Вы тут

Кірыл Шымко: Каханне такое шматграннае...


Жанчынам заўсёды цікава ведаць, што думае пра каханне моцны пол. «Алеся» вырашыла падысці да пытання вельмі літаральна і распытаць пра гэта аднаго з самых моцных мужчын Беларусі, рэкардсмена — паўэрліфтара, чыё імя тройчы ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса, Кірыла Шымко.


— Вар'яцкія ўчынкі ў імя кахання...

— Так, іх увесь час трэба рабіць. Бо яны выклікаюць буру пачуццяў і эмоцый з абодвух бакоў.

— Жанчыны падобныя на...

— Загадку. Ці разгадаюць мужчыны яе калі-небудзь? Адвечнае пытанне. Цяпер жанчына адна, праз пару гадзін яна зусім іншая... Мы не паспяваем за вамі!

— Каханне — гэта...

— Вострае эмацыянальнае пачуццё прыхільнасці адно да аднаго. Каханне такое шматграннае! Можна сказаць, гэта сукупнасць розных іншых пачуццяў. Яно складаецца, па-першае, з клопату. Калі вам нешта падабаецца, вы будзеце старацца беражліва захоўваць гэта і падтрымліваць у добрым стане, няхай гэта будзе матацыкл або жаночая сумачка, любімы кубак і г. д. З людзьмі гэтак жа: вам ніколі не будзе ўсё роўна, што з каханым чалавекам.

Па-другое, з жалю. Калі вы любіце, вы шкадуеце. Напрыклад, сваё дзіця ці каханую дзяўчыну. Вы заўсёды будзеце аберагаць іх ад чагосьці непажаданага.

Па-трэцяе, з уважлівасці. Вы будзеце ўважлівыя да сваіх блізкіх, прыкмячаючы ў іх любыя змены.

Па-чацвёртае, з цікавасці. Вам заўсёды будзе цікавы чалавек, калі вы яго любіце.

Па-пятае, з матывацыі. Любыя людзі матывуюць рухацца наперад.

І, нарэшце, па-шостае, з захаплення. Вас не перастане захапляць аб'ект натхнення.

— Самае прыцягальнае ў жанчынах — гэта...

— Сексуальнасць. Мужчыны любяць вачыма, гэтага ніхто не адмяняў.

— Што не пасуе ні адной жанчыне?

— Надзяваць маску, гуляць, дэманструючы не тое, што яна ёсць на самай справе, завышаць сабе цану. У большасці выпадкаў мужчыны гэта бачаць. Але некаторыя жанчыны ўмеюць гэта хаваць, і мужчыны не могуць разабрацца, як сябе паводзіць.

Таксама жанчынам не трэба мацюкацца і курыць, асабіста мяне гэта вельмі адштурхоўвае.

— Вядома, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. А да сэрца жанчыны?

— Праз пачуцці. Мужчына прымітыўны і зразумелы, яго няцяжка разгадаць. У адносінах ён гуляе ў гульні, прыдуманыя жанчынай, пастаянна нешта ёй даказваючы. А жанчыне важна ўсё глыбока адчуць, так задумана прыродай.

— Жанчына павінна быць слабай і безабароннай, або гэта неабавязкова?

— Жанчына спрадвеку выступае не толькі захавальніцай ачага, але і дадаткам да мужчыны, яго важнай часткай. Але не дамінуючай. У некаторых рэчах жанчыны мацнейшыя, яны больш вынослівыя, напрыклад. Але для гарманічнага развіцця сям'і дамінаваць павінен мужчына. Бываюць выключэнні, але дамінанта жанчыны — дрэнны складнік.

— Найлепшы падарунак для мужчыны — гэта...

— Каштоўны не падарунак, а стаўленне. Таму калі хочацца нешта падарыць, гэта павінна быць тое, што зачэпіць вас дваіх. Напрыклад, майму сябру жонка на Новы год падарыла дзіця (смяецца).

А калі сур'ёзна, гэта можа быць невялікі сямейны фільм, сабраны з адрэзкаў вашых падарожжаў, або футболка са зразумелым для вас дваіх надпісам, ці нават фота. Можа, банальна, але каштоўнасць — у прыцягальнасці жанчыны і мужчыны, а ўжо адлюстраваць гэта можна як заўгодна.

— Зараз сярод дзяўчат існуе трэнд на атлетычныя мышцы. Гэта добра ці вы за натуральную прыгажосць цела?

— Прыгожае, пругкае і падцягнутае цела — гэта заўсёды добра для здароўя, сексуальна і прывабна. Але калі на целе недастаткова тлушчу, гэта ненатуральны стан арганізма. Рэльефнае, абязводжанае цела — гэта ненармальна, трэба сачыць за сваім здароўем.

— Ці ёсць нешта такое, чаго нельга рабіць для жанчыны да вяселля?

— Я б не раіў рабіць дарагія падарункі, тады адносіны выходзяць на ўзровень карысці. Напрыклад, у такім выпадку можна разглядаць мужчыну, ацэньваючы яго фінансавы патэнцыял. Мужчына ж не разглядае жанчыну як сродак узбагачэння, яму важныя яе знешнасць, яе каштоўнасці, яе каханне. А калі задорваць, то як быццам купляеш яе...

— Што больш прыемна: клапаціцца пра каго-небудзь ці калі клапоцяцца пра цябе?

— Калі ты любіш — і тое, і іншае мае значэнне. Бо шчырыя адносіны ў наш час такая раскоша. На жаль, каштоўнасці змяніліся, на першы план выйшлі грошы. Яны абараняюць і даюць свабоду, але не даюць шчасця. Таму так цяжка нам ацаніць тое, што дасталася не за грошы. Напрыклад, здароўе. Мы нараджаемся з ім і не шануем яго, а калі яно пагаршаецца, калі адчуваеш боль і дыскамфорт, калі б'ешся за тое, каб быць здаровым, ужо па-іншаму глядзіш на гэтыя рэчы. Тое ж з клопатам і любоўю: часта іх пачынаюць цаніць, калі страчваюць.

Пажаданне жанчынам

— Дарагія дамы! Я жадаю вам знайсці Каханне. Калі сустрэнеце свайго чалавека, глядзіце не на тое, колькі ў яго матэрыяльных каштоўнасцяў, а на тое, як ён да вас ставіцца. Імкніцеся да сапраўдных пачуццяў. Не забывайце, што, аддаючы, вы будзеце атрымліваць. Грошы... сёння яны ёсць, а заўтра няма. Калі вы заробіце іх у пары, яны прынясуць куды больш шчасця. Таму спачатку важна знайсці таго, хто заўсёды будзе побач і падтрымае вас. Любіце шчыра!

Кірыл Шымко — беларускі спартсмен-асілак, рэкардсмен Беларусі па сілавым мнагабор'і, тройчы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса.

Яго першая ўнікальная акцыя: з напарнікам Паўлам Сарокам зрушылі з месца і працягнулі на шэсць з паловай метры чыгуначны састаў з пяці вагонаў агульнай масай 250 тон. Затым удваіх з Паўлам Сарокам яны зрушылі з месца і працягнулі больш чым на тры метры самалёт Іл-76, маса якога складае 150 тон.

У 2009 годзе ўстаноўлены першы рэкорд, удастоены занясення ў Кнігу Гінеса: Кірыл Шымко разам з Паўлам Сарокам зрушылі з месца савецкі танк Т-34 вагой 30,9 тоны на адлегласць больш за 5,10 метра.

Неўзабаве Кірыл Шымко падчас шоу ў рэжыме рэальнага часу ўстанавіў новы сусветны рэкорд: у прысутнасці некалькіх тысяч гледачоў зрушыў з месца і працягнуў 55-тонны кар'ерны самазвал «БелАЗ». Трэці рэкорд для Кнігі Гінеса быў устаноўлены ў 2015 годзе: Кірыл у адзіночку зрушыў і працягнуў на адзін метр 43,5 сантыметра вежавы кран вагой 118 тон.

Яшчэ адно незвычайнае сілавое шоу — на аэрадроме «Ліпкі» верталёт Мі-26 вагой у 35 тон Кірыл цягнуў 20 метраў. Дарэчы, менавіта гэты верталёт здымаўся ў фільме «Моцны арэшак-5» з Брусам Уілісам у галоўнай ролі.

«Мне шмат хто кажа, што сваімі дасягненнямі я каму-небудзь што-небудзь даказваю, — каментаваў пасля шоу Кірыл Шымко. — Мне гэта зусім не трэба. Такія падзеі прыцягваюць шмат увагі людзей, і гэта матывацыя, прыклад для тых, хто захоча займацца спортам, весці здаровы лад жыцця і развівацца ў сілавым мнагабор'і. Безумоўна, для мяне важныя і эмоцыі, якія нічым не заменіш. Гэта прыемныя эмоцыі!»

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?