Вы тут

Як працуюць сапёры?


Больш за 22 тысячы выбухованебяспечных прадметаў на тэрыторыі Беларусі абясшкодзілі летась рухомыя групы размініравання. Больш за ўсё «сюрпрызаў» з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена і нейтралізавана ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах. Гэтая лічба была агучана падчас збору па размініраванні з начальнікамі інжынерных службаў, камандзірамі воінскіх часцей інжынерных войскаў і прадстаўнікамі ваенных камісарыятаў, які прайшоў у 2-й інжынернай брыгадзе.


— Самы вялікі «ўлоў» быў у раёне чыгуначнай станцыі Круляўшчызна. Там знойдзены былы склад артылерыйскіх боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя жыхары расказалі, што ў 1941-м, падчас адступлення, чырвонаармейцы склад падпалілі, але пайшоў дождж, і ён патушыў агонь. Калі ў 1944-м адступалі немцы, то яны гэты склад падарвалі, з-за чаго шмат снарадаў разляцелася па мясцовасці. Летась там было знішчана каля 13 тысяч небяспечных прадметаў, — зазначыў начальнік інжынерных войскаў Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Куракоў.

Летась на ўзбраенне інжынерных войскаў паступілі новыя ўзоры тэхнікі, узбраення і экіпіроўкі. Напрыклад, касцюм «Сокал» важыць восем з паловай кілаграмаў. Ён здольны абараніць байца ад выбуху супрацьпяхотнай міны, пры гэтым дазваляе свабодна працаваць. А вось касцюм «Даспехі» падыме ўжо не кожны чалавек: яго маса складае ажно 66 кілаграмаў! Але і функцыянал яго адпаведны. Па-першае, выбух да двух кілаграмаў узрыўчаткі байцу, экіпіраванаму «Даспехамі», не страшны зусім. Па-другое, браніраваныя пласціны стрымаюць асколкі, якія ляцяць з хуткасцю да двух кіламетраў за гадзіну. Унутры яго ёсць сістэмы ахалоджвання, сувязі і вентыляцыі. Прадугледжана магчымасць падключэння і па правадах, калі праціўнік скарыстае радыёэлектронную барацьбу.

Істотна мадэрнізаваны і класічны атрыбут любога сапёра — мінашукальнікі. Старыя прылады могуць знайсці боепрыпас на глыбіні не больш за 40 сантыметраў. Цяпер жа ў інжынерныя войскі прыйшлі спецыялізаваныя дэтэктары Gаrrеt GTІ 2500, якія працуюць на адлегласць да чатырох метраў. Яшчэ адна навінка — аўтамабіль «Дракон». Па ўсім перыметры на яго ўсталяваны спецыяльныя процікумулятыўныя рашоткі.

Але не толькі размініраваннем займаюцца інжынерныя войскі. Напрыклад, амаль год яны ўтрымлівалі наплаўны мост каля Жыткавіч праз Прыпяць. І гэта пры тым, што звычайна пантонны мост «раскочваецца» на суткі або двое, паколькі служыць толькі для адной мэты — пропуску войскаў праз водныя перашкоды. Акрамя таго, вайскоўцы ўзвялі пяць нізкаводных драўляных мастоў праз іншыя рэкі — Пціч, Нёман, Шчару... Прычым робяць яны гэта вельмі хутка. Калі ўсе матэрыялы ёсць у наяўнасці, то за пяць, максімум дзесяць дзён пабудаваць мост даўжынёй у паўсотню метраў цалкам рэальна.

А першага лістапада, летась, у 2-й інжынернай брыгадзе была створана адмысловая супрацьмінная служба. Яна прызначана рыхтаваць спецыялістаў па размініраванні і ачыстцы мясцовасці, аб'ектаў і акваторыі ад выбухованебяспечных прадметаў.

...На рахунку камандзіра разведвальна-вадалазнага ўзвода сёмага інжынернага палка старшага лейтэнанта Арцёма Шавуры — больш за тры тысячы абясшкоджаных боепрыпасаў толькі за мінулы год.

— Усе знаходкі ўяўлялі вельмі вялікую небяспеку, — кажа вайсковец. — Яны праляжалі ў зямлі з часоў вайны. Траплялася многае: ад ручных гранат да артылерыйскіх снарадаў калібрам 280 мм для марціры. Дастаткова сказаць, што вага іх перавышае 200 кілаграмаў. Прыкладна 50 кілаграмаў выпадае на долю ўзрыўчаткі. Плюс улічыце, што ва ўсе боепрыпасы ўстаўлены ўзрывальнікі. А за дзесяцігоддзі, якія яны праляжалі ў зямлі, іх да таго ж моцна пашкодзіла карозія. Радыус разлёту асколкаў у іх — да паўкіламетра. Самы нязначны неасцярожны рух — і што будзе далей, невядома. Таму спецыялісты ходзяць вельмі павольна...

Дарэчы

Сёлета 2-я інжынерная брыгада адзначыць 100-ы дзень нараджэння. У далёкім 1919 годзе ў Маскве была сфарміравана запасная ваенна-маскіровачная рота. Цяпер жа яна дыслакуецца ў пасёлку Сосны на ўскраіне Мінска.

Разам з тым сапёры знаходзяць не толькі боепрыпасы. Напрыклад, паблізу той жа станцыі Круляўшчызна была знойдзена бляха салдата царскай арміі, як мяркуецца, 1850-х гадоў. Яе перадалі ў музей 7-га інжынернага палка. Было ўстаноўлена, што такія бляхі 160 гадоў таму насілі артылерысты.

Сапёры трэніруюцца ў спецыялізаваным вучэбна-трэніровачным комплексе. Ён уяўляе сабой спецыяльныя класы, пераабсталяваныя пад розныя пакоі. Але нават ручку ўваходных дзвярэй трэба націскаць толькі пасля праверкі: не выключана, што можа прагучаць выбух. Ён паказвае, што сапёр пралічыўся. А памыляецца ён, як вядома, толькі адзін раз.

— Нашы навучальныя класы адмыслова зроблены так, каб падрыхтаваць байцоў да розных магчымых сітуацый, — кажа Андрэй Куракоў. — Давайце праверым гэта ў рэальнасці.

Заходзім у першы клас. Ён нагадвае пакой у дзіцячым садку. Стаяць мяккія цацкі, шафкі, ложкі і нават маленькі тэлевізар. Здаецца, што тут можа быць падазронага? Але нехта з журналістаў адчыняе дзверы адной з шафкі — і тут жа гучыць аглушальны выбух, а ў паветры патыхае нейкай кісляцінай. То спрацаваў халасты зарад. Яшчэ адна граната прытаілася пад бяскрыўднай мяккай цацкай.

Наступны клас імітуе армейскі склад. Па легендзе, на яго напалі бандыты, забілі салдата і паставілі тут міну. Адразу пры ўваходзе ў вочы кідаецца вельмі рэалістычны манекен, які ўяўляе цела байца. Вось толькі спяшацца да яго Андрэй Куракоў не раіць. І сапраўды: вока заўважае нейкі нацягнуты дрот зусім блізка ад манекена. Гэта імітатар расцяжкі.

— Мы вывучалі пры гэтым досвед, атрыманы падчас замежных канфліктаў. Напрыклад, былі выпадкі, калі тэрарысты мініравалі нават целы. Любая спроба ссунуць мёртвага — выбух.

А вось у трэцім пакоі ўсё яшчэ больш мудрагеліста, чым у першых двух. Абсталявана ўсё, як у звычайным пакоі, дзе стаіць ложак, секцыя, тумбачка, тэлевізар. Тут расцяжка пастаўлена паміж ложкам і секцыяй. Але ці можна яе проста перарэзаць?

— Калі вы так зробіце, то падарвяцеся, — кажа Андрэй Куракоў. — Тут дрот — гэта пастка, якая заклікана адцягнуць увагу. Асноўны зарад закладзены ў тумбачцы. Як толькі вы пераразаеце дрот — ён і спрацоўвае. Але гэта яшчэ не ўсё. Звярніце ўвагу: за тэлевізарам схаваны артылерыйскі снарад. Узрываецца, як толькі апарат уключаецца...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Сапёры ходзяць павольна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.