Вы тут

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары


Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як на радзіме продкаў Арыэля Шарона ў Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары.


На жаль, былы прэм'ер-міністр Ізраіля так і не даехаў да сваіх Галавенчыц: перашкодзіла хвароба. Але, калі б гэтая паездка адбылася, ён бы абавязкова сустрэўся з тутэйшымі захавальніцамі народных традыцый — салісткамі ўнікальнага аўтэнтычнага ансамбля з красамоўнай назвай «Незабудкі». Гурт з поспехам рэкламаваў галавенчыцкі фальклор у Беларусі і Расіі, пабываў нават у Літве і Польшчы. Мае суразмоўніцы — Надзея Данілаўна Казлова і Людміла Сцяпанаўна Каханоўская — удзельніцы калектыву з дня яго заснавання ў 1957 годзе. Яны і цяпер жанчыны завадныя. І спяюць, і станцуюць, нягледзячы на свае 80 з хвосцікам. Гэта сёння на вуліцах Галавенчыц ціха, а раней, успамінаюць сяброўкі, жыццё віравала. Асабліва весела было на Каляды. Вельмі любілі галавенчыцкія дзяўчаты паваражыць у гэты час на нарачонага. Ну каму не хочацца, асабліва ў маладосці, заглянуць у будучыню?

Забавы на «хэйдары»

Чула, што традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў. Маўляў, у разгар зімовага сезона, якраз на калядныя святы, душы памерлых прыходзілі да жывых і дапамагалі ім даведацца пра патаемнае. Бр-р, ад адных думак пра мерцвякоў мароз па скуры. Лічы, пад іконамі сядзім, на покуці, а ў галаву рознае глупства лезе.

— Гэта ж гульня хутчэй, а не варажба, — супакойвае Надзея Данілаўна. — Мы ж не да цыганкі хадзілі або варажбіткі, якая нешта там падрабляе. Для нас гэта былі звычайныя сельскія забавы. Мы і спявалі, і танцавалі, і загадкі загадвалі, і страшылкамі адзін аднаго пужалі. Я іх ведаю — вой колькі. І пра змяю, якая людзей ела, і пра свінку — залатую шарсцінку, і пра нячысцікаў. Да вайны ў нашай мясцовасці нават варажбіт жыў — у Навасёлках. Калі нешта з двара знікала, людзі ішлі да яго, і ён называў злодзея. Бачыў наскрозь, як Месінг. Аднойчы яго нават забіць хацелі, а ён раптоўна стаў нябачны. Адным словам, варажбіт. Вось з кім лепей не звязвацца. А мы ўсё боскае рабілі — карагоды вадзілі, песні спявалі. Ад Раства да Хрышчэння нельга было ні мыць, ні прасці — вось мы і весяліліся. Збіраліся ў каго-небудзь на хэйдары, як мы паміж сабой называлі падыходзячую для гульняў хату. Клуба ж тады не было.

— А колькі гульняў прыдумлялі, не пералічыць, — дадае Людміла Сцяпанаўна. — Ступу пераварочваем, хлопец з дзеўкай садзяцца спіна да спіны. На раз-два-тры паварочваюцца адзін да аднаго, калі ў адзін бок, то трэба цалавацца. Дзяўчаты пішчаць, уцякаюць, хлопцы іх даганяюць, цалуюць. Насмяёмся, аж у баку заколе.

99 дзяўчат

Пра Галавенчыцы калісьці казалі, што тут жыве 99 дзяўчат. Ніхто іх, калі шчыра, не лічыў, але лічба ўражвала. І кавалераў сюды цягнула як магнітам з усіх навакольных вёсак. Хамянкі, Буда, Антонаўка, Залессе, Астрэні — толькі паспявай выбіраць жаніха.

— Ух, як мы варажылі на хлопцаў, я свайго таксама «наваражыла», — гарэзліва кажа Данілаўна. — У 11 гадзін вечара бяжым з сяброўкамі на крыніцу вады набраць, назад ідзём ціха, не размаўляем і не аглядваемся. А ў доме ўжо для справы ўсё гатова. За фіранкай стол, пасярод люстэрка, перад ім і за ім свечкі. Льеш ваду ў шклянку і туды ж вянчальнае кальцо кідаеш удовіна. Свечкі запальвалі і садзіліся. А дванаццатай гадзіне пачыналі гадаць. Я хвілін пяць сядзела і ўбачыла хлопца ў светлым касцюме і плашчы. Хуценька люстэрка перакуліла, а сэрца ледзь з грудзей не выскоквае. Людзі расказвалі, што адна дзяўчына варажыла з люстэркам, і ёй труна паказалася. Яна і памерла ў хуткім часе. Напэўна, такі лёс быў. Мне ж было наканавана за аднавяскоўца выйсці. Потым высветлілася, што ён таксама бачыў мяне ў сне. Расказваў, што я падышла да яго з ручніком і абцірала. Калі мы пазнаёміліся, адразу ж пазналі адно аднаго.

У Сцяпанаўны свая гісторыя:

— Я ведала шмат спосабаў варажэння. Можна было, напрыклад, грэбень пад падушку пакласці і паклікаць: суджаны-згоджаны, прыйдзі мяне расчасаць, і класціся спаць. А я капейкі насыпала і запрасіла нарачонага дапамагчы падлічыць. У мяне быў кавалер з Залесся, які дужа мне падабаўся і хацела за яго замуж. І ён да мяне сімпатыю праяўляў — на танцы запрашаў і да дому праводзіў. Але ж прысніла зусім іншага хлопца, з нашай вёскі. У нас яго хурманёнкам дражнілі. Ён тады наогул з'ехаў з нашай вёскі і невядома было, ці вернецца. Таму вельмі здзівілася, калі ў сне ўбачыла яго. Прыснілася, што ён прыйшоў да мяне і цэлую жменю цукерак насыпаў. Напэўна, купіў за мае грошы (усміхаецца).

Варыянтаў даведацца пра мужа ў галавенчыцкіх прыгажунь заўсёды было шмат. Мяне наперабой інструктуюць, як трэба кідаць валёнак, куды класці галёшы, як па дровах даведацца, быць табе ў пары або не. Альбо можна з сяброўкамі кінуць па аладцы сабаку, чыю ён першую схопіць, тая першая і замуж пойдзе. У Галавенчыцах яшчэ забаўляліся тым, што ноччу стукаліся да патэнцыйных нявест у вокны. Калі адкажа «хто там?», застанецца сядзець у дзеўках. А калі дазволіць — «ідзі», значыць, хутка сваты прыйдуць.

Успомнілі сяброўкі і кур'ёзны выпадак, калі іх здымала тэлебачанне і яны на заказ варажылі. Насыпалі некалі кучак зерня ў хаце і прынеслі пеўня — чыё зерне першае клюне, тая, маўляў, першая і замуж пойдзе. Адкуль яму ведаць, што ў «нявест» ужо ўнукі падраслі.

— А певень пастаяў і ні разу не клюнуў. Падумаў, напэўна, вось старыя зусім з глузду з'ехалі, — смяюцца жанчыны.

На вёсцы не сумна

З нагоды сустрэчы з карэспандэнтам «Звязды» Данілаўна надзела матчын андарак у клетачку і падперазалася фартухом з вышыўкай. А Сцяпанаўна надзела вышываную кашулю з сімвалічнымі кветачкамі. Жанчыны захоўваюць не толькі народную творчасць, але і апранаюцца па «модзе» тых часоў.

— Калядныя песні пра вячоркі мы таксама спявалі, — кажа Данілаўна. — А калі аб'ядналіся ў калектыў, яны сталі часткай нашага рэпертуару. У мяне цэлы сшытак быў песень, магчыма 500, а то і болей. Разам з тэкстамі запісвала і імёны тых, хто нам іх даваў. Большую частку надыктавала жыхарка нашай вёскі Марыя Петрачэнка. Мы не пераставалі здзіўляцца, як шмат яна іх ведае.

— Мы ўжо ў 1959 годзе сталі лаўрэатамі абласнога конкурсу, 100 рублёў прэміі атрымалі, — усміхаецца Данілаўна, якая з 1972 года была нязменным кіраўніком калектыву. — Нас двойчы здымала тэлебачанне. Першая кінастужка называлася ў духу нашай размовы «У калядныя вечары», другая — «Жорсткі раманс». Я гэты раманс пачула ў 1958 годзе, калі гасціла ў брата пад Ленінградам. Ён мне запомніўся.

Яна пачынае спяваць, і атрымліваецца гэта ў яе так душэўна і чулліва, быццам яна пра свой лёс расказвае. І голас такі аксамітны, цягучы — амаль як у Русланавай. Ён, дарэчы, дастаўся ёй у спадчыну ад маці, якая спявала ў мясцовай царкве на клірасе.

— На Хрышчэнне мы заўсёды туды хадзілі. Старыя людзі казалі, што ў нас спачатку была драўляная царква, але Пётр Першы забраў яе ў Лясную, і нам цагляную пабудавалі. Прыгожая была, словамі не перадаць. Але падчас Вялікай Айчыннай у яе снарад трапіў, засталіся адны падвалы. Цяпер на гэтым месцы крыж.

Размова плаўна пераходзіць на іншыя тэмы, пра апошніх жыхароў вёскі, пра абыякавасць маладых да родных каранёў. Напэўна, калі б не неабходнасць паспець на рэйсавы аўтобус, мы б яшчэ доўга так размаўлялі. Тым больш што адпускаць мяне не жадалі катэгарычна. Запрашалі пакаштаваць спецыяльна прыгатаваныя стравы для каляднага стала. І хоць так смачна выглядалі той халадзец і катлеты з тоўчанай бульбай, прыйшлося адмовіцца. І пакуль ехала да Магілёва, не пераставала здзіўляцца, якое ж насычанае ў гэтых жанчын жыццё. Кажуць, што на вёсцы сумна. Але цяпер я дакладна ведаю, што тут усё залежыць выключна ад самога чалавека.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: «Суджаны-згоджаны, прыйдзі да мяне прыбраны...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.