Вы тут

XXVІ Мінская кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе пад дэвізам «Больш чым кнігі»


XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая збярэ гасцей і ўдзельнікаў з 6 да 10 лютага 2019 года, пройдзе пад дэвізам «Больш чым кнігі». 3000 квадратных метраў выставачнай плошчы, звыш 300 экспанентаў, 35 краін-удзельніц, больш чым 30 старонак праграмы мерапрыемстваў і каля 60 тысяч чаканых наведвальнікаў — тыя лічбы, якія ўжо сёння характарызуюць будучы форум.


«Каб прывабіць і зацікавіць не толькі прафесіяналаў кніжнага рынку, але таксама шырокае кола наведвальнікаў — патэнцыйных чытачоў, мы пастараліся ўзяць усё найлепшае, напрацаванае за папярэднія 25 гадоў», — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ. Так,на цэнтральным стэндзе Міністэрства інфармацыі ўжо традыцыйна будзе прадстаўлены праект «У пошуках страчанага», упершыню рэалізаваны Уладзімірам Ліхадзедавым 15 гадоў таму: адноўлены па старажытных чарцяжах друкарскі станок XVІ стагоддзя, калекцыя рэдкіх кніг, газет і часопісаў; арыгінал кнігі Францыска Скарыны «Малая падарожная кніжыца» 1522 года выдання, электронную версію якога можна будзе пагартаць і нават паспрабаваць прачытаць.

Акрамя правераных часам схем, пры падрыхтоўцы да выстаўкі задзейнічаны і новыя фарматы. Так, у першы дзень работы выстаўкі возьме старт арт-праект «Мірны танк», прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі — 75 мірным гадам жыцця: інсталяцыя будзе збірацца з... кніг, якія кожны ахвотны можа прынесці з сабой ці набыць на кірмашы. Пасля закрыцця форуму сабраныя кнігі, дарэчы, плануецца перадаць у дзіцячыя і медыцынскія ўстановы.

Асноўным мерапрыемствам другога дня выстаўкі стане V Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», удзел у якім возьмуць больш як 50 аўтараў з 25 краін; таксама будзе шырока прэзентавана выданне «У рытме імклівых гадоў...», прысвечанае 100-годдзю маладзёжнага руху ў Беларусі. Сярод знакавых падзей трэцяга дня выстаўкі — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і падвядзенне вынікаў конкурсу «Мы робім па-людску?!», у якім беларусы праз СМС-галасаванне выбіраюць найлепшую айчынную кнігарню. Чацвёрты дзень арганізатары плануюць прысвяціць дзіцячай літаратуры — і не толькі адкрыць вялізную інтэрактыўную зону для маленькіх гасцей форуму, але і правесці мноства захапляльных літаратурных квэстаў, майстар-класаў, тэатралізаваных пастановак, а таксама падвесці вынікі акцыі «Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў», зладжанай сумесна Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам адукацыі Беларусі. Нарэшце, у заключны дзень выстаўкі будуць адзначаныя дыпломамі найлепшыя экспазіцыі.

Зрэшты, адметнасць сёлетняй выстаўкі не толькі ў кніжных мерапрыемствах, але і ў цэлым шэрагу падзей вакол кніг, якія ахопліваюць значна большую колькасць удзельнікаў. Пра што гаворка? Напрыклад, пра тое, што ў дні правядзення форуму ў беларускіх кінатэатрах, на тэлеканалах, у тэатрах будуць дэманстравацца фільмы і спектаклі, пастаўленыя паводле вядомых кніг. Ва Усіхсвяцкім храме-помніку пройдзе тэматычная выстаўка і будзе зладжана дыскусійная пляцоўка аб ролі кнігі ў фарміраванні культуралагічнай, духоўнай і маральнай складовай развіцця грамадства. Пры падтрымцы Мінгарвыканкама ўпершыню па маршруце ад станцыі метро «Няміга» да выставачнага комплексу плануецца запусціць адмысловы «паэтычны аўтобус», у якім будуць дэкламавацца вершы — магчыма, у выкананні лаўрэатаў конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Яшчэ адна навінка выстаўкі — тэматычны гастратыдзень, на якім наведвальнікі змогуць ацаніць не толькі літаратурныя творы, але і стравы, прыгатаваныя паводле кніжных апісанняў (крыніцай натхнення для арганізатараў стала, у прыватнасці, «Новая зямля» Якуба Коласа, багатая на «смачныя» апісанні).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Кнігі як нагода для сустрэчы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.