Вы тут

Лукашэнка бачыць вялікі фронт працы для Беларусі ў Зімбабвэ


Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Рэспублікі Зімбабвэ Эмерсанам Дамбудзо Мнангагвай.


Кіраўнік дзяржавы павітаў прэзідэнта і членаў зімбабвійскай дэлегацыі на беларускай зямлі і нагадаў, што некалькі гадоў таму сустракаўся з прэзідэнтам Зімбабвэ, толькі тады той займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. Беларускі лідар павіншаваў яго з перамогай на выбарах і пажадаў выканаць тыя абяцанні, якія былі дадзены ў працэсе перадвыбарнай кампаніі народу.

"Вы выдатна разумееце, што мы не гіганцкая краіна, і, вядома ж, супрацоўнічаць з усімі краінамі Афрыкі на глыбокай аснове не можам. Таму мы спрабуем знайсці тых партнёраў, з якімі мы маглі б выбудаваць стратэгічнае партнёрства", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго  слоў, Беларусь вельмі эфектыўна супрацоўнічае з краінамі паўночнай Афрыкі — перш за ўсё, Егіптам, Алжырам, а ў цэнтральнай Афрыцы наша краіна з даўніх часоў працуе з Суданам.

"Мы хацелі б мець вельмі цеснае супрацоўніцтва з дзяржавамі Паўднёвай Афрыкі. Мы бачым вялікі фронт працы для Беларусі ў Зімбабвэ, — заявіў ён. — Нам трэба выбудаваць стратэгію нашага супрацоўніцтва, вызначыць канкрэтны план. Мы стварылі міждзяржаўную групу спецыялістаў. Хацелася б, каб з вашага боку былі эфектыўныя людзі ў гэтай групе,  тады спланаваўшы нашу працу на будучыню, мы зможам вырашыць многія пытанні ў інтарэсах вашага народа".

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі добра ведаюць магчымасці Зімбабвэ, роўна як і ў Зімбабвэ ведаюць нашы. Беларускі лідар прызнаў, што ёсць пэўныя цяжкасці ў двухбаковых адносінах, але “не пераадолець гэтыя цяжкасці могуць толькі тыя, хто не спрабуе гэта зрабіць”. "Калі мы паставім перад сабой мэту — пераадолець цяжкасці, якія ёсць у адносінах паміж нашымі дзяржавамі, мы абавязкова рэалізуем тыя праекты, якія мы ўжо сёння бачым", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага лідара, Зімбабвэ перажывае нялёгкія часы, але іх перажывала і Беларусь больш за 20 гадоў таму. Любая краіна, якая спрабуе ўдасканальваць і развіваць уласную эканоміку і грамадства, праходзіць гэты складаны этап, лічыць беларускі Прэзідэнт. "Мы вельмі перажываем за вас, і хацелі б, каб вы як мага хутчэй пераадолелі ўсе ўнутрыпалітычныя і ўнутрыэканамічныя складанасці. Вы павінны памятаць, што мы будзем спрыяць гэтаму ўсяляк", — сказаў кіраўнік Беларусі.

Таксама ён назваў умову для свайго візіту ў Зімбабвэ. "Спадар прэзідэнт, я, вядома ж, з вялікім задавальненнем прыеду да вас у краіну, але да гэтага прыезду мы павінны дамовіцца аб чатырох-пяці канкрэтных кантрактах, праектах, якія мы павінны рэалізаваць у Зімбабвэ. Такіх праектах, якія б пабачыў увесь зімбабвійскі народ", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У адказ прэзідэнт Зімбабвэ адзначыў, што вельмі шануе цёплы прыём, якія аказалі яму і яго дэлегацыі ў Беларусі. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за асабістую падтрымку ў нялёгкія для краіны часы. На яго думку, паміж нашымі краінамі склаліся добрыя, вельмі цесныя адносіны, больш за тое, зімбабвійскі народ разглядае Беларусь як брацкую краіну. Па словах Эмерсана Дамбудзо Мнангагвы, многія гады яго страна падвяргалася розным эканамічным санкцыям.


У пашыраным складзе падчас афіцыйных перамоваў з Прэзідэнтам Рэспублікі Зімбабвэ Эмерсанам Дамбудзо Мнангагвай кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што візіт  надасць імпульс развіццю двухбаковых адносін. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Зімбабвэ з'яўляецца важным партнёрам Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскім рэгіёне, і наша краіна імкнецца да паступовага выхаду на найвысокі, стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва. У цяперашні час адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца.

"Аднак значны патэнцыял узаемадзеяння шмат у чым яшчэ не рэалізаваны. У бліжэйшыя гады гэта трэба будзе зрабіць, асабліва ў сферах гандлю і эканомікі, — сказаў беларускі лідар. — Вы вельмі ёміста вызначылі шлях развіцця краіны, заявіўшы сусветнай супольнасці, што" Зімбабвэ адкрыта для бізнесу". Мяркуем, што такі падыход станоўча адаб'ецца на рэалізацыі беларуска-зімбабвійскіх сумесных праектаў".

Ён звярнуў увагу, што ў Зімбабвэ паставілі задачу за кароткі тэрмін вывесці краіну на лідзіруючыя пазіцыі ў Афрыцы па тэмпах эканамічнага росту, у чым можа дапамагчы Беларусь. На яго думку, у зімбабвійскага народа і краіны ёсць усё неабходнае для хуткага эканамічнага росту і рашэнні першачарговых праблем, каб апрануць і накарміць людзей. Прэзідэнт падкрэсліў: беларусы гатовы аказаць у гэтым дапамогу.

Наша дзяржава зацікаўлена ў пастаўках на зімбабвійскі рынак грузавой, аўтобуснай і кар'ернай тэхнікі, іншага абсталявання для горнай здабычы, трактароў і харчовай прадукцыі. Яшчэ Беларусь гатова абмеркаваць перспектывы нашага ўдзелу ў сумесных праектах у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, энергетыцы, геолагаразведцы і здабычы карысных выкапняў.

У 2018 годзе было заключана некалькі шматмільённых кантрактаў на экспарт у Зімбабвэ беларускай тэхнікі пры фінансавай падтрымцы беларускага Банка развіцця і зімбабвійскага рэзервовага банка. Чакаецца, што пасля ўзгаднення ўсіх міжбанкаўскіх працэдур пачнуцца пастаўкі ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі.

"Важкім укладам ва ўмацаванне двухбаковых адносін могуць стаць будаўніцтва ў Зімбабвэ мяса-малочных комплексаў, вырошчванне і перапрацоўка гародніны, — адзначыў Прэзідэнт. — У ходзе нашай сумеснай працы былі вызначаны накірункі супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Гаворка ідзе аб развіцці транспартнай інфраструктуры Зімбабвэ і стварэнні ля вас транспартна-лагістычнага цэнтра".

Шырокія магчымасці для ўзаемадзеяння нашых краін прадастаўляюць унікальныя ландшафтна-прыродныя, мінеральна-сыравінныя і рэкрэацыйныя рэсурсы Зімбабвэ. Таму перспектыўным можа стаць удзел беларускіх кампаній ва ўзвядзенні гідраэнергетычных аб'ектаў, будаўніцтве "пад ключ" электрастанцыі на сонечных панэлях, геолагаразведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў.

Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што актыўна развіваецца ўзаемадзеянне і ў гуманітарнай сферы. Дасягнуты дамоўленасці аб міжвузаўскім абмене, а таксама аб атрыманні зімбабвійцамі ў Беларусі вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі.

Акрамя таго, вядучыя арганізацыі аховы здароўя Беларусі могуць даць грамадзянам Зімбабвэ высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу. "Нашы дасягненні ў нейрахірургіі, артапедыі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі і рэабілітацыі вядомыя далёка за межамі Беларусі", — адзначыў беларускі лідар.

Стварэнне беларуска-зімбабвійскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве магло б лепш стымуляваць рэалізацыю намечаных планаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Для хуткай і якаснай працы над інвестпраектамі, сумеснымі праектамі неабходны прамыя кантакты і наладжаныя камунікацыі паміж міністэрствамі, арганізацыямі і кампаніямі. Варта праяўляць максімальную ўвагу да прапаноў, паступаючых з абодвух бакоў. Толькі так мы зможам дамагчыся жаданага выніку, — заявіў ён. — Дзелавыя колы, асацыяцыі бізнесменаў, гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх дзяржаў таксама павінны стаць важнымі элементамі ў працэсе фарміравання новых сумесных праектаў".

Прэзідэнт падкрэсліў: наша краіна гатова да прадметнага абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння для павелічэння двухбаковага тавараабароту і пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?