Вы тут

Заўжды недзе побач


Заўжды недзе побач

Я быў за мяжой, да дня нараджэння заставаўся яшчэ цэлы дзень, калі раптам мяне павіншаваў Лёха — мой стары добры сябар, з якім мы бачымся цяпер вельмі рэдка. Добра, калі пару разоў на год. Апошні раз я сустрэў яго выпадкова, калі ён са сваёй дзяўчынай Юляй каталіся на веліках па начным горадзе. Натуральна, што мне было вельмі прыемна: Лёха не толькі не забыўся пра мой дзень нараджэння, а яшчэ і павіншаваў. Хаця, з іншага боку, да ўсіх гэтых свят я стаўлюся вельмі спакойна, адпаведна, і віншаванняў зусім не чакаю, а калі хто‒небудзь з блізкіх забывае, то ніколі не крыўдую.

Скажу, відаць, рэч банальную, але сяброўства — справа вельмі складаная. Найперш таму, што далёка не заўсёды атрымліваецца знаходзіць агульную мову з тымі, хто быў табе сябрам у дзяцінстве або юнацтве. І ключавое слова тут — «быў». Бо сапраўды рэдкі выпадак, калі сябар можа заставацца сябрам цягам усяго жыцця. Змяняюцца ўмовы, абставіны, погляды, прыярытэты. А разам з усім гэтым змяняецца і стаўленне да сяброўства як з’явы. Нездарма ж прынята казаць, што сяброў не бывае многа. Жыццё на раз‒два раскідае па розных кутах, таму можна лічыць сябе шчасліўчыкам, калі ў 30 гадоў працягваеш сябраваць з тымі, з кім разам бегаў за мячом у двары ў 15 гадоў.

Першых сваіх сяброў мы не выбіраем. Проста гуляем з тымі, хто жыве па суседстве. Найбольш блізкі мой сябар у дзяцінстве — Жэня, на два гады маладзейшы. Нашы кватэры выходзілі ў адзін тамбур, дзе мы малыя бавілі шмат часу разам. Былі, канешне ж, іншыя сябры, якія жылі ў суседніх дамах, але на іх я не буду спыняцца. Адзначу толькі, што неяк да мяне ў горадзе падыйшоў павітацца хлопец. Пазнаў, а вось я яго — не. Аказалася, што гэта малодцы брат майго аднакласніка Валодзі, з суседняга пад’езда. Ён, хоць і быў тады зусім малы, добра запомніў усіх, хто збіраўся ў нашым двары.

Калі надыходзіць юнацтва, мы пачынаем выбіраць сабе сяброў самі, па інтарэсах. Цяперашнія падлеткі, якія выраслі ў эпоху гаджэтаў і сацыяльных сетак, не павераць, але быў час, калі сяброў сабе шукалі праз газеты і часопісы. У легендарнай «Музыкальной газете» быў цэлы разварот з аб’явамі — аўтары шукалі аднадумцаў па ўсёй краіне, каб абмяркоўваць з імі творчасць любімых гуртоў. Гадоў пятнаццаць таму музыка мела куды большае значэнне, чым цяпер. Гэта была сапраўдная частка жыцця, а не фон да яго.

Свет пачынае пакрысе пашырацца і рабіцца большым за двор ці пад’езд. Я пачаў хадзіць у суседні мікрараён, дзе жылі хлопцы, якія былі падобныя да мяне: слухалі такую ж музыку, як я, гэтак жа апраналіся, мелі такія ж жыццёвыя погляды і прыярытэты. З імі мне было цікавей, чым з аднакласнікамі ці хлопцамі з двара, дзе я быў ужо «белай варонай». І з кожным годам гэтая дыстанцыя рабілася большай, а ўвесь вольны час я праводзіў з «суседзямі».

Потым надышоў яшчэ адзін «пераломны» момант у маім жыцці: я скончыў дзевяць класаў, атрымаў базавую адукацыю, а наперадзе замаячыў пераезд. З самага краю сталіцы мы перабраліся бліжэй да цэнтру. Ніякіх згрызотаў ці шкадавання ў мяне не было: я даволі лёгка развітаўся з былым месцам свайго жыхарства. А вось развітанне з кампаніяй, якая ўжо паспела скласціся, адбылося даволі балюча.

Па першым часе мы яшчэ бачыліся: то яны выбіраліся да мяне, то я ездзіў да іх. Сустракаліся ў цэнтры горада, разам хадзілі на канцэрты. Але чым далей, тым болей прыходзіла разуменне, што нашы шляхі разыходзяцца і сяброўству прыходзіць канец. Павольна між намі вырастала вялізная прорва, поўная спраў, турботаў, клопатаў ці проста абыякавасці да ўсяго. Мы бачыліся ўсё радзей, агульных тэм было ўсё меней, а потым не засталося зусім. Цяпер я часцяком задумваюся: а ці было гэта насамрэч сяброўства , ці ўсё ж гурток па інтарэсах?

На новым месцы я так і не здолеў натуралізавацца. За выключэннем некалькіх знаёмых, я мала з кім камунікаваў. І як не было ў мяне сяброў тады, так няма і цяпер. Калі на Ангарскай я ведаў усіх не толькі з пад’езду, але і з дому, то на новым месцы я слаба ўяўляў, хто жыве са мною побач. Чаму так сталася, сказаць складана. Відаць, не знайшлося нічога агульнага ў мяне ні з тымі, хто жыў у маім ці суседніх дамах, ні з тымі, з кім я вучыўся ў адной школе.

Але ж так не бывае, каб чалавек застаўся самотны, у пойнай адзіноце. Абсалютна выпадковым чынам я пазнаёміўся з хлопцамі з суседняга раёна — Асмалоўкі. Тады яе, праўда, ніхто так не называў. Ды і яе гістарычнай і культурнай каштоўнасці не заўважалі. Гэта быў проста «квартал генеральскіх двухпавярховікаў, якія будавалі палонныя немцы пасля вайны». Зялёны і прыгожы, дзе час нібы спыніўся назаўжды. Нездарма там раней шмат здымалі кліпаў і фільмаў з савецкім паваенным антуражам. Што праўда, жылі там не толькі вайскоўцы, але і людзі з розных сфер.

Знаёмства адбылося так: я і некалькі прыезджых зачапіліся з «асмалоўскімі» ля казіно «Белая вежа». Канфлікт быў абсалютна пусты, на роўным месцы. Іх было нашмат болей, таму далей за моўную перапалку справа не пайшла. Яно і добра, бо менавіта з гэтага выпадку, які здарыўся цёплым летнім вечарам, фактычна і пачалося наша сяброўства, якое цягнецца ўжо пятнаццаць гадоў. Спачатку мы проста сустракаліся ў горадзе (жылі ўсё ж побач), потым яны пачалі запрашаць мяне да сябе. І неяк я надзвычай хутка ўліўся ў іх кампанію. З часам яны сталі мне не проста блізкімі, але роднымі. Братамі не па крыві, а па справе.

За гэты час шмат было ўсяго, у адным тэксце і не распавядзеш усе гісторыі, смешныя і трагічныя. Тут хіба што на кнігу замахвацца трэба. Галоўнае, што я вынес для сябе: сябры — гэта тыя, на каго можна разлічваць у цяжкую хвіліну. Зусім не абавязкова бачыцца штодня, жыць у суседнім доме, слухаць адну музыку, заўзець за адзін футбольны клуб і гэтак далей — да бясконцасці. Самае галоўнае — проста быць упэўненым у чалавеку. У брытанцаў ёсць такі выраз: «Сябар у добрае надвор’е». Гэта значыць «чалавек, які побач толькі тады, калі ўсё добра, а як толькі пачынаюцца праблемы ці нешта нядобрае, ён знікае». Дык вось сябар — гэта той, хто заўжды недзе побач, нават калі ты бачышся з ім, як той казаў, гады ў рады.

                                                                                       Канстанцін КАСЯК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».