Вы тут

Парады гаспадыням


Салата «Пяшчотная»

Спатрэбіцца: свежая пекінская капуста — 200 г, кансерваваная кукуруза — 3 ст. л., свежы агурок (сярэдніх памераў) — 1 шт., свежая морква — 1 шт., зубчык часнаку, маянэз, соль — на смак.

Капусту нашаткаваць і паціскаць рукамі. Агурок нарэзаць тонкай саломкай. Моркву надзерці на бурачнай тарцы, зубчык часнаку здрабніць.

Усё змяшаць і заправіць маянэзам, пасаліць пры неабходнасці.

Курыныя катлеты з сырам

Спатрэбіцца: яйкі — 2 шт., курынае філе — 2 шт.; маянэз — 3 ст. л., мука — 50 г, цвёрды сыр — 150 г, пару галінак кропу, соль і перац на смак.

Курынае філе нарэзаць невялікімі кубікамі, змяшаць яго з надзёртым на буйной тарцы сырам і здробненым кропам. Дадаць да філе яйка, маянэз, муку, соль і перац.

Масу, якая атрымалася, паставіць на 2—3 гадзіны ў халадзільнік. Можна нават з вечара падрыхтаваць, а раніцай смажыць катлеты.

Нагрэць патэльню, дадаць алей, выкладваючы лыжкай фарш, смажыць катлеты, як аладкі, з двух бакоў да гатоўнасці.

Калі катлеты гатовыя, выкласці іх на папяровы ручнік, каб пазбавіцца ад лішкаў тлушчу.

Падаваць гарачымі з любімым гарнірам ці соусам.


Сродак для чысткі з апельсінавых скурак

Ліманен, які змяшчаецца ў лупіне цытрусавых, валодае ўласцівасцю чысціць. Таму даволі часта гэтае рэчыва сустракаецца ў складзе натуральных экалагічных сродкаў для ўборкі. Такі сродак мы можам прыгатаваць і самі. Ён называецца апельсінавы воцат.

Спатрэбіцца: паўлітровы слоік; лупіна ад 2—3 вялікіх апельсінаў; бутэлька воцату.

Слоік знутры высцілаем апельсінавымі скуркамі, каб увайшло як мага больш. Затым запаўняем ёмістасць воцатам, пакрываючы скуркі цалкам. Шчыльна закаркоўваем і адпраўляем слоік у цёмнае прахалоднае месца на два тыдні. Потым працэджваем.

Універсальны ачышчальнік гатовы! Перад выкарыстаннем яго разводзяць вадой 50:50. Апельсінавым воцатам можна мыць усё. У спалучэнні са звычайнай харчовай содай ён добра чысціць нават грыль і духоўку.


Догляд за валасамі зімой

У зімовы перыяд валасы найбольш пакутуюць ад частых перападаў тэмператур. Каб іх зберагчы, а таксама падтрымаць здароўе і прыгажосць, прытрымлівайцеся правілаў зімовага догляду за валасамі.

Выпівайце ў дзень каля двух літраў вады для падтрымання водна-солевага балансу.

Сілкуйце і ўмацоўвайце валасы пры дапамозе натуральных масак у хатніх умовах. Для ўмацавання можна зрабіць наступную маску: натрыце на дробнай тарцы невялікую моркву, дадайце да яе 5—6 кропель рыцыны, 1 ч. л. смятаны або вяршкоў, а таксама трохі моцнага чаю. Нанясіце на скуру галавы і валасы на 40 хвілін пад плёнку і ручнік. Змыйце цёплай вадой і шампунем для свайго тыпу валасоў.

Выкарыстанне прасаў, фенаў, плойкі скараціце да мінімуму. Пад уздзеяннем высокіх тэмператур валасы губляюць натуральную прыгажосць, становяцца ломкімі і сухімі. Калі валасы непаслухмяныя, а вы не ўяўляеце, як абысціся без дапаможных прыбораў, выкарыстоўвайце эфектыўны бальзам ці тэрмаабаронны спрэй. Адмоўцеся на час ад заколак і тугіх гумак.

Спецыялісты рэкамендуюць мыць галаву па меры забруджвання. Вада павінна быць цёплай, бо гарачая разбурае і сушыць структуру воласа, правакуючы яшчэ большае выдзяленне сальных залоз. Перад нанясеннем бальзаму, кандыцыянера або маскі злёгку прамакніце валасы ручніком.

Дадайце ў сваё меню арэхі, зяленіва, кісламалочныя прадукты.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.