Вы тут

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця музея Адамовіча


Так шмат ужо напісана пра музей Адамовіча ў Глушы, што калі б з літарак можна было скласці будынак, ён, напэўна, атрымаўся б на некалькі паверхаў. Але ні мы, ні чытачы не губляем надзеі, што ён будзе. Вось і чарговы званок таму пацвярджэнне. «Гэта Мікалай Якаўлевіч Карповіч, — прагучала ў тэлефоннай трубцы. — Я — ураджэнец Глушы, але зараз жыву ў Віцебску. Хачу падзякаваць газеце за такі цудоўны праект. Малайцы, што падымаеце гэтую тэму. Музей павінен быць. Ён стане ўшанаваннем памяці для ўсіх глушанцаў».


Калі чалавек за некалькі дзён да Новага года думае пра будучае музея ў маленькай Глушы, напэўна, гэта сапраўды важна.

Тая самая аптэка

Пакуль размаўлялі з Мікалаем Якаўлевічам, высветлілася, што ён сям'ю Адамовічаў ведае не па кніжках.

— Я 1937-га года нараджэння, жывы сведка гісторыі пасёлка. Бацька Алеся Адамовіча быў урачом, а я часта хварэў, і ён мяне ратаваў. Мая старэйшая сястра Любоў Якаўлеўна, а нас у сям'і было пяцёра, падчас вайны працавала ў аптэцы, разам з маці Алеся Адамовіча — Ганнай Мітрафанаўнай. Яшчэ адна сястра Алена была сувязной партызанскага атрада. Яе выдаў сусед-паліцай. Дзве мае сястры прайшлі канцлагер — адна Асвенцім, другая Бухенвальд. Трэцюю таксама хацелі сагнаць у Германію, але гэтаму перашкодзілі бабруйскія падпольшчыкі.

Мікалай Якаўлевіч збіраецца перадаць будучаму музею ўспаміны сваёй старэйшай сястры і ўсе яе ўзнагароды, у тым ліку памятны медаль вязня Асвенціма. Яна была выдатнікам народнай асветы, вяла актыўнае грамадскае жыццё. У архіве Карповіча захаваліся артыкулы пра жыхароў пасёлка, якія таксама шмат чаго могуць расказаць пра мінулае. «Збіраюся сёлета з'ездзіць у Глушу на сустрэчу выпускнікоў, — падзяліўся ён сваімі планамі. — Школу скончыў у 1955 годзе, шмат цёплых успамінаў засталося. У нас былі вельмі моцныя матэматыкі, і мне прывілі любоў да гэтага прадмета. Дзякуючы яму ў мяне і сёння цудоўная памяць. Добра памятаю сваё дзяцінства, вайну».

Апошнія сведкі з рамана

Успомнілася таксама, як у адну з апошніх маіх паездак у Глушу сустрэліся мы з Зінаідай Гарнастай, дачкой героя адамовіцкай дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» — падпольшчыка Лісіцына, у жыцці Івана Рыгоравіча Гарнастая. Дачка доўга расказвала пра тыя жахлівыя гісторыі, якія перажыў у першы год вайны яе бацька. Як ён пайшоў на фронт, як трапіў у палон, як спрабаваў збегчы. Аднойчы ў яго гэта атрымалася. Пешшу ішоў болей месяца з Украіны. Зранены, знямоглы, але ж дабраўся. А калі крыху падлячыўся, заняўся падпольнай работай у тыле ворага. З яго дапамогай было здзейснена шмат дыверсій.

Яшчэ адзін прататып — дзед Ляшчун, у кнізе — Лясун. «Жыў да вайны ў Навінках на хутары, быў сувязны, вывозіў на кані сем'і партызан у лес, — прыгадвае Зінаіда Іванаўна героя. — Памятаеце эпізод, калі стары, каб зайсці ў аптэку і перадаць інфармацыю ад партызан, паваліўся на зямлю і енчыў, быццам ад болю ў жываце? І немцы паверылі, што ў яго прыступ. Вось гэта ён і ёсць. Вельмі хітры быў стары. У яго засталіся дзве дачкі, але жывыя яны ці не, я нават не ведаю.

Ёсць у творах Адамовіча і не вельмі станоўчыя прыклады паводзін тутэйшых жыхароў. І хоць пісьменнік адкрыта не ўказваў на іх, яны самі сябе пазнавалі. Зінаіда Гарнастай успамінае, як аднойчы яе выклікалі ў сельсавет па адной скарзе. Адзін з пазнаўшых сябе напісаў ліст уладам, што Адамовіч не заслугоўвае таго, каб яго памяць увекавечылі. Напісаў, што ён абгаварыў яго — чэснага чалавека. Прыехала шмат правяраючых, высвятлялі, што і як, але скарга не пацвердзілася.

— Адамовіч у рамане практычна ўсіх глушанцаў згадаў, але тых людзей ужо і на свеце няма, — уздыхае Зінаіда Іванаўна. — І нават іх дзеці або раз'ехаліся, або паўміралі. Сёння некаторыя жыхары нават і не ведаюць, хто такі Алесь Адамовіч і якое ён мае дачыненне да Глушы. Ужо тры пакаленні з тых часоў змянілася. Ды і прыезджых стала шмат.

Дык што там, з музеем?

Пра музей гаворка ішла яшчэ падчас пахавання пісьменніка ў Глушы. Сёлета, дарэчы, спаўняецца чвэрць стагоддзя з таго маманту. Летась, дзякуючы ініцыятыве бабруйскага актывіста Андруся Архіпенкі, у пасёлку з'явіўся арт-прыпынак, прысвечаны Адамовічу, і былі сабраныя грошы на помнік пісьменніку. Плануецца, што ён будзе ўстаноўлены сёлета. У Бабруйскім райвыканкаме вітаюць яшчэ адну ініцыятыву Андруся — стварыць грамадскую маладзёжную арганізацыю, якая зможа ўзяць на сябе абавязкі па рэканструкцыі будынка аптэкі пад музей.

— Зараз мы вывучаем юрыдычныя нюансы. Будзем удзячны, калі неабходныя спецыялісты ў гэтым пытанні далучацца да нас. Трэба вызначыцца, колькі грошай спатрэбіцца на праектна-каштарысную дакументацыю. Шукаем архітэктара, які зможа даць парады, моладзь, якая актыўнічае ў сацыяльных сетках і зможа прасоўваць нашы планы праз інтэрнэт. Мяркуем стварыць у Глушы такі музей, які стане адначасова культурна-грамадскім цэнтрам па развіцці пасёлка, месцам сустрэч творчай моладзі.

20 студзеня Андрусь са сваімі сябрамі плануе сабрацца ў антыкавярні ў Бабруйску і запрасіць усіх, каму неабыякавы лёс музея Алеся Адамовіча. Наталля Адамовіч ужо атрымала запрашэнне на гэтую сустрэчу.

— Мне вельмі прыемна, што ў Бабруйску з'явілася суполка маладых людзей, якім цікава не толькі творчасць, але і справа ўвекавечання памяці Алеся Адамовіча. Дзякуй ім за неабыякавае стаўленне да майго бацькі, — прызнаецца яна.

Наталля Адамовіч атрымала запрашэнне яшчэ на адно мерапрыемства, звязанае з імем яе бацькі. Сёлета ў Расіі ўрачыста адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння вядомага расійскага пісьменніка Данііла Граніна і 40-годдзе з моманту першага выдання «Блакаднай кнігі», напісанай ім у суаўтарстве з Алесем Адамовічам. У верасні — месяцы, калі пачалася блакада, у Санкт-Пецярбургу адбудзецца канферэнцыя-выстаўка, прысвечаная юбілейным датам. А летась «Блакадная кніга» была перавыдадзеная ў Германіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: Жывыя старонкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».