечных і ступені іх самастойнасці ім аказваюць самыя розныя паслугі робяць пакупкі, арганізоўваюць гарачае харчаванне, прыносяць ваду і дровы, распальваюць печ, чысцяць снег, прыбіраюцца, уносяць плату за камунальныя паслугі, аказваюць першую медыцынскую дапамогу, дапамагаюць з афармленнем дакументаў і робяць яшчэ шмат чаго. Акрамя таго, у штаце Цэнтра ёсць сядзелка, якая штодня з раніцы да вечара даглядае ляжачую жанчыну.

Асноўную долю пазабюджэтных сродкаў у Цэнтр прыносяць менавіта сацыяльныя работнікі — іх паслугі платныя. 40 % ад атрыманага даходу ўстанова мае права накіроўваць на заробкі сваіх супрацоўнікаў, гэта, напэўна, дазваляе трымаць дастатковы для ўсёй вялізнай работы штат. Усяго ў Чавускім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніц-
тва працуе 86 чалавек, з іх 18 — у самім Цэнтры.

У дзень, калі журналісты «Звязды» наведвалі гэтую ўстанову, там было шумна і шматлюдна: рыхтаваліся да канцэрта ўдзельнікі клуба самадзейнай творчасці «Суседзі», працавалі цырульня і швейнае атэлье, ішла інтэлектуальная барацьба ў шахматна-шашачным клубе «Белае і чорнае», па дапамогу прыходзілі людзі. Аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту прымае столькі людзей, колькі пажадае прыйсці. І калі адначасова ў адно памяшканне ўсе ахвотныя не змяшчаюцца, то бавяць час тут пазменна.

— Гэта маладыя пенсіянеры, актыўныя, — патлумачыла Наталля Манышава.

— Тут пяе мая маці, якая ўсё жыццё прапрацавала галоўным бухгалтарам у банку. Яна не ведала, што можа пець. Пасля выхаду на пенсію дома ёй было сумна. Калі адкрылася гэта аддзяленне, яна пачула пра клуб «Суседзі», прыйшла, і цяпер для яе гэта такая аддушына! — дадала Іна Ісаенка. — Яны ладзяць канцэрты, ездзяць па дамах-інтэрнатах, дораць радасць іншым і самі атрымліваюць задавальненне. Кожны вечар маці мне расказвае пра новы рэпертуар і свае ўражанні.

Падушка бяспекі ў сямейнай катастрофе

Больш за шэсць гадоў таму ў Цэнтры адбылося афіцыйнае адкрыццё крызіснага пакоя. З таго часу ім скарысталіся 16 жанчын і 20 дзяцей. Іх жыццёвыя сітуацыі былі розныя. Пазалетась тут пражывала жанчына з трыма дзецьмі, якая засталася без жылля і падтрымкі блізкіх, да таго ж яна не магла ніяк аформіць дапамогу на малодшае дзіця. Яна пражыла ў крызісным пакоі 36 дзён разам з малымі. Значную суму на пакупку прадуктаў для гэтай сям'і тады даў Дэйвід Шо, каардынатар праекта «Канадская дапамога ахвярам Чарнобыля», які якраз знаходзіўся ў Чавусах. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання пасадзейнічаў, каб жанчыну засялілі ў жылы блок заводскага інтэрната, супрацоўнікі Цэнтра дапамаглі зрабіць там рамонт. Цяпер жыццё гэтай жанчыны наладзілася, яна пераехала ў іншы горад, але калі бывае ў Чавусах, заўсёды заходзіць сюды і расказвае пра сябе.

З пацярпелымі ад дамашняга гвалту тут праводзіцца асобная работа. Па-першае, можна пазваніць па тэлефоне даверу і атрымаць псіхалагічную і юрыдычную кансультацыю. Па-другое, супрацоўнікі раённага ўпраўлення ўнутраных спраў, калі сутыкаюцца з ахвярай дамашняга гвалту, паведамляюць ёй пра магчымасць знайсці часовы прытулак у райцэнтры і складаюць інфармаваную згоду на перадачу звестак пра складаную сямейную сітуацыю Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тады з ахвярай гвалту працуе псіхолаг. За 2018 год было складзена 67 інфармаваных згод. У папярэдні год — 131.

— Нам прыйшлося навучаць участковых інспектараў адрозніваць сямейны скандал ад дамашняга гвалту, бо гэта розныя рэчы, — заўважыла Іна Ісаенка. — Але выправіць сітуацыю вельмі складана, бо часта гвалт для жанчыны становіцца нормай, а крызісны пакой з'яўляецца толькі кароткай перадышкай. Да таго ж, сюды ні разу не прыязджалі жанчыны з раёна: ад мужа схаваешся, але ж працаваць трэба, а адсюль на вясковую ферму, скажам, не наездзішся.

Цырульня на колах

У рамках праекта «Сацыяльная цырульня» Чавускі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва набыў аўтамабіль — для аказання паслуг пансіянерам, інвалідам і малазабяспечаным грамадзянам у аддаленых вёсках, а таксама дома. Еўрапейскім саюзам на гэты праект было вылучана больш за 12 тысяч еўра, суфінансаванне склала каля 1,5 тысячы еўра. На гэтыя сродкі, акрамя пакупкі аўтамабіля, было адрамантавана і абсталявана памяшканне, набытыя мэбля, інструменты, расходныя матэрыялы, праведзены майстар-класы для людзей сталага ўзросту.

Пасля наведвання Цэнтра мы разам з майстрам Эльмірай Жыркевіч адправіліся за 30 кіламетраў ад Чавус у аграгарадок з вельмі прыгожай назвай — Сласцёны. Там мабільную цырульню чакалі пяць жанчын. Гэта быў пазапланавы выезд, звычайна людзей прыходзіць удвая больш.

— На раён выязджаем адзін альбо два разы на тыдзень — гледзячы па колькасці заявак, якія складаюць сацыяльныя работнікі, — расказала па дарозе Эльміра Жыркевіч. — Людзі вельмі ўдзячныя. І мне самой вельмі падабаецца рабіць людзей прыгажэйшымі, бачыць, як у іх падымаецца настрой.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Больш, чым дапамога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!