Вы тут

Што паглядзець на наступным тыдні?


Памяць

Наступны тыдзень на тэлеканале АНТ пройдзе пад знакам 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады — і таму ў эфіры шмат цікавых фільмаў і праектаў, якія варта не прапусціць.


Так, з панядзелка ў эфіры — кінаэпапея «Блакада», якую рэжысёр Міхаіл Яршоў здымаў амаль сем гадоў, каб падрабязна расказаць нашчадкам пра мужнасць і стойкасць абаронцаў горада і яго мірных жыхароў у страшныя 900 дзён блакады... Гледачы ўбачаць усе чатыры серыі: «Лужскі рубеж», «Пулкаўскі мерыдыян», «Ленінградскі метраном» і «Аперацыя «Іскра». А 26 студзеня тэлеканал пакажа дакументальныя фільмы — «Вялікая вайна. Блакада Ленінграда» і «Каб жылі!» (пра медработнікаў — санітарак, медсясцёр, санінструктараў, урачоў, амаль 100 тысяч якіх загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны) і адразу некалькі сучасных фільмаў — асэнсаванняў падзей Вялікай Айчыннай вайны: брытанска-расійскі чатырохсерыйны фільм «Ленінград» (2007), дэтэктыўную драму «Ладага» (2014) пра «дарогу жыцця», якая звязвала асаджаны горад з тылам, і драму «Тры дні да вясны» (2017), прысвечаную першай блакаднай зіме 1942-га. У апошняй стужцы, дарэчы, ёсць беларускі след: сцэнарый фільма заснаваны на некаторых фактах з «Блакаднай кнігі» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна.

Сезон

Напярэдадні Вадохрышча здымачная група АТН рэалізавала арыгінальны праект: маладыя вядучыя выйшлі з цёплай і ўтульнай студыі на бераг вадасховішча і акунуліся ў палонку, пры гэтым рабілі выгляд, што на двары зусім не студзень, гралі ў «снежны валейбол», «загаралі» на шэзлонгах і нават гулялі ў шахматы ў палонцы! Зрэшты, як расказаў «Звяздзе» аўтар ідэі, загадчык аддзела крэатыўнага планавання Агенцтва тэленавінаў Руслан Туркоў, увесь працэс адбываўся пад наглядам і з дапамогай прафесіяналаў, таму некаторых удзельнікаў давялося нават угаворваць вылезці нарэшце з палонкі і ісці ў аўтобус...

Здымкі праходзілі на Цнянскім вадасховішчы, недалёка ад вадалазнай базы МНС — спачатку цэлы дзень выразалі палонку памерам 10 на 11 метраў, у выглядзе лагатыпа АТН, а ўжо назаўтра, зноў жа з дапамогай выратавальнікаў, паставілі перасоўную лазню і спецыяльны надзіманы намёт, каб галоўныя героі эксперымента не змерзлі. Сярод тых, хто рызыкнуў выйсці на лёд — вядучая «Панарамы» Паліна Шуба, карэспандэнты АТН Дар'я Тарасава, Ян Пашкевіч, Алеся Высоцкая, Андрэй Казлоў. «Я баяўся, што нашы маладыя вядучыя не вытрымаюць шмат дубляў запар бегаць па снезе і акунацца ў палонку, — дзеліцца ўражаннямі Руслан Туркоў. — Але яны прыемна ўразілі, асабліва дзяўчаты: калі аператар камандаваў зрабіць тое ці гэта, паводзілі сябе так упэўнена і прафесійна, быццам знаходзяцца на цёплым узбярэжжы, а не ў зімовым Мінску. У мяне таксама была магчымасць зняцца ў роліку, чым я скарыстаўся — сыграў ролю рыбака». Здымкі, дарэчы, вяліся таксама з дрона, каб паказаць маштаб палонкі і ўсяго вадасховішча. Выніковы іміджавы ролік, які рэжысёр Алег Далгаполаў днямі ўжо прадставіў у «Панараме», будзе дэманстравацца на «Беларусь 1» не толькі на Вадохрышча, але і на працягу ўсёй зімы.

Юбілей

Сёння Аляксандр Саладуха адзначае роўна 60 гадоў, больш за 30 з якіх ён спявае, і цэлы год як носіць званне заслужанага артыста Беларусі.

Як падкрэслівае сам спявак, нейкага цяжару ўзросту ён не адчувае, а таму перыядычна ўражвае публіку рознымі авантурамі: то на зайздрасць маладзейшым канкурэнтам удзельнічае ў адборы на «Еўрабачанне», то чытае рэп, то здымаецца ў вобразе каляровага матылька ці анёла ў ружовым касцюмчыку, а то робіць шпагат паміж двума танкамі (і хоць апошняе — толькі ў тэлевізійным роліку, але гледачы выпадак запомнілі). А яшчэ ён мае двух дарослых сыноў, маленькую дачку і траіх унукаў, выступае на любых пляцоўках: ад раённага Дома культуры да «Мінск-Арэны» і Крамлёўскага палаца. Хоць шматлікая публіка любіць яго зусім не за гэта, а за хіты пра вінаград, чужую мілую і іншыя дарагія сэрцу тэмы.

Дарэчы, з юбілеем артыста сёлета павіншуюць тэлевізійнікі: на канале «Беларусь 3» знялі тэматычны выпуск праграмы «Майстры і куміры» і запісалі студыйны канцэрт імянінніка «Гэта шчасце».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Тры нагоды ўключыць тэлевізар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.