Вы тут

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі


«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма», — лічыць гаспадар аграсядзібы «Ганка» Анатоль Ганец. Аб тым, як развіваецца сельскі турызм, у прэс-цэнтры БелТА падзяліліся меркаваннем эксперты ў гэтай галіне.


Лічбы і факты

«Ганка» прымае гасцей.

Упершыню пра аграсядзібы ў нашай краіне загаварылі ў 2002 годзе. У 2006-м былі вядомыя 34 аб'екты, якія пазіцыянавалі сябе як аграсядзібы, у 2010-м — 884. Па словах намесніка дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталя ГРЫЦЭВІЧА, на 1 студзеня ў нашай краіне налічваецца 2319 суб'ектаў агратурызму, у тым ліку на базе сельскагаспадарчых арганізацый — 20. Між тым рэальна ажыццяўляе сваю дзейнасць толькі 1821 сядзіба. На думку Віталя Грыцэвіча, рынак насыціўся — пра гэта сведчыць з'яўленне нязначнай колькасці новых сядзіб. У 2017 годзе іх колькасць вырасла на 1,8 %. Пры гэтым гасцей прымаецца больш. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці замежных турыстаў не толькі з Расіі, краін СНД, але і з Еўрасаюза, Паўночнай Амерыкі. Нават на афрыканскім кантыненце ведаюць Беларусь — у сядзібах пабывалі госці з Гвінеі і Габона. У цэлым доля замежных турыстаў у 2017 годзе вырасла на 9 %. Сур'ёзны штуршок для развіцця аграэкатурызму даў «бязвіз».

Сёлета, лічыць чыноўнік, ёсць выдатная магчымасць «скарыстацца момантам» правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Акрамя 18 тысяч удзельнікаў спартыўных камандаў і іншых афіцыйна акрэдытаваных асоб, чакаецца прыезд прыкладна 30 тысяч балельшчыкаў. Дарэчы, яны ўжо браніруюць месцы ў сядзібах. «Гэта выдатны шанц паказаць замежнікам Беларусь ва ўсёй яе разнастайнасці, — сказаў прадстаўнік Мінспорту. — Запланаваны злёт караванераў, правядзенне дня адчыненых дзвярэй у аграсядзібах».

На думку Віталя Грыцэвіча, сельскі турызм стаў нашай адметнай цікавінкай у 2016 і 2018 гадах, калі краіна заняла першае месца ў намінацыі «Аграэкатурызм» у рэйтынгу Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Trаvеlеr Аwаrds сярод найлепшых турыстычных дэстынацый.

Бізнес або хобі?

Каб атрымаць статус гаспадара аграсядзібы і пачаць прымаць турыстаў, дастаткова ўсяго толькі зарэгістравацца ў сельвыканкаме. Стаўка падатку — адна базавая велічыня на год.

Уладкоўвае сядзібы кожны па сваім разуменні: ад рэканструкцыі старога дома да будаўніцтва шыкоўнага катэджа. Крэдытнай падтрымкай ААТ «Белаграпрамбанк» скарыстаўся 591 суб'ект агратурызму (на суму 6,45 млн рублёў).

Першапачатковая ідэя аграсядзіб — адпачынак у вёсцы, вяртанне да вытокаў. Аднак з развіццём гэтага сектара многія аграсядзібы пачалі спецыялізавацца на правядзенні вяселляў і карпаратываў. Тады і было ўзнята пытанне аб тым, што адна базавая велічыня за такую дзейнасць — несур'ёзна. Абмяркоўваліся розныя варыянты, у выніку прыйшлі да высновы, што льготы для ўладальнікаў аграсядзіб, замацаваныя Указам № 372 (дзейнічае да 2021 года), павінны застацца ў сіле. А каб расставіць усе кропкі над «і», Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 365 «Аб развіцці аграэкатурызму», які ўступіў у сілу з 12 студзеня 2018 года.

Дакументам прадугледжана, што, каб займацца агратурызмам, па-ранейшаму не трэба рэгістравать ІП ці юрыдычную асобу. Спрасціліся і пытанні выкарыстання дамоў і зямельных участкаў. Таксама дадзены вычарпальны пералік паслуг, якія могуць аказваць сядзібы. Сярод іх і правядзенне прэзентацый, юбілеяў, банкетаў; аказанне паслуг лазняў, саўн і душавых; катанне на жывёлах, за выключэннем дзікіх, і конны транспарт; даванне інвентару для спорту і адпачынку; транспартнае абслугоўванне аграэкатурыстаў.

На думку Віталя Грыцэвіча, калі ў сядзібе праводзяць выключна вяселлі і карпаратывы, то гэта псеўдаагратурызм. А старшыня БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя КЛІЦУНОВА сцвярджае, што «вялікія сядзібы без масавых мерапрыемстваў існаваць не змогуць». Да таго ж бізнес носіць сезонны характар, а некаторыя сядзібы і зусім працуюць ад выпадку да выпадку, і змяненне стаўкі падатку было б для іх вялікім цяжарам.

Прадстаўнік Мінспорту прызнаўся, што летась яму прыходзілася часцей за ўсё разглядаць звароты аб тым, як правільна будаваць гасцявыя домікі, а таксама скаргі суседзяў на шум у сядзібах падчас правядзення тых самых вяселляў і карпаратываў. Таксама ён адзначыў, што аграэкасядзібам трэба больш цесна супрацоўнічаць з тураператарамі: «Пакуль жа ў нас не рэдкасць сітуацыі, калі тураператар дамаўляецца аб прыёме групы, напрыклад, 40 турыстаў з Германіі, а потым ператэлефаноўвае гаспадар і ўсё адмяняе, таму што на гэты ж дзень яму прапанавалі правядзенне вяселля».

Свой погляд на гэтую праблему выказаў старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Валожынскага раёна, уладальнік аграсядзібы «Ганка» Анатоль ГАНЕЦ: «Была спроба працаваць з тураператарамі, але яны хочуць даволі вялікі працэнт за свае паслугі. Таму заказчыкі падлічваюць, наколькі ім гэта выгадна».

Дарэчы, суткі пражывання ў сядзібе каштуюць ад 15 рублёў і амаль што... да бясконцасці. Многія гаспадары аддаюць перавагу не запытам індывідуальных турыстаў, а кампаніям.

Колькі «эка» ў сельскім турызме?

Забаўляльная праграма

Па словах Валерыі Кліцуновай, госці сядзіб усё больш патрабуюць арганічнай ежы, а гаспадары актыўна выкарыстоўваюць тэхналогіі, звязаныя з энергіяй сонца і ветру. Наладжана супрацоўніцтва з заказнікамі. «У іх няма інфраструктуры, але ёсць спецыялісты, — тлумачыць Валерыя Кліцунова. — Людзям зручна жыць у аграсядзібе і наведваць заказнікі ў суправаджэнні персаналу». Гэта разумны падыход, бо супрацоўнікі заказнікаў вучаць турыстаў правільным паводзінам на ўнікальных прыродных аб'ектах, робяць іх даступнымі для ўсіх людзей. У прыватнасці, у Налібоцкай пушчы прагулкі па экасцяжынцы могуць здзяйсняць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Фермерская кветкавая гаспадарка «Экафлора» праводзіць экскурсіі і квэст, у пачатку якога госці саджаюць у імянны гаршчок маленькую кветачку, а пасля завяршэння мерапрыемства атрымліваюць падросшую. Валерыя Кліцунова з захапленнем распавядала, што, аказваецца, не ўсе разумеюць гэты просты трук і многія цікавяцца, як жа кветка здолела вырасці за пару гадзін? Гэта яна называе «эканомікай уражанняў».

«Белавежская пушча не паспявае абслугоўваць групы замежных турыстаў, якія прыязджаюць да нас слухаць спевы птушак, — кажа Віталь Грыцэвіч. — На дапамогу Нацпарку прыходзяць гаспадары аграэкасядзіб, якія таксама ведаюць месцы дыслакацыі лясных спевакоў». Валерыя Кліцунова адзначае, што аграэкатурызм — удалы прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства: БГА «Адпачынак у вёсцы» цесна супрацоўнічае з Мінспорту.

Валожынская талака

Смачныя пачастункі

Анатоль Ганец расказаў, што свой кластар яны стварылі дзесяць гадоў таму. Саму ідэю ён прывёз з Ізраіля, дзе некаторы час жыў. Валожынскі кластар пачынаўся з 8 сядзіб, цяпер іх 52. Сутнасць кластара ў тым, што гаспадары сядзіб аб'ядноўваюць намаганні ў складанні праграмы адпачынку для гасцей. «Навошта мне трымаць каня, калі побач ёсць сядзіба, дзе гэтым займаюцца прафесійна, яшчэ адзін сусед — пчаляр, трэці — рамеснік», — разважае ён. Госці кожнага гаспадара наведваюць некалькі сядзіб.

— У нас распрацаваны веламаршрут, а таксама ёсць умовы для прыёму гасцей, якія перасоўваюцца на калясках, — кажа Анатоль Ганец.

У рэгіёне створаны спажывецкі кааператыў «Валожынскія гасцінцы», куды ўвайшлі гаспадары сядзіб і мясцовыя фермеры. Аб'яднанне адпраўляе ў сталіцу сваю прадукцыю: хлеб, малако, мяса. Прычым выпечка хлеба — спецыялізацыя «Ганкі». На думку Анатоля Ганца, кожная сядзіба павінна мець бізнес-план. Цяпер перад гэтай галіной сельскага бізнесу стаіць задача перайсці ад колькасці да якасці.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Аграсядзібы Беларусі ведаюць нават у Афрыцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.